У Бабруйску 5 траўня пачалі судзіць Яўгена Васьковіча

05 мая 2011 15:28  |  Навіны

У Бабруйску 5 траўня ў 10-30 распачаўся суд над бабруйскім сябрам аргкамітэту БХД Яўгенам Васьковічам Яўгенам Васьковічам, а таксама Арцёмам Пракапенкам і Паўлам Сырамолатавым, якіх абвінавачваюць у падпале будынка мясцовага аддзялення КДБ (частка 2 артыкул 339 Крымінальнага кодэксу – “Асабліва злоснае хуліганства”). Ім пагражае ад сямі да 12 гадоў турэмнага зняволення.

 

Сябра БХД, журналіст “Бабруйскага кур’ера” Яўген Васьковіч быў затрыманы 17 студзеня ў Магілёве і ад гэтага часу знаходзіцца ў бабруйскай турме. Паводле зьвестак прэс-службы БХД Яўгена пачалі судзіць без адваката. Ягоным адвакатам зьяўляецца вядомы адвакат Аляксандр Галіеў, заняты на палітычных працэсах у Менску, але бабруйскі суд з гэтай нагоды перанесьці адмовіліся.

 

Нагадаем, што невядомыя ў ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 года ў Бабруйску здзейснілі напад на будынак КДБ. Адразу аператыўнікі затрымалі актывіста анархісцкага руху Сяргея Слюсара,  правялі ў яго дома ператрус, аднак затым ён быў вызывалены, паколькі следства не ўстанавіла яго датычнасці да нападу.

 

Аргкамітэт БХД асуджае любыя ўчынкі, зьвязаныя з гвалтоўнымі дзеяньнямі і прытрымліваецца выключна метадаў негвалтоўнага супраціву. У той жа час да таго, як адбудзецца суд і будуць вынесеныя ацэнкі працэсу праваабаронцамі і адвакатамі, няма падставаў лічыць Яўгена Васьковіча вінаватым ў прад’яўленым яму абвінавачваньні.

Болей навін