Cуд над Саньнікавым, Васілевічам, Гнедчыкам, Мірзаянавым, Яроменкам. Шосты дзень
6 траўня ў Менску ў судзе Партызанскага раёну працягваўся працэс супраць Андрэя Саньнікава, Ільлі Васілевіча, Алега Гнедчыка, Фёдара Мірзаянава і Ўладзімера Яроменка. Судзьдзя Наталля Чацьвертакова.
Сёння на судзе сьведкам з боку абароны выступіў сябра БХД Вадзім Кабанчук.
Кабанчук сказаў, што ён прыбыў на Плошчу у 20 гадзінаў. Быў на ганку Палаца культуры прафсаюзаў. Сачыў за апаратурай і за агульным парадкам. Ён працаваў у камандзе Рымашэўскага.
Кабанчук кажа, што Статкевіч заклікаў пайсьці да Адміністрацыі, і людзі пачалі рух. Заклікаў разысьціся ён ня чуў – надта гучнай была музыка на Плошчы. Да прарыву ланцугу міліцыі на Кастрычніцкай плошчы заклікалі невядомыя са слухаўкамі ў вушах, кажа Кабанчук.
Біцьцё шкла пачалося, калі людзі толькі пачалі падыходзіць да помніка Леніну, ужо нехта гэта рабіў. “Гэта неяк дзіўна рабілася”, – кажа сьведка.
“На ганку Дома ўраду стаяла некалькі невядомых людзей, акружаныя з усіх бакоў відэакамэрамі, і білі шыбы”, – кажа Кабанчук.
“Была вусная дамоўленасьць паміж кандыдатамі, што рашэньне аб сцэнары плошчы будзе прымацца на самой плошчы. Заклікаў да пагромаў, падпалаў, захопу дома ўраду не было”.
У 18:40 быў абвешчаны перапынак да 10 траўня. Паседжаньне адновіцца а 10-й.