Гомельскія сябры БХД ушанавалі памяць 100 тысячаў загінулых ваеннапалонных (Фота)

10 мая 2011 13:06  |  Навіны

Сярбры гомельскага аргкамітэту БХД і “Маладога Фронту”  9 траўня усклалі кветкі і вянон да месца, дзе ў часы вайны знаходзіўся лагер савецкіх ваеннапалонных. У гомельскім лагеры для ваенапалонных, адным з самых вялікіх на акупаванай тэрыторыі, загінула каля 100 тысячаў чалавек.

 
Але ўлады горада, ды нават іншыя апазіцыйныя актывісты забыліся на ўшанаваньне гэтага месца: усе ўскладалі кветкі да вечанага агню, дзе пахаваныя каля 20 чалавек камісараў-падпольшчыкаў, а на месцы страшнай гібелі ад голаду і холаду дзясяткаў тысячаў простых салдатаў зараз няма нават мемарыяльнай дошкі. Дошка-барэльеф вісела на адміністратыўным будынку фабрыкі “8 сакавіка”, які цяпер рамантуецца, стаіць у будаўнічых лясах і задрапіраваны тканінай. На месцы гібелі людзей зараз стадыён, піўныя шапікі, ладзяцца дыскатэкі і кірмашы.

 

Удзельнікі акцыі ўсклалі на месцы лагеру кветкі і вянок з надпісам “Вечная памяць ахвярам лагера сьмерці ад Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі”, запалілі сьвечкі і адслужылі малебен. У акцыі ўшанаваньня ўдзельнічалі сябры і прыхільнікі БХД Юрась Клімовіч, Алесь Сівакоў, Яўген Якавенка, вядомы бард Андрусь Мельнікаў, маладафронтавец Андрусь Цянюта, усяго каля 15 чалавек. За мерапрыемствам назіралі і вялі відэаздымку прадстаўнікі спецсулжбаў у цывільным.

 

Абласны каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Юры Клімовіч распавёў:

 

– Гэта ваеннапалонныя з групоўкі Чырвонай арміі, якая трапіла ў палон у жніўні 1941 года пад Кіевам. Трапіла ў палон тры арміі – агулам ля 350 тысячаў чалавек. І адна з гэтых арміяў – 100 тысячаў чалавек — была размешчаныя менавіта тут. Немцы не былі нават падрыхтаваныя да такой буйной плыні. Ім не было чым карміць ваеннапалонных. Усяго адзін батальён ахоўваў гэтых 100 тысячаў чалавек, якія паступова загіналі ад холаду і голаду.

 

А ў сябра БХД Алеся Сівакова ў гэтым лагеры для ваеннапалонных, магчыма, загінуў дзед:

 

– На гэтым месяцы быў канцэнтрацыйны лагер савецкіх ваеннапалонных. І ў гэтым лагеры быў мой дзед. Ён не вярнуўся з вайны. І гэтае месца для мяне святое. Таму сёння я ўскладаю кветкі тут.

 

Гомельскія сябры БХД ушанавалі памяць 100 тысячаў загінулых ваеннапалонных (Фота)

Гомельскія сябры БХД ушанавалі памяць 100 тысячаў загінулых ваеннапалонных (Фота)

Гомельскія сябры БХД ушанавалі памяць 100 тысячаў загінулых ваеннапалонных (Фота)

Паводле Радыё “Рацыя” і ўласнай інфармацыі прэс-службы БХД

Болей навін