Шпіталізаваны бацька Насты Палажанкі

08 мая 2011 22:57  |  Навіны

5 траўня ўвечары Уладзімір Палажанка злёг з сардэчным прыступам у шпіталь. Сэрца не вытрымала перажыванняў за дачку Насту Палажанку, працэс над якой распачаўся ў гэты ж дзень ў судзе Фрунзенскага раёна Менска разам сустаршынём БХД, былым кандыдатам у прэзыдэнты Віталём Рымашэўскім.

 

Уладзімір Палажанка да абеду 5 траўня прысутнічаў у зале судовых пасяджэнняў. Падчас перапынку Уладзімер Палажанка адправіўся на працу (зараз ён працуе ў прыватнай будаўнічай фірме). Менавіта на працы бацька страціў прытомнасць і яго забрала «хуткая дапамога». Як аказалася, сэрца не вытрымала напругі – з Уладзімірам Палажанка здарыўся сардэчны прыступ.

 

Цяпер Уладзіміру Палажанка стала лепей, аднак лекары не дазваляюць яму нават хадзіць. І ён павінен заставацца ў шпіталі.

 

Нядаўна Ўладзімер Палажанка перанес апэрацыю на сэрцы. Пасьля сьмерці жонкі, якую заўчасна забрала цяжкая хвароба, ён адзін выхоўвае двух дзяцей: Насцю і Сяргея.

 

«Маладафронтаўская» мінулае ўжо змяніла лёс Уладзіміра Палажанка: пасля суду ў траўні 2007 года, калі дачку вінавацілі ў дзейнасці ад імя незарэгістраванай арганізацыі «Малады фронт», яго вымусілі сысці з буйной чыноўніцкай пасады. Сышоў. Але калі да таго да дзейнасці сваёй дачкі ставіўся досыць скептычна, дык пасля тых падзеяў у Насты не ўзнікала непаразуменняў з бацькам па палітычных матывах.

 

Сардэчны прыступ у бацькі, натуральна, адбіўся і на Насце; выглядае, менавіта таму дзяўчына адмовілася ад свабоднага выступу на судзе 6 траўня, як гэта зрабілі Уладзімір Някляеў, Андрэй Дзмітрыеў, Віталь Рымашэўскі.

 

Нагадаем, працэс над намесніцай старшыні “Маладога Фронту” Настай Палажанкай, сустаршынём БХД, былым кандыдатам у прэзыдэнты Віталём Рымашэўскім, іншым экс-кандыдатам Уладзімерам Някляевым, а таксама Андрэем Дзмітрыевым, Аляксандрам Фядутам і Сяргеем Вазняком распачаўся 5 траўня ў судзе Фрунзенскага раёна Менска. Усе шасцёра абвінавачваюцца па частцы 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэкса (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Болей навін