Прыхільнікі БХД узялі ўдзел у гістарычным з’ездзе Хрысціянска-дэмаркатычнай партыі Нарвегіі (KrF) – фота
З 29 красавіка па 1 траўня бягучага году ў Тронхейме праходзіў нацыянальны з’езд Хрысціянска-дэмакратычнай партыі Нарвегіі. Партыя была заснавана ў 1933 годзе. З 1997 па 2005 год былы лідэр KrF, Х’ел Магнэ Бундэвік (Kjell Magne Bondevik), займаў пасаду прэм’ер-міністра Нарвегіі. У 2005 годзе партыя набрала толькі 6,8 % галасоў на парламенцкіх выбарах і перайшла ў апазіцыю.
На цяперашнім з’ездзе быў абраны новы лідэр партыі – Кнуд Арыльд Харэйдэ (Knut Arild Hareide), былы міністар навакольнага асяродзя, цяпер – дэпутат парламента Нарвегіі. Ён змяніў на гэтай пасадзе Дагфіна Хойбротэна (Dagfinn Høybråten), які ўзначальваў партыю з 2004 года.
Таксама з’езд прыняў гістарычнае для KrF рашэнне, адмяніўшы забарону на ўнясенне зменаў у параграфы 1 і 2 партыйнага ўставу, якія змяшчаюць патрабаванне, што толькі свядомыя хрысціяне могуць абірацца на выбарчыя пасады партыі. Зараз змены ў гэтыя параграфы могуць быць унесены пры ўмове, што за іх прагаласуюць 2/3 дэлегатаў нацыянальнага з’езду. Чакаецца, што параграфы 1 і 2 будуць абмяркоўвацца на наступным нацыянальным з’ездзе ў 2013 годзе.
З’езд KrF прыняў шэраг рэзалюцыяў, датычных розных сфераў палітычнага, сацыяльнага і эканамічнага жыцця Нарвегіі. У форуме прымалі удзел прадстаўнікі Цэнтрысцкага дэмакратычнага інтэрнацыяналу (Centrist Democrat International), сястрынскіх партыяў з Беларусі і Фінлядыі.
Партую «Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя» на з’ездзе KrF прадстаўляла лідэрка Маладых Хрысціянскіх Дэмакратаў Любоў Каменева, якая перадала віншаванні БХД новаму кіраўніцтву KrF.
У сваю чаргу лідэры і сябры KrF засведчылі, што будуць і надалей надаваць пільную ўвагу развіццю сітуацыі ў Беларусі, і выказалі падтрымку БХД, асабліва яе сустаршыням Паўлу Севярынцу і Віталю Рымашэўскаму, былому кандыдату ў прэзыдэнты Беларусі, якія паўстануць перад судом у пачатку траўня 2011. Іх абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным ўдзеле у іх (частка 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу) у сувязі з мірнай маніфестацыяй пратэсту 19 снежня 2010 года.