Судзьдзя Брысіна адмовіла Паўлу Севярынцу ў сустрэчы з маці і сьвятаром

29 красавіка 2011 09:23  |  Галоўныя навіны

Судзьдзя суду Заводзкага раёну Менска Жана Брысіна, якая 11 траўня, будзе весьці судовы працэс над сустаршынёй аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Паўлам Севярынцам, адмовіла яму ў сустрэчу з маці і сьвятаром.

 

Так, на просьбу аб сустрэчы з маці, яна адказала. Што “ў адпаведнасьці з арт.369 КПК Рэспублікі Беларусь дазвол на сустрэчу даецца старшынёй пасьля абвяшчэньня прысуду”.

 

Як паведаміла маці палітыка Тацяна Севярынец, на просьбу аб сустрэчы сына са сьвятаром судзьдзя адказала, што” ў кампэтэнцыю суду Заводзкага суду не ўваходзіць прыняцьце рашэньняў пра сустрэчу зьмешчаных пад вартай са сьвятаром”.

 

Нагадаем, сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Павал Севярынец падчас мінулай выбарчай кампаніі быў кіраўніком штаба іншага сустаршыні БХД, кандыдата ў прэзідэнты Віталя Рымашэўскага. Севярынец быў затрыманы ў ноч пасьля выбараў і ўвесь гэты час знаходзіцца ў СІЗА КДБ, так званай «амерыканцы». У турме Павал рашуча адмаўляецца даваць паказаньні.

 

Разам з Севярынцам будуць судзіць Ірыну Халіп і Сяргей Марцалева. Усіх абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу). Судзіць Паўла Севярынца і іншых абвінавачаных будзе судзьдзя Жана Брысіна.

Болей навін