Пачаўся суд над Паўлам Севярынцам: “Адмаўляюся даваць паказаньні няправеднаму суду!” (фота, відэа, Oнлайн)

11 мая 2011 11:11  |  Галоўныя навіны

11 траўня ў судзе Заводзкага раёну Менску  пачаўся працэс над  трыма ўдзельнікамі падзеў 19 сьнежня. Тут судзяць сустаршыню аргкамітэту  па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” і кіраўніка  перадвыбарчага штаба былога кандыдата ў прэзыдэнты Віталя Рымашэўскага Паўла Севярынца, журналістку, жонку былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыну Халіп і кіраўніка перадвыбарчага штаба былога кандыдата Міколы Статкевіча Сяргея Марцэлева.

 

15.20 -15.25 З чорнага ходу суда па чарзе выводзяць абвінавачаных: спачатку Ірыну Халпі, затым Паўла Севярынца, апошнім Сяргея Марцалева. Каля 10 сябраў аргкамітэту БХД, якія чакалі вываду зьняволеных, віталі іх воплескамі. Калі выводзілі Севярынца, хадэкі віталі яго словамі “Жыве Беларусь! Жыве з Богам!”

 

14.55 Судом абвешчаны перапынак да заўтра да 10 гадзін. 

 

14.52 Севярынец, калі яму далі магчымасьць задаць пытаньне Халіп, толькі заявіў: “Ірына Ўладзіміраўна — вельмі мужная жанчына”.

14.50 Ірына кажа, што не чытала папярэджаньне яе мужу з генпракуратуры: “Мне б перачытаць Томаса Мана. Гэта была такая дробязь на фоне выбараў, што набліжаліся”. Свае 15 сутак за удзел у несанкцыянаванай акцыі я ўжо адсядзела, можа гадоў 10 таму назад. Палажэньні абвінаваўчага заключэньня Ірына назвала надуманымі, тэрміналёгіяй піянэрскага лягеру. У прыватнасьці так яна ацаніла палажэньне абвінавачваньня, што яна сваім прыкладам уцягвала іншых, ідучы наперадзе ў калёне. 

“Адзінае, што я прызнаю, гэта тое, што некаторыя пасажыры аўтобусаў даехалі да сваіх прыпынкаў на 15-20 хвілін пазьней. Але гэтаксама прэзыдэнцкія картэжы спыняюць рух на праспэкце”.

“Я не прызнаю сябе вінаватай. я выконвала свае журналісцкія абавязкі, і выканала іх цудоўна. Я не пакідала свайго мужа і яму са мною было лягчэй”.
Ірына паведаміла, што супраць яе складваўся пратакол аб адміністратыўным правапарушэньні, але далейшага ходу ён не атрымаў. 

14.40 Халіп: “Я ж журналіст, як я магла застацца на Кастрычніцкай плошчы, я не магла кінуць свайго мужа, і я лічу, што калі б людзі не выйшлі на праезную частку, магло б быць кепска. Была б другая Няміга. Падзеі на плошчы Незалежнасьці не ўваходзяць у склад абвінавачваньня халіп, паведаміла адвакат у адказ на роспыты пракурора пра біцьцё шыбаў. Ірына кажа, што бачыла ля дома ўраду толькі сьпіны калег журналістаў. Ірына падрабязна распавядае, як зьбілі і затрымалі яе мужа і яе саму. “Затрымлівалі нас незаконна, не прадставіўшыся нават. Майго мужа зьбівалі нагамі, калі ён ляжаў на зямлі”. Потым толькі ў машыне мне сказалі, што я затрыманая. Да таго незаконна зьбівалі, хаця мы не супраціўляліся.

Абвінавачваньне Ірына назвала абсурдным.

14.30 Пракурор: Для чаго вы заклікалі прыйсьці на плошчу? Халіп: Я наўпрост не заклікала. Згодна з законам і Канстытуцыяй грамадзяне маюць права на выказваньне сваіх думак і меркаваньняў, на мірныя сходы. Калі б мой муж і ня быў палітыкам, я б усё роўна прыйшла на Плошчу. Усе гэтыя гады я хадзіла на мітынгі як журналіст, выконвала заданьні рэдакцыі. Нягледзячы на тое, што я пабывала ў турме, я лічу, што мне пашанцавала, паглядзець працэс знутры — гэта вялікая ўдача для журналіста.

Халіп расказвае, што яна трапіла на плошчу каля 20 гадзін 19 сьнежня разам з мужам. Узьнялася на прыступкі Палаца культуры прафсаюзаў разам з мужам, там, дзе стаялі ўсе кандыдаты. “На гэтым сходзе я не выступала і асабліва не слухала выступоўцаў, бо не было гукаўзмацняльнай апаратуры”.

 

14.20 Дае паказаньні Ірына Халіп. Халіп кажа, што была даверанай асобай А.Санінікава: “Перада мной не было выбару, я была гатовая ва ўсім дапамагаць майму мужу. Спачатку я зьбірала подпісы за ягонае вылучэньне, а потым стала адной з давераных асоб.” “Аб тым, што 19 сьнежня на Кастрычніцкай плошчы зьбяруцца выбаршчыкі і кандыдаты, я даведалася 1 сьнежня з прамых эфіраў кандыдатаў, якія запрашалі на Плошчу. Я асабіста выступала два разы на перадвыбарчых мітынгах у рамках Выбарчага кодэксу. 6 сьнежня я выступала на Прывакзальнай плошчы. Я наўпрост не заклікала, я казала, што мы прыйдзем на Плошчу 19 сьнежня, я казала за сябе і за свайго мужа. Аналягічна я выказвалася 16 сьнежня, казала, што гэты дзень стане для нас днём вялікіх выпрабаваньняў, што нам давядзецца стаяць і чакаць”.

“Я казала, што выбары могуць быць сфальшаванымі. Я гэта не прыдумала, Лукашэнка сам прызнаў, што выбары сфальшаваныя, што ён аддаваў каманду памяняць вынік выбараў. Ня я першая пра гэта сказала, я толькі паўтарыла.”, — кажа Халіп.

14.10 Паказаньні пачала даваць Ірына Халіп.

 

ХаліпЯ магу сказаць некалькі словаў па сутнасьці справы, але ні на якія пытаньні вашыя і пракурора адкаваць адмаўлялюся. Я ні лічу гэты суд справядлівым

 

14.05 Севярынец: Я магу сказаць некалькі словаў па сутнасьці справы, але ні на якія пытаньні вашыя і пракурора адкаваць адмаўлялюся. Я ні лічу гэты суд справядлівым. Гэта не крымінальная справа, а замаскіраваная палітычная. 

 

Судзьдзя: Вызначце сваю пазіцыю – альбо адмаўляецеся даваць паказаньні, альбо павінны будзеце адкавазць на пытаньні пракурора

 

Севярынец: Паказаньні даваць ня буду, бо ўсё, што я магу сказаць можа быць выкарыстана ня толькі супраць мяне, але і супраць шмат каго, паколькі нават наш Госпад Ісус Хрыстос, абвінавачаны ў палітычным злачынстве, адмаўляўся даваць паказаньні няправеднаму суду, паколькі не лічу гэты суд сапраўдным. На працягу 4 месяцаў мне трымалі пад вартай, ня толькі не давалі сустрэцца са сваякамі, а нават не пускалі сьвятара, каб спавядацца і прычасьціцца. Таму я ня буду адказваць ні на якія пытаньні. Ёсьць відэа, дзе бачна, што я рабіў.

 

Судзьдзя: Вы што, хочаце гуляцца з намі?! Суд прыймае вашую пазіцыю, як адмову ад паказаньняў! 

 

14.00 Працэс аднавіўся.  Пасьля перапынку працягваецца допыт сьведкаў. Судзьдзя пытаецца ў Севярынца, ці будзе ён даваць паказаньні.

 

12.50 Ірыну Халіп і Паўла Севярынца на Плошчы Марцэлеў ня бачыў. Выказваньняў аб тым, куды павінна рухацца калёна, ён ня чуў. Марцэлеў заявіў, што ён не пераконваў людзей прымаць удзел у непадпарадкаваньні міліцыі і беспарадках. Ён прызнаў, што праз смс атрымаў зьвесткі пра вынікі апытаньня экзыт-полу на выбарах ад кампаніі Белсат, але ніяк іх ня выкарыстаў, нікому іх не паведаміў. “Я сьвядома прыняў удзел у гэтым мітынгу, таму што лічу, што людзі маюць права выказваць свае перакананьні, я разумеў, што акцыя несанкцыянаваная”, — кажа Марцэлеў.

У паседжаньні аб’яўлены перапынак да 14 гадзінаў

 

12.30 Марцэлеў: апошні раз са Статкевічам размаўляў па тэлефоне ў 23 гадзіны, калі той пацьвердзіў факт свайго затрыманьня. Марцэлеў у канцы сваіх паказаньнях прызнаў: 5 сьнежня 2010 года я сапраўды заклікаў грамадзян на Кастрычніцкую плошчу. Заходзячыся там, я сапраўды выйшаў на праезную частку і дайшоў да плошчу Незалежнасьці.

Маці Саньнікава хоча выйсьці з суду, але міліцыянт яе не пускае.

12.20 Марцэлеў кажа, што не выключаў непрадбачанага разьвіцьця падзей. “На плошчы можа быць горача. Ты ж яго ведаеш”, напісаў тады Марцэлеў сваёй сяброўцы ў скайпе. Марцэлеў кажа, што паведаміў Статкевічу аб тым, што ён магчыма атрымае вынікі незалежнага апытаньня грамадзкай думкі ад Белсату – вынікі экзыт-полу.

Аб падзеях 19 сьнежня падсудны паведаміў, што сустрэўся са Статкевічам каля 12 гадзін, з 13 да 18 ён знаходзіўся ў яго дома, а потым пайшоў на сустрэчу зь Някляевым. У 19.30 Марцэлеў быў у часе інцыдэнту зь Някляевым каля ягонага штабу.

“Раздалася каманда “работаем” і выбухі шумавых гранат і на групу актывістаў напалі невядомыя ў чорным. Я апынуўся на зямлі, пацярпеў ад людзей у чорным, узьняўся убачыў залітага крывёю Някляева, які быў без прытомнасьці”. Пасьля шумавой гранаты цяжка арыентаваўся ў прасторы, але прыйшоў на Кастрычніцкую плошчу, там сустрэў Статкевіча, які кульгаў пасьля інцыдэнту.

“Правядзеньне мірных акцый пратэсту стала традыцыяй у Беларусі, улады ставіліся да іх ляяльна і ні якіх гвалтоўных дзеяньняў не ўжывалі. Я думаю, што так будзе і гэтым разам. Мой удзел у акцыі адпавядаў маім поглядам, майму удзелу ў выбарчай кампаніі і я адчуваў адказнасьць перад людзьмі, якія я заклікаў па радыё прыйсьці на Плошчу”

12.10
Марцэлеў паведаміў, што выступаў у якасьці даверанай асобы кандыдата на паседжаньні ЦВК, прымаў удзел у лёсаваньні дэбатаў на прэзыдэнта на Тут.бай, адказваў за падрыхтоўку і разьмяшчэньне ягонай выбарчай праграмы ў СМІ, і выступаў у радыёдэбатах у сьнежні. “Я як давераная асоба кандыдата у канцы перадачы запрасіў суграмадзян на Кастрычніцкую плошчу для ўдзелу ў мітынгу з нагоды прэзыдэнцкіх выбараў”. Пракурор: вы разумелі, што можа адбыцца ў выніку такога сходу? Марцалеў: Іншых сцэнароў, апрача мірнага сцэнару разьвіцьця падзей, я не прадбачыў”.

Марцэлеў: Мне не было вядома, ці падаваў хто заяўку на мітынг. Думаў, што хтосьці гэта зробіць, каб акцыя была бясьпечнай. сам я такую заяўку не падаваў. Марцэлеў распавёў, што сустракаўся з кандыдатамі і абмяркоўвалі варыянты разьвіцьця сытуацыі. Статкевіч казаў, што нешта плянаваць ня мае сэнсу, бо мы ня ведаем, што прадпрымуць улады, магчыма акцыя будзе сарваная МУС і ўнутранымі войскамі. Ініцыятарам нейкіх іншых сцэнароў разьвіцьця падзей магла быць толькі ўлада, — кажа Марцэлеў.

 

12.00 Адказваючы на пытаньні пракурора, Марцэлеў распавядае, як пазнаёміўся са Статкевічам і як дамовіліся супрацоўнічаць, як сустрэўся зь ім у лістападзе ў кавярні і дамовіліся пра сумесны ўдзел у выбарчай кампаніі. Мова ішла, што Статкевіч будзе зарэгістраваны кандыдатам і абмяркоўвалася, які павінен быць агітацыйны буклет кандыдата. Пракурор: Што мела на ўвазе кіраўніцтва перадвыбарчым штабам? Марцалеў: Я дапамагаў стварэньнем вобразу кандыдата ў СМІ. Я удзельнічаў у тэкставым напаўненьні паліграфічнай прадукцыі кандыдата, якая друкавалася за кошт ЦВК. Пазьней дапамагаў Статкевічу напісаць кандыдацкую праграму. Браў удзел у падрыхтоўцы тэлевыступаў Статкевіча, кажа – “мае парады насілі рэкамэндацыйны характар”.

11.50 Суд пачынае допыт падсудных. Першым дапытваюць Марцэлева. Севярынец стаіць у часе ўсяго працэсу. Марцэлеў паведаміў, што ў часе выбараў быў кіраўніком выбарчага штабу і даверанай асобай кандыдата Статкевіча. Да сакавіка 2010 года ён вучыўся ў Познанскім унівэрсытэце на палітоляга.

Пракурор пытаецца: Чым вы займаліся з сакавіка 2010 года? Марцалеў: На тэрыторыі Беларусі я афіцыйна не працаваў. Пракурор: За кошт чаго вы жылі? Марцалеў: Жыў за кошт ганарараў у СМІ, супрацоўніцтва з грамадзкімі арганізацыямі і за кошт дапамогі сваякоў.

10.43 Марцэлеў сваю віну прызнаў цалкам. Севярынец віны не прызнаў. Халіп таксама віну не прызнала.

11.40 Халіп зачытваюць такія ж стандартныя абвінавачваньні. Згадалі яе выступы на перадвыбарчым мітынгу на Прывакзальнай плошчы, тое, што яна неаднаразова заклікала да ўдзелу ў несанкцыянаваным мерапрыемстве 19 сьнежня. Знаходзячыся на Кастрычніцкай плошчы, Халіп, не дачакаўшыся абвяшчэньня вынікаў выбараў, падтрымала заявы аб недэмакратычнасьці выбараў, “ішла у галаве калёны і асабістым прыкладам вяла іншых за сабою”

 

11.35 Павел Севярынец, на думку пракурора, учыніў такое ж злачынства: у лістападзе-сьнежні ён перад выбарцамі выказваўся пра недэмакратычнасьць выбараў і фальсыфікацыю іх вынікаў і неаднаразова заклікаў выбарцаў на Плошчу. “Працягваючыя свае злачынныя дзеяньні”, 19 сьнежня сустрэўся на вуліцы Ульянаўскай з іншымі асобамі і накіраваўся на Прывакзальную плошчу, адкуль пайшоў на Кастрычнай плошчу, прадпрыняў актыўныя дзеяньні, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, зьвязаныя з непадпарадкаваньнем уладам. Карыстаючыся значнай колькаснай перавагай адцясьнілі супрацоўнікаў міліцыі і выйшлі на праспэкт… Севярынец і іншыя гучна крычалі, свісьцелі, скандавалі розныя лёзунгі.

 

11.25 Пачалося судовае разьбіраньне. Пракурор чытае абвінавачваньне. Сяргею Марцэлеву ставіцца ў віну тое, што ў часе выступу па радыё казаў пра недэмакратычнасьць выбараў і заклікаў выбарцаў прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу і з мэтай прыцягваньня грамадзян рыхтаваў выступы Саньнікава перад выбарнікамі.”Працягваючы свае злачынныя дзеяньні, Марцэлеў сустрэўся з Паўлам Севярынцам і накіраваўся на Кастрычніцкую плошчу Менску,” — чытае пракурор. У выніку злачынных дзеяньняў Марцалева парушаная праца транспарту, устаноў і арганізацыяў — пракурор называе тыя самыя арганізацыі, якія ўжо называліся ў іншых судах і большасьць прадстаўнікоў якіх ужо заявілі, што ня маюць прэтэнзіяў да дэманстрантаў. У тым ліку кажа пра ўпушчаную выгаду Макдональдса — больш за 8 мільён рублёў.

11.15 Судзьдзя адхіліла хадайніцтва аб зьмяненьні меры стрыманьня Халіп. Судзьдзя пры гэтым спаслалася на Крымінальна-працэсуальны кодэкс, і на тое, што ёй ставіцца ў віну злачынства сярэдняй цяжкасьці.

 

 10.45 Пракурор выступіў супраць выкліку новых сьведкаў і супраць зьмены меры стрыманьня Халіп. Ён таксама супраць таго каб, агледзець дыплёмы Халіп да пачатку судовага разьбіраньня. Судзьдзя задаволіла хадайніцтва Севярынца аб выкліку новых сьведках, далучыла да справы характарыстыку на Халіп і пагадзілася агледзець дыплёмы Ірыны. Для вырашэньня пытаньня аб зьмене меры стрыманьня Халіп судзьдзя сышла ў дарадчы пакой. Перапынак.

10.35 Адвакат Халіп хадайнічае перад судом — просіць разгледзець журналісцкія узнагароджаньні Ірыны — у тым ліку прэмію імя Завадзкага, а таксама прэміі з ФРГ, Беларусі, Расеі, сярод іншага прэмію БАЖ за тэкст “Эвангельле ад лукавага”, а таксама расейскую прэмію за цыкл публікацый аб несудовых расправах у Беларусі. А яшчэ далучыць характарыстыку Халіп з месца працы “Новай газэты”.

Адвакат Халіп таксама выступіла з хадайніцтвам аб зьмяненьні Халіп меры стрыманьня з хатняга арышту на падпіску пра нявыезд. Забарона на карэспандэнцыю і сувязь пазбаўляе яе права на выкананьне сваіх прафэсійных абавязкаў, яна пазбаўленая магчымасьці заробку з-за забароны на выхад на вуліцу. Яна пазбаўленая права на перапіску з мужам, якія сядзіць у турме КДБ, — гаворыць адвакатка Халіп. З-за гэтага парушаюцца правы яе трохгадовага сына, які разам з маці адбывае хатні арышт. Прымяненьне хатняга арышту да Халіп зьяўляецца незаконным — заявіла адвакатка.

10.25 Судзьдзя адхіліла адвод Севярынца, бо заяўленыя Севярынцам абставіны не ўваходзяць у пералік абставінаў для адводу суду. Адвакат Севярынца хадайнічае перад судом дапытаць наступных сьведкаў: Шурхай, Садоўскі, Севярынец Тацяна, Каменева, Кабанчук, Чарморцава, Георгі Дзмітрук, Клімовіч, Анішчанка, Мелінец
.
10.10
Падсудным патлумачылі іх правы. Севярынец кажа што ня верыць, што суд будзе справядлівы. Не давяраю судовай сыстэме ў цэлым, зыходзячы са свайго жыцьцёвага досьведу, кажа ён. Севярынец заявіў адвод суду: “Я маю права заявіць, што не давяраю сыстэме правасудзьдзя Беларусі ў цэлым”. Пракурор ня бачыць падставаў для адводу суду. Судзьдзя пайшла ў дарадчы пакой для вырашэньня пытаньня аб адводзе.

10.05 Суд устанаўлівае асобы падсудных .Севярынец адказвае на пытаньні судзьдзі па-беларуску. Севярынец кажа пра месца працы — пісьменьнік. Кажа, што быў адзін раз незаконна асуджаны і вызвалены датэрмінова. Голас у Паўла вельмі спакойны.

Ірына Халіп, уласны карэспандэнт “Новай газэты”, раней не судзімая, пад хатнім арыштам з 29 студзеня. Ірына ня ў клетцы, але побач зь ёю ахоўнікі.

10.00 У залю прайшлі прадстаўнікі амбасадаў ЗША, Польшчы, ФРГ, Літвы, сваякі і прэса. Прадстаўнік абвінавачваньня Жукоўскі, адвакаты: Марцэлева — Чычкова, Севярынца – Мушынскі, Халіп – Бахціна.

9.56 Пасьля фотаздымкаў усю прэсу выгналі з залі. Сказалі, што спачатку запусьцяць сваякоў і сьведкаў, журналістаў пасадзяць, калі будзе месца.

9.52 У залі суду зьявілася Ірына Халіп у атачэньні двух ахоўнікаў

9.45 Заля суду зьмяшчае 45 месцаў. Тут ужо знаходзяцца бацькі і сваякі Паўла Севярынца, Ірыны Халіп, Аляксандра Марцэлева. Паступова прапускаюць астатніх. Але прысутных нашмат болей, чым можа зьмясьціць заля.

 

Пачаўся суд над Паўлам Севярынцам: "Адмаўляюся даваць паказаньні няправеднаму суду!" (фота, відэа, Oнлайн)
Пачаўся суд над Паўлам Севярынцам: "Адмаўляюся даваць паказаньні няправеднаму суду!" (фота, відэа, Oнлайн)
Пачаўся суд над Паўлам Севярынцам: "Адмаўляюся даваць паказаньні няправеднаму суду!" (фота, відэа, Oнлайн)
Пачаўся суд над Паўлам Севярынцам: "Адмаўляюся даваць паказаньні няправеднаму суду!" (фота, відэа, Oнлайн)
Пачаўся суд над Паўлам Севярынцам: "Адмаўляюся даваць паказаньні няправеднаму суду!" (фота, відэа, Oнлайн)

Пачаўся суд над Паўлам Севярынцам: "Адмаўляюся даваць паказаньні няправеднаму суду!" (фота, відэа, Oнлайн)

 

 

 

Фота і відэа прэсавай службы БХД

 

Онлайн рэпартаж паводле радыё “Свабода”

Болей навін