Cёньня працяг суда над Рымашэўскім, заўтра пачатак суда над Севярынцам
Сёньня 10 траўня ў судзе Фрунзэнскага раёну Менску (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1/2) а 10-й гадзіне судзьдзя Жанна Жукоўская працягне працэс над сустаршынём БХД, былым кандыдатам у прэзыдэнты Віталём Рымашэўскім. Заўтра 11 траўня а 10-й у судзе Заводскага раёну г. Менску (Партызанскі праспект, 75а) распачнецца судовы працэс над зьняволеным сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам, суддзя Жанна Брысіна. Таксама сёньня і заўтра ў іншых судах Менска будуць праходзіць яшчэ 3 працэсы над удзельнікамі Плошчы-2010. Сябры БХД заклікаюць усіх сваіх прыхільнікаў і проста неабыякавых людзей, прыйсьці ў суды і падтрымаць палітвязьняў.
Нагадаем, Віталя Рымашэўскага судзяць разам з намесніцай старшыні “Маладога Фронту” Настай Палажанкай, а таксама іншым кандыдатам ў прэзыдэнты Уладзімерам Някляевым і яго прыхільнікамі Сяргеем Вазьняком, Андрэем Дзьмітрыевым і Аляксандрам Фядутам. 10 траўня распачнецца трэці дзень судовага працэсу над імі.
А Паўла Севярынца будуць судзіць разам з журналісткай Ірынай Халіп, жонкай і даверанай асобай кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, і Сяргеем Марцалевым, які падчас мінулай прэзыдэнцкай кампаніі кіраваў выбарчым штабам кандыдата ў прэзыдэнты Міколы Статкевіча.
Сустаршыняў Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі і ўсіх астатніх, каго судзяць разам зь імі, абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх). Ім пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі.
10 траўня акрамя працэсу ў Фрунзенскім судзе адновяцца яшчэ 2 судовыя працэсы над удзельнікамі пасьлявыбарчага пратэсту ў Менску 19 сьнежня 2010 году.
У Партызанскім раённым судзе Менску адновіцца працэс, што цягнецца ўжо больш за тыдзень, супраць былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава, якога судзяць разам з маладафронтаўцам і сябрам БХД Ўладзімерам Яроменкам, а таксама Ільлём Васілевічам, Алегам Гнедчыкам, Фёдарам Мірзаянавым. Саньнікава вінавацяць ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках, яму пагражае да 15 гадоў зьняволеньня. Астатніх абвінавачваюць ва ўдзеле у масавых беспарадках. Паводле часткі 2 артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу, ім пагражае да васьмі гадоў зьняволеньня.
У судзе Маскоўскага раёну Менску пойдзе трэці дзень працэсу над Дзьмітрыем Дароніным, Сяргеем Казаковым, Уладзімерам Лобанам, Віталем Мацукевічам, Яўгенам Сакрэтам, Алегам Федаркевічам. Усе яны абвінавачваюцца ва ўдзеле ў масавых беспарадках.
А 11 траўня акрамя суду над Севярынцам, Халіп і Марцалевым у судзе Ленінскага раёну Менску пачнуць разглядаць крымінальныя справы супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Мікалая Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама супраць Андрэя Пазьняка, Аляксандра Класкоўскага, Аляксандра Квяткевіча, Арцёма Грыбкова, Дзьмітрыя Буланава, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках.