Першы дзень суда і ўражаньні Рымашэўскага (аўдыё). 6 траўня – працяг

06 мая 2011 06:25  |  Галоўныя навіны

У пятніцу 6 траўня ў судзе Фрунзэнскага раёна Менска (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1/2) працягнецца суд над сустаршынём БХД, былым кандыдатам у прэзыдэнты Віталём Рымашэўскім, іншым кандыдатам у прэзыдэнты Уладзімерам Някляевым, намесніцай старшыні “Маладога Фронту” і сябрай БХД  Настай Палажанкай і трыма кіраўнікамі кампаніі “Гавары праўду”.  А 10-й гадзіне судовы працэс распачнецца з допыта Рымашэўскага. Сябры БХД заклікаюць усіх сваіх прыхільнікаў і проста неабыякавых людзей, усіх, хто мае такую магчымасьць прыйсьці ў суд і падтрымаць іх.

Працэс вядзе судзьдзя Жанна Жукоўская, якая патрапіла ў сьпіс невыязных у краіны Еўразьвяза пад  нумарам 153. 

Гэты працэс адрозьніваецца ад ранейшых судоў за Плошчу тым, што  падсудныя сядзяць не ў клетцы, а проста ў залі, маюць магчымасьць размаўляць адзін з адным, са сваякамі і журналістамі. Хаця далёка ня ўсе нават сваякі абвінавачаных змаглі патрапіць у залю праз тое, што яна была запоўненая невядомымі маладымі людзьмі. У прыватнасьці, у залю доўга пускалі бацьку і брата Віталя Рымашэўскага.

У першы дзень суда пасьпелі толькі зачытаць абвінавачваньні ўсім удзельнікам працэсу, а таксама дапытаць Сяргея Вазьняка і Аляксандра Фядуту.  Судзьдзя Жукоўская, параіўшыся сама з сабой, не задаволіла ўласны адвод, заяўлены Настай Палажанкай, а таксама некалькі хадайніцтваў.  

Адвакат Віталя Рымашэўскага падаў хадайніцтва аб выкліку ў якасьці сьведак некалькіх чалавек, у тым ліку сустаршыняў БХД Георгія Дзмітрука і зьняволенага ў СІЗА КДБ Паўла Севярынца. Але пракурор палічыў задавальненьне такога хадайніцтва немагчымым на гэтым этапе, і судзьдзя пагадзілася з ацэнкай пракурора.

 

Ня былі задаволеныя і хадайніцтвы адваката Ўладзіміра Някляева аб замене хатняга арышту на падпіску аб нявыезьдзе, нягледзячы на згоду на гэта пракурора Кажэўнікава, а таксама аб спыненьні разбіральніцтва па справе Някляева з-за адсутнасьці складу злачынства.

Жукоўская таксама не дала дазвол на фота і відэаздымкі, хаця ўсе абвінавачаныя пагадзіліся на гэта. Але пракурор заявіў, што здымкі будуць перашкаджаць аб’ектыўнасьці працэсу. 

У інтэрвію Віталь Рымашэўскі падзяліўся сваімі ўражаньнямі ад першага дня працэсу:

 

 

 

 

Аўдыёінтэрвію Радыё “Свабода”

Другое ўражаньне — я мала разумею, што я раблю на адной лаве падсудных зь Някляевым, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком, бо большая частка зачытанага абвінавачаньня проста ніяк ня тычыцца мяне. Калі з Настай Палажанкай мы яшчэ разам ішлі з Прывакзальнай плошчы да Кастрычніцкай, то можна зразумець і аб’яднаць справу ў адну. Я ня маю ні вялікага настрою, ні жаданьня слухаць падрабязнасьці кампаніі “Гавары праўду”. “

Нагадаем, Віталю Рымашэўскаму і ўсім іншым абвінавачаным па справе акцыі пратэсту 19 сьнежня 2010 году, якіх судзяць разам зь ім, паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу інкрымінуецца “Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх”, што караецца максімальным тэрмінам у тры гады пазбаўленьня волі.

Рымашэўскі заклікае тых, хто быў 19 сьнежня на Плошчы, стаць сьведкамі абароны, у прыватнасьці, засьведчыць, што:

– на Плошчы ніякіх агрэсіўных намераў ня было і акцыя пратэсту насіла выключна характар;
– хрысьціянскія дэмакраты заўсёды казалі, што яны супраць беспарадкаў, супраць гвалту, заклікалі да  ўдзельнікаў акцыі і супрацоўнікаў сілавых структураў да міру;
– выхад на прасьпект арганізавалі не кандыдаты ў прэзідэнты;
– Рымашэўскі, Севярынец, а таксама іншыя абвінавачаныя не ўзначальвалі калону, якая ішла па праезжай частцы, а ішлі бліжэй да яе канца.

Калі вы гатовыя засьведчыць пра гэта ў судзе, ці ведаеце іншыя факты, якія могуць засьведчыць несапраўднасьць абвінавачваньня, зьвяжыцеся па тэлефоне 8-029-167-34-35 (вэлкам). Не мірыся з хлусьнёй, стань сьведкам!

Болей навін