У Беларусі адзначылі Радаўніцу

03 мая 2011 18:01  |  Навіны

У Беларусі ў аўторак 3 траўня – выходны дзень звязаны з Радаўніцай, велікодным памінаннем памерлых, якое заўсёды адбываецца ў дзявяты дзень пасля Вялікадня.

 

Радаўніца – адно з некалькіх гадавых памінанняў памерлых у Праваслаўнай царкве. Выключнасць гэтага палягае ў тым, што яно адбываецца неўзабаве пасля свята Пасхі. Хрысціяне звязваюць «Радаўніцу» з «радасцю», якую прынесла Уваскрэсенне Хрыстовае і дзеляцца гэтай радасцю з памерлымі, якіх яно тычыцца у першую чаргу.

 

На Радаўніцу вернікі ўдзельнічаюць у агульнай паніхідзе, падчас якой падаюць святару для зачытання запіскі з імёнамі сваіх памерлых блізкіх. Затым наведваюць загадзя прыбраныя магілы, просяць святара адслужыць ліцію за памерлых і асвяціць магілу. Пры гэтым вернікі запальваюць на магілах свечкі і кладуць велікодныя, фарбаваныя яйкі, асноўны атрыбут Вялікадня і сімвал уваскрэсення.

 

Адгалоскам паганскіх звычаяў з’яўляюцца пачастункі з велікодных страваў, неаднойчы з гарэлкай. Царква настойліва заклікае весці сябе на могілках прыстойна, і заміж пакідаць стравы на магілах, рэкамендуе падзяліцца прадуктамі з беднымі.

Болей навін