ОНЛАЙН: Другі дзень суда над Рымашэўскім: “Рабіў усё ад мяне залежачае, каб пазбегнуць наступстваў для людзей”

06 мая 2011 10:35  |  Галоўныя навіны

Сёння на нашым сайце вядзецца онлайн рэпартаж з залі суда.

 

Сачыце за абнаўленьнем:

 

10.00

 

Рымашэўскі выгнаў з залы суда БТшнікаў. Незалежныя журналісты падтрымалі гэты ўчынак.

 

10.05

 

Пачалося паседжанне, паказанне дае Віталь Рымашэўскі. 

 

10.07 – 10.47

Рымашэўскі пацьвердзіў, што прызнае віну часткова. Дае тлумачэньні.

Згодны, што заклікаў людзей на плошчу. Лічыць, што яго заклікі выйсьці на плошчу не былі законнымі, прынамсі пасьля тэлефанаваньня пракурора. Але да вынясеньня папярэджаньня заклікі былі законнымі, бо Віталь і сябры яго каманды лічылі 19 сьнежня часткай перадвыбарчай кампаніі, напрацягу якой мерапрыемствы заяўляюцца за 3 дні.

 

Перайшоў з расейскай мовы на беларускую. Запытаўся, ці разумее судзьдзя і пракурор, на што судзьдзя злосна папярэдзіла пра немагчымасьць задаваць пытаньні суду.

Арганізавалі дружыну, каб не дапусьціць правакацыяў. Папярэдзіў усіх, што акцыя носіць мірны характар. На Кастрычніцкую плошчу рушылі па ходніках. На плошчы была вялікая колькасьць народу.

Рымашэўскі лічыць, што калі ў нас дэмакратычная краіна, то кожны мае права на выказваньне сваіх меркаваньняў. Зачытвае фрагмэнт з абвінавачваньня на расейскай мове. Судзьдзя просіць размаўляць на адной мове. Там зачапіўcя за фразу “заведама непраўдзівыя патрабаваньні”. Кажа, што такіх патрабаваньняў не было.

Кажа, што ніхто не зьбіраўся груба парушаць грамадзкі парадак, як напісана ў абвінавачваньні. Настойвае на тым, што акцыя павінна быць мірнай ад самага пачатку. Рымашэўскі пытаецца, што суд лічыць парушэньнем грамадзкага парадку?

Паводле Рымашэўскага, кандыдаты, якія сабраліся на ганку Палацу прафсаюзаў, раіліся, як і дзе выступаць, бо на плошчы грымела папсовая музыка. Ніякіх заклікаў міліцыі не было чуваць. Казалі пра тое, што можна пайсьці да адміністрацыі прэзыдэнта і выказаць нязгоду там. Але гэта была ідэя не Рымашэўскага, а нейкага іншага кандыдата. Ён кажа, што калі выйшлі на плошчу, разумелі, што трэба скаардынаваць дзеяньні ўсіх кандыдатаў.

Далей пачаўся рух. Ен ня йшоў першым, і ягоны рух таксама ня быў у першых шэрагах.

Зь відэаматэрыялаў Рымашэўскі бачыў, што прарывалі ачапленьне людзі, якія сёньня не прыцягнутыя да адказнасьці. Спачатку быў рух да Адміністарцыі, але ён спыніўся. Рымашэўскі кажа, што хутчэй за ўсё там было яшчэ адно ачапленьне. Людзі сталі рушыць да плошчы Незалежнасьці. Ен прасіў міліцыянтаў давзоліць рух па праезднай частцы, бо там былі падземныя пераходы.

У раёне кінатэатра “Цэнтральны” ён паспрабаваў дагнаць галаву калёны, каб даведацца, што будуць рабіць далей. Дагнаў каля Чырвонага касьцёлу. Там было некалькі выступаў, але месца нязручнае – шкляныя падлогі.

Калі ён падыйшоў да Дома ўраду, там ужо білі шкло. Ен спрабаваў спыніць гэтыя дзеяньні. Уваход шырокі да Дому ўраду, у іншых месцах працягвалі біць. Ен пайшоў па дапамогу да сваіх людзей, каб дапамаглі спыніць біцьцё. Не разьлічваў, што пакараньні потым будуць такія суровыя. Не хацеў, каб дзеяньні стваранай партыі БХД потым асацыяваліся зь такімі дзеяньнямі.

Ён застаўся на прытупках, каб размаўляць з камандзірам АМАПу, але атрымаў двойчы дубінкай па галаве. Яго павялі ў бок машыны, каб аказаць дапамогу. Але гэта была ня хуткая дапамагоа, а міліцэйская машына. Калі ўбачыў, што спэцназ пачаў разганяць людзей, заклікаў спыніцца.

Рымашэўскі лічыць, што было толькі спыненьне транспарту на кароткі час. Астатняе, кшталту стратаў Макдональдза – надуманае. Кажа, што падзел людзей на апазыцыю і міліцыю штучны. Кажа, што заклікаў у тэлевыступе іншых кандыдатаў сабрацца і скаардынаваць дзеяньні, каб быць кансалідаванымі. Разумее, што асобна ні ён, ні нехта адзін зь іншых кандыдатаў, паасобку, ня мог каардынаваць парадак на плошчы.

Дружына трымала парадак у ягонай калёне, пацьверджаньне таму тое, што кіраўнік дружыны Кабанчук на волі, ён таксама даваў паказаньні. Рымашэўскі кажа, што забароны зьбірацца на плошчы не павінна быць. Да таго ж, там бываюць мерапрыемствы нават з продажам сьпіртнога. Лічыць нармальным, калі на цэнтральнай плошчы зьбіраюцца людзі пад сваімі сьцягамі. Права зьбірацца на сходы, выказваць свае думкі ёсьць у кожнай цывілізаванай краіне.

Адзначае, што ад самага пачатку намеры былі мірныя. Узгадвае іншыя акцыі БХД 2010 года, якія прайшлі без затрыманьняў і парушэньня парадку.

Рымашэўскі лічыць, што галоўным у судовай практыцы павінна быць роўнасьць усіх перад законам. У 2001 годзе пасьля выбараў таксама быў нават захоп Палацу прафсаюзаў. А сёньня па крымінальнай справе праходзіць бальшыня кандыдатаў у прэзыдэнты. Да ўсіх удзельнікаў плошчы можна было абмежавацца адміністрацыйнымі пакараньнямі.

Радыё Свабода

 

10.55 

 

 

Пачаліся пытаньні: 

“Адчуваю маральную адказнасьць перад Богам, людзьмі і сваякамі асуджаных за тое, што адбылося на плошчы. Рабіў усё ад мяне залежачае, каб пазбегнуць наступстваў для людзей”

 

Пракурор задае пытанне: Ці падавалася заяўка? Віталь кажа, што асабіста не рабіў гэта, займаліся іншыя.

Рымашэўскі кажа, што зьбіраліся падаваць заяўку за 3 дні ( падчас выбарчай кампаніі можна за 3 дні). Але ім адказалі, што 19 сьнежня – ужо не перадвыбарчы дзень.

 

11.03

 

Як вы зьбіраліся кіраваць людзьмі, каб забясьпечыць грамадскі парадак.

Мы арганізавалі дружыну. І гэтая дружына забясьпечвала грамадскі парадак па шляху ад вакзала да Кастрычніцкай плошчы. Але на плошчы ў гэтай дружыны ня было ўжо магчымасьці гэта зрабіць. На плошчы Незалежнасьці я заклікаў хрысьціянскіх дэмакратаў падысьці да трыбуны і ўвайсьці ў дружыну.

 

11.10

 

Пракурор: Пра што размаўлялі з супрацоўнікамі Даі, што ён казаў?

Ён казаў, што трэба ісьці на ходніках, але я тлумачыў, што гэта ўжо ня мае сэнсу, бо людзі пайшлі далей.

 

11.13

 

Пракурор: Ці мог хадзіць транспарт? Рымашэўскі: часткова

Пракурор: У чым вы часткова прызнаеце віну? Рымашэўскі: я ні ў якім выпадку не арганізоўваў дзеяньні, якія накіраваныя на грубае парушэньне грамадскага парадку, не адмаўляю заклікаў на плошчу. Што датычыць размовы з супрацоўнікам ДАІ, калі вы лічыце, што гэта не падпарадкаваньне, дык няха будзе так.

 

11.18

 

Пытаньні абароны: ці планавалі вы зрываць працу транстпарту, арганізацыяў грамадсткага харчаваньня і гэтак далей, бо арганізацыя дзеяньняў парушае планаваньне загадзя

Рымашэўскі: не планавалі

Судзьдзя: вы меркавалі, што вашыя дзеяньні маглі пацягнуць беспарадкі

Рымашэўскі: меркаваў

Судзьдзя: Як вы меркавалі гэта спыняць

Рымашэўскі: заклікамі да спыненьня беспарадкаў, з дапамогай дружыны

Судзьдзя: тобок сваім аўтарытэтам

Рымашэўскі: так, у сваю чаргу і сваім аўтарытэтам

Абаронца: праграма партыі БХД дазваляе зьдзяйсьняць супрацьпраўныя дзеяньні

Рымашэўскі: супрацьпраўныя дзеяньні бываюць розныя, але дактрына нашай партыі адназначна супраць гвалтоўных дзеяньняў

Згодна з хрысьціянскімі прынцыпамі мы павінны змагацца са злом, а не з чалавекам, бо чалавек можа пакаяцца

 

11.25

 

Абаронца Някляева: падчас гэтага мітынга, калі зьяўляецца інфармацыя, што спадар Някляеў зьбіты і дастаўлены ў шпіталь, якія пачуцьці гэта выклікала ва ўдзельнікаў мітынга

Рымашэўскі: вельмі адмоўныя. Я даведаўся пра гэта па дарозе на Кастрычніцкую, ня ведаў, ці ён жывы ўвогуле, і мог меркаваць, што такія ж дзеяньні могуць быць і супраць мяне

Абаронцы іншых кандыдатаў: вы былі разам з іншымі абвінавачанымі. Ці чулі вы, што Дзьмітрыеў заклікаў да супрацьпраўных дзеяньняў

Рымашэўскі: Ня чуў і ня бачыў. Бачыў падчас мітырнгу ля Палаца прафсаюзаў, а падчас шэсьця і на Плошчы Незалежнасьці ня чуў і ня бачыў.

 

11.30

 

Абаронцы іншых кандыдатаў: Калі вы заклікалі пракурора прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу, якая мэта была гэтага

Рымашэўскі: Мы не зьбіраліся правакаваць супрацьпраўныя дзеяньні, але калі ўлады папярэджвалі пра гэта, значыць маглі быць правакацыі, мы запрашалі пракурора, каб спыніць іх, забясьпечыць законнасьць

Абаронцы іншых кандыдатаў: як паўплывалі зьвесті пра зьбіцьцё Някляева на паводзіны людзей

Рымашэўскі: людзі былі вельмі раззлаваныя

 

 

Віталь Рымашэўскі скончыў даваць паказаньні адказваць на пытаньні. Ён трымаўся ўпэўнена, выступаў на беларускай мове, нават вучыў ёй пракурора.

 

11.33 – 11.51

 

Пачаў даваць паказаньні Андрэй Дзьмітрыеў. Ён кажа, што прызнае віну часткова. У ягонай дзейнасьці ёсьць эпізоды непадпарадкаваньня, заклікі да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Аднак шмат з чым Дзьмітрыеў ня згодны. Праект, які распрацоўвала кампанія “Гавары праўду”, ніколі не ўтрымліваў мэты парушаць грамадзкі парадак. Кампанія займалася грамадзкімі акцыямі, якія не вялі да парушэньня парадку. Але пазьней пачалася іншая кампанія – вылучэньне Ўладзімера Някляева кандыдатам у прэзыдэнты. Але ня ўсе сябры “Гавары праўду” пайшлі ў тую кампанію за Някляевым.

Кампанія “Гавары праўду” – зусім іншы працэс. Плянаваліся зусім іншыя сцэнары.

Выбары 2001 і 2006 гадоў завяршаліся плошчай. Таму мы меркавалі, што гэтыя выбары таксама закончацца плошчай. Але гэта проста разуменьне разьвіцьця падзеяў.

Дзьмітрыеў кажа, што выбары прызнаюцца згодна з міжнароднымі стандартамі. Гэта не залежыць ад меркаваньняў таго ці іншага кандыдата. “Гавары праўду” ніколі не заклікала да ўвядзеньня візавых санкцыяў.

“Мы за тое, каб у дачыненьні Беларусі не было ніякіх санкцыяў. Някляеў да гэтага ніколі не заклікаў, рашэньне пра санкцыі прымаецца пэўнымі краінамі, без уліку меркаваньня Някляева, Дзьмітрыева ці іншых”, – кажа Дзьмітрыеў.
Ён адзначае, што “Гавары праўду” – сацыяльная кампанія, ніхто не атрымліваў прыбытку.

“Па мэтадалёгіі бізнэсу мы толькі аналізавалі эфэктыўнасьць, што рабілі правільна, што не. Папярэдне не было дамоўленасьці зь іншымі кандыдатамі, што мы будзем рабіць на плошчы. Абмяркоўвалі пытаньні бясьпекі, тое, што плошча павінна быць мірнай”, – кажа Дзьмітрыеў.
Радыё Свабода

 

Дзмітрыеў гаворыць вельмі гучна і хутка. Суддзя Жукоўская папрасіла яго прамаўляць марудней, каб сакратарка паседжання паспявала весці пратакол.

 

Дзмітрыеў распавёў, што штаб Някляева спрабаваў падчас падрыхтоўкі акцыі 19 снежня скантактавацца з праваахоўнымі органамі, але ім параілі звярнуцца пасля 20 снежня.

 

Кажа, што народ проста не мог ісці па ходніках ад Кастрычніцкай да Плошчы Незалежнасці, настолькі шмат было людзей. Кажа, што лепш зарабіць адміністрацыйнае парушэнне, чым паўтарыць трагедыю, падобную на Нямігу-1999.

 

Дзмітрыеў таксама заявіў, што кампанія ГП не фінансавала працу штаба Някляева.

“Наша Ніва”

 

12.15 

 

“Усе ведалі, што мітынг будзе несанкцыянаваным, але ён ўсё адно адбудзецца. Някляеў хацеў гэта абмеркаваць з праваахоўнымі органамі, але ўсе казалі, маўляў, давайце зробім гэта пазьней. Мы падрыхтавалі дружыну, якая павінна была рушыць ад офісу. У нас была адна праблема: як зрабіць плошчу мірнай. Мы разумелі, што калі зьбярэцца вялікая колькасьць людзей, будуць праблемы з рухам транспарту. Мы хацелі аб гэтым пагутарыць з уладамі. Пад час самой акцыі ДАІ не перашкаджала руху. Калі ішлі пасьля нападу на Някляева, нас было няшмат, і мы не парушалі правілаў. Ішлі на зялёнае сьвятло і гэта было магчыма. Але на плошчу ішло вельмі шмат народу. І калі б яны пайшлі ў падземны пераход, магла б здарыцца трагедыя,” – кажа Дзьмітрыеў.

Дзьмітрыеў кажа, што выбарчая кампанія Някляева не фінансавалася кампаніяй “Гавары праўду” і Расеяй. Інакш, ЦВК бы заўважыла. Ён распавядае, што ўся атрыбутыка рабілася за кошт выбарчага фонду. Ніякая атрыбутыка адмыслова для плошчы не выраблялася, выкарыстоўваліся рэсурсы і атрыбутыка, якія ўжо былі. Паплечнікі Някляева не хацелі ніякіх сілавых захадаў, а хацелі дамовіцца.

Дзьмітрыеў прызнае, што заклікаў прыхільнікаў сабрацца на мітынг. Прызнае, што з вуліцы Калектарнай з гукаўзмацняльнай апаратурай хацелі рушыць на плошчу. Апаратура патрэбна была, найперш каб захоўваць правапарадак.

Дзьмітрыеў кажа, што на Калектарнай не дазволіў супрацоўніку ДАІ агледзець машыну. Тлумачыць гэта эмацыйным фонам. Кажа, што апаратуру трэба было захаваць, каб правесьці менавіта мірную акцыю. Яны асьцерагаліся, што калі канфіскуюць апаратуру, то ня будзе магчымасьці кантраляваць сытуацыю.

Дзьмітрыеў адзначае, што ўвечары 19-га сьнежня яны ўжо ведалі, што выбарчая кампанія праведзена са значнымі парушэньнямі заканадаўства. Менавіта таму заклікалі прыйсьці на плошчу, каб паразмаўляць, выбары былі легітымнымі ці не. Папярэдне пасьля выбараў зьбіраліся менавіта на Кастрычніцкай плошчы, таму туды і прыйшлі людзі.

Дзьмітрыеў прызнае, што на мітынгу 19 сьнежня ён выступаў перад людзьмі, бо Някляеў за паўгадзіны да гэтага быў зьбіты. Я абавязаны быў распавесьці, што адбылося насамрэч.

“Радыё Свабода”

 

12.30 

 

Андрэй Дзьмітрыеў адказвае на пытаньні.

Адмаўляецца адказваць на пытаньне пракурора пра яго абавязкі ў кампаніі “Гавары праўду”. Кажа, што гэта ня мае дачыненьня да справы.

Адвакат Тамара Сідарэнка пярэчыць пракурору.

Пракурор пытаецца, якія варыянты разьвіцьця падзеяў абмяркоўваліся па-за межамі Беларусі.

Дзьмітрыеў кажа, што не памятае – даўно было.

Пракурор пытаецца, ці абмяркоўваліся варыянты разьвіцьця падзеяў зь іншымі кандыдатамі.

Адвакат просіць удакладніць пытаньне.

Пракурор распытвае менавіта пра абмеркаваньне па-за межамі Беларусі.

Дзьмітрыеў кажа, што не памятае.

Пракурор пытаецца, адкуль паступіла прапанова ўдзельнічаць у выбарчай кампаніі Някляева і калі гэта было.

Дзьмітрыеў кажа, што запрасіў сам Някляеў. Летам ці ўвосень.

Пракурор пытаецца пра абавязкі Дзьмітрыева.

Дзьмітрыеў распавядае, што быў кіраўніком штабу, займаўся агульнымі накірункамі. Праводзіў сустрэчы з выбарцамі.

Пракурор пытаецца, якім чынам Дзьмітрыеў заклікаў людзей на плошчу.

Дзьмітрыеў адказвае, што праз інтэрнэт, на сустрэчах, на мітынгу на плошчы Свабоды.

Пракурор пытаецца, якім чынам распаўсюджваліся агітацыйныя матэрыялы і ці аплачваўся распаўсюд.

Андрэй кажа, што валянтэры распаўсюджвалі дабрачынна.

Пракурор пытаецца; ці былі заклікі прыйсьці на плошчу пасьля вынясеньня афіцыйнага папярэджаньня.

Дзьмітрыеў адказвае, што так. Перакананы, што ёсьць гістарычныя моманты, калі трэба выказваць сваю грамадзянскую пазыцыю. Ён адзначае, што Някляеў ня раз запрашаў абмяркоўваць пытаньні бясьпекі разам, у тым ліку зьвяртаўся да праваахоўных органаў з тэлеэкрану.

“Радыё Свабода”

 

12.53 

 

Дзьмітрыеў распавядае, як рыхтаваліся выйсьці са штабу. Пачалі арганізоўваць людзей, было чалавек 70. Ня ведае, хто займаўся гукаўзмацняльнай апаратурай; арандавалі аўтамабіль актывісты менскага гарадзкога штабу. Баяліся правакацыяў, таму акружылі аўтамабіль з апаратурай.

Пракурор пытаецца пра падзеі на вуліцы Калектарнай.

Дзьмітрыеў распавядае, што міліцыянты ў форме папрасілі паказаць, што знаходзіцца ў аўтамабілі.

Дзьмітрыеў спрабаваў зрабіць так, каб яны не змаглі агледзець. Ён кажа, што яны з Някляевым не хацелі паказваць, што там. Магчыма, гэта было на павышаных танах. Далей ззаду пачуліся выбухі, а людзі паспрабавалі адсунуць машыну. Дзьмітрыеў сказаў супрацоўніку ДАІ: “Мы зараз вашу машыну аднясем на руках”.

Ён не адразу зразумеў, што адбываецца. Людзі ў чорным наляцелі, усіх паклалі тварамі ў сьнег. Ён чуў, як Някляеў крычаў: “Не чапайце людзей!”

Удакладняюць, што стала з мікрааўтобусам, у якім была гукаўзмацняльная апаратура.

Дзьмітрыеў асабіста ня бачыў, як Някляева білі. Потым Някляева паднялі, бо сам устаць ён ня змог. Прыехала карэта хуткай дапамогі, лекары сказалі, што Някляева неабходна шпіталізаваць.

“Радыё Свабода”

 

13.14

 

Аб’яўлен перапынак да 14.00 

 

14.02

 

Судзебнае паседжанне аднавілася.

Вядзецца допыт Насты Палажанкі

 

14.10

 

Яна пачала наступным чынам: “Мне вельмі прыкра, што мы ўсе тут мусім губляць час”. Потым яна адмовілася ад магчымасці выказацца ў вольнай форме і папрасіла пракурора дадаваць пытаннію Пракурор спытаў аб дзейнасці ў МФ. Пра дзейнасць у Маладым фронце Палажанка казаць адмовілася.

Палажанка пракурору: “Сёння ўсё менш трэба тлумачыць людзям, навошта трэба было выходзіць на Плошчу. Я проста дзялілася са знаёмымі сваімі поглядамі”.

“Наша Ніва”

 

Зараз яна адказвае на пытанні адвакатаў.

Яна зазначае, што на Кастрычніцкай плошчы і праспекце Незалежнасці не бачыла ніводнага міліцыянера.

Палажанка: “Я не прызнаю сваю віну таму, што не прадпрымала ніякіх пазазаконных дзеянняў. Больш таго, я не лічу, што нехта з абвінавачаных на гэтым працэсе ў нечым вінаваты”.

 

14:50

 

Палажанка скончыла даваць паказанні. Пачынае Някляеў, ён прамаўляез месца.

 

15.00

 

Някляеў кажа пра залю суду, якая нагадвае тыя, дзе ён сустракаўся зь людзьмі. Мы ўсе трапілі сюды выпадкова — і ён сам, і судзьдзя, і пракурор. Наша грамадзтва стараюцца разарваць. “У возера бераг адзін, і ўсе мы на адным беразе… Удзячны ўсім паплечнікам па кампаніі, адчуваю маральны абавязак перад тымі, каго пасадзілі… Я хацеў адзін узяць віну на сябе. Але патрэбны былі масавыя суды. Калі ён зможа дапамагчы ім, дапаможа”, – сказаў Някляеў.

Някляеў кажа пра залю суду, якая нагадвае тыя, дзе ён сустракаўся зь людзьмі. Мы ўсе трапілі сюды выпадкова – і ён сам, і судзьдзя, і пракурор. Наша грамадзтва стараюцца разарваць. “У возера бераг адзін, і ўсе мы на адным беразе… Удзячны ўсім паплечнікам па кампаніі, адчуваю маральны абавязак перад тымі, каго пасадзілі… Я хацеў адзін узяць віну на сябе. Але патрэбны былі масавыя суды. Калі ён зможа дапамагчы ім, дапаможа”, – сказаў Някляеў.

Някляеў пераходзіць непасрэдна да абвінавачваньняў. Лічыць, што там распавядаецца пра нейкага іншага Някляева. Ён не зрабіў нічога, у чым яго абвінавачваюць. Там усё пра тое, што ён нібыта плянаваў. Узгадвае Дастаеўскага, памкненьні Раскольнікава. Кажа, што каб на ўсіх судовых працэсах дамагаліся б дазнацца праўды, то інцыдэнт са зьбіцьцём кандыдата ў прэзыдэнты быў бы ў цэнтры ўвагі. Някляеў хоча даведацца, хто даваў загад?

Ён зноў вяртаецца да абвінавачваньня, дзе гаворыцца пра праезную частку. Ён кажа, што праезнай часткі там няма. Поперак дарогі ДАІ паставіла машыну. Пытае, гэта нармалёвыя дзеяньні, а калі б ехала машына. Ён адзначае, што яшчэ нічога ня вызначана, а напісана пра незаконныя дзеяньні.

Някляеў выступае вельмі эмацыйна, з адступленьнямі. Узгадвае, як пад час выбарчай кампаніі яго машыну спынялі 21 раз. Таму выснова – яго трэба было затрымаць, пакуль ня скончацца дзеяньні на плошчы. Ён узгадвае “маладога рэжысэра” Генадзя Давыдзьку, які ў сваім фільме паказаў нават зброю.

Някляеў кажа, што 19 сьнежня ў 19.10 выйшаў на вуліцу, а ў 19.17 атрымаў чэрапна-мазгавую траўму. Гэта зафіксавана дакумэнтальна. У абвінавачаньні ўзгадваецца 2009 год, калі не было ні “Гавары праўду”, ні памкненьняў ісьці на выбары. Яго ўдзел ў падзеях 19 сьнежня доўжыўся роўна 7 хвілінаў. Някляеў кажа, што ўступае ня толькі ў сваю абарону, але і ў абарону ўсіх сяброў, і тых, хто сядзіць. Паэт цытуе дакумэнт: “У пэрыяд з 18 лістапада да 18 сьнежня Някляеў заклікаў людзей высьці на плошчу”.

“Дзе, у якой краіне прэзыдэнцкая кампанія доўжыцца месяц?” – пытае Някляеў.

Някляеў разважае наагул пра прэзыдэнцкія выбары. Кажа, што толькі выбары 1994 года былі дэмакратычнымі і непадкантрольнымі ўладам. Ён цытуе Лукашэнку, калі той выступаў перад украінскімі журналістамі і казаў пра 93 %, якія давялося зьменшыць, каб зрабіць праўдападобна. Зноў цытуе Лукашэнку, калі той казаў перад расейскімі журналістамі, што апазыцыйных кандыдатаў падтрымала больш за 1 мільён чалавек.

 

15:11

 

Судзьдзя заклікае Някляева казаць па сутнасьці абвінавачаньня, а не абмяркоўваць вынікі выбараў.

Някляеў кажа, што прыняў рашэньне ісьці на выбары пасьля таго, як вясной мінулага года яго і паплечнікаў арыштавалі. Ён прыводзіць дадзеныя НІСЭПД пра вынікі выбараў: 51,1% набраў Лукашэнка. Гэтую лічбу паублікавала газэта “Советская Белоруссия”.

 

15.32

 

Някляеў скончыў свой выступ, пракурор пачаў задаваць пытанні

 

15.39

 

Фядуце стала дрэнна, у судзе аб’яўлены перапынак на 15 хвілін

 

16:35

 

Самаадчуваньне Аляксандра Фядуты не палепшылася. Спадар Фядута папрасіў судзьдзю працягнуць разгляд справы ў яго адсутнасьць. Судзьдзя Жукоўская пасьля кансультацый з пракурорам і адвакатамі абвясьціла яшчэ адзін перапынак і паведаміла, што па Фядуту прыедзе брыгада хуткай дапамогі.

 

16.40

 

У судзе абвяшчаецца перапынак да 10.00 10 траўня. Фядуту ўвезла хуткая дапамога.

Болей навін