Пачатак працэсу над Рымашэўскім: цісканіна ля суду, абразы, затрыманьні

05 мая 2011 12:07  |  Галоўныя навіны

У судзе Фрунзэнскага раёна Менска распачаўся суд над сустаршынём БХД, былым кандыдатам у прэзыдэнты Віталём Рымашэўскім, а таксама іншым кандыдатам у прэзыдэнты Уладзімерам Някляевым, маладафронтаўкай Настай Палажанкай і сябрамі кампаніі “Гавары праўду” Сяргем Вазьняком, Андрэем Дзьмітрыевым і Аляксандрам Фядутам. Ля суда перад пачаткам працэса сабралася ня менш за 200 чалавек, у ліку якіх было шмат сябраў аргкамітэту БХД. У вузкіх дзьвярах утварылася цісканіна. Супрацоўнікі міліцыі і спецслужбаў паводзілі сябе вельмі груба.

У залю, разлічаную на 72 чалавекі пускалі толькі саміх абвінавачаных, журналістаў, прадстаўнікоў амбасадаў і самых блізкіх сваякоў. Астатніх міліцыянты і супрацоўнікі суда ледзь не гвалтам адціскалі ад дзьвярэй. Не пусьцілі нават жонку Рымашэўскага Насту з дачкой Евай і цешчу, вядомую паэтку Галіну Каржанеўскую. Бацьку і брата Віталя пусьцілі пазьней,паставіўшы прыстаўныя крэслы.

Тым ня менш, перад пачаткам суда у залю свабодна прапусьцілі чатырох чалавек, якія назваліся ветэранамі. А ў самой залі апынуліся нейкія студэнты, якія паселі ў некалькі шэрагаў. Яны адмаўляюцца распавесьці, з якой ВНУ і чаму тут знаходзяцца. Рымашэўскі папрасіў усіх саступіць месца яго родным, якія не змаглі патрапіць у залу суда, аднак ніхто зь іх не крануўся зь месца.

 
А перад дзьвярыма суда адбываліся жахлівыя рэчы. Міліцыянты адціскалі ўсіх людзей ад увахода, спрабавалі сарваць бел-чырвона-белую стужачку з шыі маці зьняволенага сустаршыні БХД Паўла Севярынца Тацяны Яўгенаўны. Цешчы Віталя Рымашэўскага, паэтцы Галіне Каржанеўскай мілінцыянт сказаў, што цешча – ня блізкі сваяк і пачаў распавядаць ёй непрыстойныя показкі пра цешчаў. Сябра аргкамітэта БХД Вадзіма Маеўскага спрабавалі затрымаць толькі за тое, што ён зьняў караценькае відэаінтэрвію з Віталём Рымашэўскім перад пачаткам працэсу.

 

Калі сябры аргкамітэту БХД, хрысьціяне розных канфесіяў, сабраўшыся ў кола, сталі маліцца за ўсіх і ўсё, што адбываецца ў судзе, разганяць іх прыйшоў асабіста палкоўнік Яўсееў.

 

Нагадаем, Віталю Рымашэўскаму і ўсім іншым абвінавачаным па справе акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году, якіх судзяць разам зь ім, паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу інкрымінуецца “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”, што караецца максімальным тэрмінам у тры гады пазбаўленьня волі.

Болей навін