Кастусь Севярынец: Не веру ні пракурору, ні суддзі

30 красавіка 2011 09:20  |  Навіны

Суд па справе зняволенага лідэра БХД Паўла Севярынца распачнецца 11 траўня ў 10 гадзін у судзе Заводскага раёна Менска (пр. Партызанскі, 75a. Працэс будзе весці суддзя Жанна Брысіна. Кастусь Севярынец, бацька сустаршыні аргкамітэта па стварэнні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі сказаў, што будзе прысутнічаць на судзе, каб пабачыць сына, але ў справядлівасць разгляду справы не верыць:

 

“У тое арганізаванае шоў наконт падзей 19 снежня я не веру. Я не веру ні пракурору, ні суддзі – гэта статысты. Нехта там сказаў пасадзіць, каб перапужаць насельніцтва і яны будуць саджаць – яны не самастойныя, гэта не спецыялісты, і не суддзя там, і не пракурор, ніхто. Я гляджу працэсы, якія праходзяць і бачу, што яны слухаюць толькі тое, што ім кажуць з высокіх кабінетаў. Я вельмі ўсцешаны, што побач з маім сынам будуць сядзець прыстойныя людзі – Іра Халіп і Сярожа Марцалеў. Гэтым людзям я веру. Спадзеваў у мяне ніякіх – няхай яны не думаюць, што я спужаўся альбо я – песіміст. Не, я – аптыміст. Вернецца ім усё гэтае – потым.”

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Павел Севярынец, вядомая журналістка, жонка кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава – Ірына Халіп і сябра каманды кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Стакевіча – Сяргей Марцалеў, чые справы чамусьці аб’ядналі разам, абвінавачваюцца па частцы 1 артыкула 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

 

Спачатку яны абвінавачваліся па артыкуле аб масавых беспарадках, пакаранне па якім прадугледжвае да 15 год пазбаўлення волі, аднак артыкул быў зменены на больш мяккі.

Болей навін