Cуды над Севярынцам і Рымашэўскім (Абноўлена)

12 мая 2011 14:22  |  Галоўныя навіны

 

Сёньня 2-гі дзень, як 11 траўня ў судзе Заводскага раёну г. Менску (Партызанскі праспект, 75а) распачаўся судовы працэс над зьняволеным сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам.  Таксама сёньня 5-ты дзень судовага працэсу над сустаршынём БХД, былым кандыдатам у прэзыдэнты Віталём Рымашэўскім у судзе Фрунзэнскага раёну Менску (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1/2). 

Разам з Паўлам Севярынцам судзяць журналістку, жонку былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыну Халіп і кіраўніка перадвыбарчага штабу былога кандыдата Міколы Статкевіча Сяргея Марцэлева. Судзьдзя Жана Брысіна.

Справу Віталя Рымашэўскага разглядаць разам са справамі маладафронтаўкі Насты Палажанкі, а таксама іншага былога кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і сяброў яго штабу Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка. Судзьдзя Жана Жукоўская.

Усіх падсудных у абодвух працэсах абвінавачваюць ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (частка 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу). 

Працэс Севярынца, Халіп, Марцэлева. Дзень другі

 

 

Яны абвінавачваюцца ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (частка 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу).

 

 Абвешчаны перапынак да 10 гадзінаў 13 траўня

 

16.50 У канцы выступу ў Бабруйску на відэазапісе чуваць, як Севярынец заклікаў: Жыве Беларусь. У адказ на гэта ў судовай залі заапладзіравалі. Суд вярнуўся да пісьмовых матэрыялаў справы: пратаколаў ператрусаў, канфіскацыі перадавыбарчых улётак.

16.25 Севярынец на стужцы кажа, што МФ і БХД пойдуць на Плошчу ад вакзала, а калі перагародзяць, то ў Менску багата месцаў, дзе можна правесьці мітынг. У Бабруйску Севярынец казаў, што на Плошчу прыйдзе, паводле ягоных падлікаў, 15-20 тысяч чалавек і дэманстраваў легальна апублікаваныя ўлёткі, выдадзеныя за сродкі ЦВК, з заклікам на Плошчу.

16.15 Суд аглядае запісаны КДБ перадвыбарчы выступ Паўла Севярынца ў якасьці даверанай асобы кандыдата на прэзыдэнта Рымашэўскага ў Бабруйску. Зь відэа можна пачуць, што Севярынец сапраўды 19 сьнежня “запрашае людзей на Плошчу”. Запрашае хлопцаў, прапануе ўзяць з сабою жменю роднай зямлі або солі. А дзяўчат і жанчын просіць заставацца дома і маліцца.

15.50 Пракурор чытае вельмі падрабязныя справаздачы КДБ аб перадвыбарчых выступах Севярынца, “зробленыя на беларускай мове”, а таксама заявы грамадзян, якія былі на ягоных сустрэчах у Магілёўскай вобласьці і сьведчылі, што ён заклікаў у Менск на Плошчу.

15.40 Наладзілі кампутар. Працягваецца дэманстрацыя відэа, паказваецца запіс з Кастрычніцкай плошчы, выступы кандыдатаў на мітынгу. Сярод іншага бачна, якСевярынец крычыць у мэгафон: “Верым! Можам! Пераможам!” У матэрыялах справы — відэазапіс перадвыбарчага выступу Севярынца, у якім ён заклікае на Плошчу, ягонае пасьведчаньне даверанай асобы кандыдата на прэзыдэнта, улёткі Рымашэўскага.

15.20 Відэа змантаванае з розных камэр, якія паказваюць падзеі з розных ракурсаў, таму падаецца, што самі падзеі зь біцьцём шыбаў цягнуліся даўжэй. Хранамэтражу на відэа няма. Адвакатка Халіп пытае пра відэа: “Што вы гэтым самым дэманструеце?” Пракурор адказаў: “Мірную дэманстрацыю”. Ірына Халіп заўважае, што яе толькі адзін раз паказалі на відэа, калі з Кастрычніцкай плошчы людзі выйшлі на праспэкт. Абаронца Халіп заявіла, што наступнае відэа пра падзеі на плошчы Незалежнасьці няма сэнсу глядзець, бо яны не ўваходзяць у прад’яўленае абвінавачваньне. Наступны відэаролік працягласьцю 33 хвіліны вырашылі паглядзець выбарачна, толькі там дзе фігуруюць абвінавачваныя. 

З кампутарам узьніклі тэхнічныя праблемы, прагляд відэа прыпынены. Пракурор далей чытае пісьмовыя матэрыялы справы.

15.05 Відэа паказваюць на малым маніторы кампутару 16 цаляў па дыяганалі. У відэа перамяжоўваюцца кадры то з Кастрычніцкай плошчы, то з Незалежнасьці. Нарэзка не вытрыманая ў храналягічным парадку. Некалькі разоў паказваюць Кастусёва, які кажа: “Разам і бацьку лягчэй біць. І весялей”. Відэа з плошчы Незалежнасьці паказваюць, нягледзячы на тое, што падзеі на плошчы Незалежнасьці не ўвайшлі ў абвінавачваньне Марцэлеву, Севярынцу і Халіп.

14.55 У якасьці відэа ў судзе аглядаецца журналісткі рэпартаж ОНТ з падзеяў 19 сьнежня, які ўтрымлівае шмат непраўдзівай перадузятай інфармацыі. Тое, што аўтобус Някляева вёз выбухоўку, апаратуру і г.д. Хаця ў працэсе Някляева ўжо былі агучаныя паказаньні аб тым, што там была толькі гукаўзмацняльная апаратура. Аглядаецца не відэахроніка ці апэратыўныя здымкі, а рэпартаж журналістаў. Пракурор удакладніў, што гэты дыск быў далучаны да справы рашэньнем сьледзтва. Далей паказваюць зманціраваную хроніку мітынгу на Плошчы незалежнасьці — вельмі нізкай якасьці, кадр увесь час зрываецца. На кадрах няма даты і часу.

14.40 Суд прыступіў да прагляду прапагандысцкага сюжэту Беларускага тэлебачаньня, які трансьляваўся адразу пасьля падзей на плошчы Незалежнасьці. Закадравы голас абвінавачвае Саньнікава і Статкевіча ў арганізацыі штурму. Такім чынам у якасьці доказаў па справе суд выкарыстоўвае прапаганду БТ, хоць многія заявы БТ былі ўжо абвергнутыя ў судах, у прыватнасьці тое, што ў машыне з гукаўзмацняльнай апаратурай ад штаба Някляева везьлі выбуховыя рэчывы.

14.20 Агучваюцца даведкі аб затрымках у выкананьні рэйсаў аўтатранспарту, даведка пра “шкоду” Макдональдса 8 мільёнаў рублёў і іншыя вядомыя па ранейшых працэсах падобныя дакумэнты. Агучваецца таксама пазоўная заява Менсктрансу аб спагнаньні стратаў на суму 159 тысяч рублёў, ужо аплачаная Зьмітром Бандарэнкам. Адвакатка Ірыны Халіп зьвяртае ўвагу на даведку з менскага мэтро, што ніякіх стратаў ад падзеяў не панесла, і аналягічную даведку з Абсалютбанку: “Прычыненай шкоды няма”. Зачытваецца другі том, у ім характарыстыкі на падсудных. 

14.00 Працэс адноўлены. Пачалося вывучэньне матэрыялаў справы. Пракурор зачытвае першы том. Пастановы аб завядзеньні крымінальнай справы, аб зьмене артыкула абвінавачваньня для Халіп, Севярынца і Саннікава, тры пратаколы агляду месца падзеяў на Плошчы незалежнасьці…

12.15 Допыт сьведкаў на сёньня скончаны. Суд вырашыў перайсьці да вывучэньня матэрыялаў справы. Адвакат Халіп хадайнічае запатрабаваць з менскага гарвыканкаму матэрыялы пра перадвыбарчыя мітынгі 9 і 16 сьнежня. Судзьдзя адклала разгляд хадайніцтва на час пасьля абеду. Перапынак да 14.00

12.00 Некалькі сьведкаў, супрацоўнікаў ДАІ даюць дастаткова аднатыпныя паказаньні. Наступны сьведка – супрацоўнік ДАІ Іван Сульжыц. Быў 19 сьнежня ў ланцугу ДАІ на Кастрычніцкай плошчы. Кажа, што людзі выйшлі на праезную частку за 10-15 сэкундаў. Ён разварочваў транспарт ад шэсьця. 

11.40 Наступны сьведка – таксама супрацоўнік ДАІ Андрэй Стаўроўскі. Таксама быў 19 сьнежня ў ланцугу на Кастрычніцкай плошчы. Чуў, што людзі выказвалі сваё нездавальненьне выбарамі. 

11.15 Адвакат: Колькі грамадзян вы пакаралі за парушэньне правіл дарожнага руху? Сьведка Данянкоў: Я ня склаў ніводнага пратаколу. Адвакат: Ці непасрэдна вы папярэджвалі каго-небудзь за парушэньне ПДД? Сьведка: Нешта гаварылі іншыя. Начальнік ДАІ Карзюк, у прыватнасьці. Вы размаўлялі з Халіп? Сьведка: не.

11.00 Наступны сьведка Анатоль Данянкоў, супрацоўнік ДАІ. Сьведка распавядае пра тое, як 19-га дэманстранты “прарвалі ланцуг і выйшлі на праезную частку”. Сьведка распавядае вядомы ўжо эпізод, калі кандыдаты на прэзыдэнта прасілі начальніка менскай ДАІ зьняць ланцуг і прапусьціць людзей. Хто што канкрэтна казаў, сьведка не памятае, але запомніў, што Карзюку абяцалі генэральскае званьне. Даненкоў запомніў у тым эпізодзе Халіп, кажа, што тая шмат нешта казала, але што — не памятае. “Далей людзі абышлі наш ланцуг па баках, і паступіла каманда зьняць ланцуг”. Сьведка кажа, што ён не ўпэўнены, што бачыў у калёне Марцалева. Халіп сказала ДАІшніку: “Вы сказалі, што бачылі там жанчыну Халіп. Гэта я. Мне таксама ваш твар знаёмы. Гэта не вы часам летась вымагалі ў мяне хабар за перавышэньне хуткасьці?” Пытаньне выклікала сьмех, але судзьдзя яго зьняла.

10.50 Наступны сьведка — Дзяніс Кіслоў, супрацоўнік гарадзкой міліцыі. Таксама працаваў з гукаўзмацняльнай апаратурай. Як і папярэднія сьведкі, Кіслоў ужо выступаў сьведкай у працэсе Саньнікава. Ягоная машына рухалася па праспэкту за калёнай і ён вяшчаў, што шэсьце забароненае. Больш за гадзіну сьведка знаходзіўся на Кастрычніцкай плошчы, з 20.00, але ніякіх тэкстаў там не чытаў. Ён сам не вырашае, калі пачынаць чытаць, патрэбная каманда.

10.40 Сьведка Чарнабай згадаў Вуса, Саньнікава і Статкевіча, якія прасілі начальніка ДАІ Карзюка прапусьціць людзей на праспэкт. Сьведка кажа, што людзі проста абышлі міліцыянтаў. З усіх падсудных ён пазнаў Паўла Севярынца. Потым сьведка зь іншымі супрацоўнікамі ДАІ пераехалі на Плошчу незалежнасьці: “Убачыць як б’юць шкло, было немагчыма, мы стаялі ў баку”. “Кастрычніцкая плошча была цалкам запоўненая, там было 10-15 тысяч людзей. Яны маглі б пайсьці па тратуары, і тады б да іх з боку ДАІ прэтэнзій не было б”. Агрэсіўных дзеяньняў з боку дэманстрантаў сьведка ня бачыў, толькі крычалі, скандавалі, сьвісьцелі.

10.20 Наступны сьведка Міхаіл Чарнабай, галоўны мэханік з кампаніі Белінвэстсэрвіс. 19 сьнежня ён быў камандзірам узводу ДАІ. Чарнабай кажа, што ўдзельнічаў у атачэньні праезнай часткі праспэкту Незалежнасьці. “Людзі ішлі з мэтро ў кірунку Кастрычніцкай плошчы. Калі асноўная маса людзей прыйшла на Плошчу, наш ланцуг перамясьціўся ў раён нулявога кілямэтру і знаходзіўся там. Нас там ніхто не чапаў, але ў пэўны момант натоўп людзей прарваў наш ланцуг і выйшаў на праезную частку”.

10.15 Першы сьведка Юры Каралькоў, старшы інспэктар ГУУС Менску. Сьведка Каралькоў паведаміў, што ён ахоўваў парадак у складзе тлумачальнай групы ў машыне з гукаўзмацняльнай апаратурай. З 19 гадзін быў з машынай ля дома ўраду. Сьведка ўжо выступаў на працэсе Саньнікава. Сьведка кажа, што ён папярэджваў грамадзян на плошчы Незалежнасьці, што іх мітынг несанкцыянаваны і прасіў разысьціся.Пасьпеў некалькі разоў прачытаць тэкст, цягам 5-7 хвілін, потым загадалі зьяжджаць. 

Маці Севярынца Тацяна прынесла Паўлу лекі — у Паўла баліць сьпіна і ён вымушаны стаяць цягам усяго працэсу. Але лекі для Паўла пакуль не прынялі.

10.00 Працэс адноўлены. У залі дыпляматы, родныя падсудных, актывісты БХД, палітыкі, каля 20 БРСМаўцаў. Севярынца і Марцалева прывялі ў кайданках, Севярынец прынёс з сабою Біблію. Ірыну Халіп прывялі два ахоўніка ў цывільным. Сёньня будуць дапытаныя сьведкі: Каралькоў, Кіслаў, Карзюк, Дуброўскі і Сульжыцкі ды іншыя.

Першы сьведка Юры Каралькоў, старшы інспэктар ГУУС Менска.

Суд над Някляевым, Рымашэўскім, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Дзень пяты

 

Аб’яўлены перапынак да 10 гадзінаў 13 траўня.


17.30 Пракурор зачытвае характарыстыкі на Андрэя Дзьмітрыева. Дарэчы, яму сёньня споўнілася 30 гадоў. Далей ідзе пералік выпісак, пратаколаў, іншых дакумэнтаў. Зьмест іх пракурор не зачытвае.

17.10 Пракурор зачытвае характарыстыку Вазьняка ад партыі “Справядлівы сьвет”, падпісаную спадаром Елісеевым, характарыстыку БАЖ. Адвакаты перадаюць сьпіс сьведкаў, якіх яны прапануюць запрасіць у суд. Судзьдзя не зачытвае, хто ў сьпісе.

17.00 Пратакол відэазапісу сустрэчы з выбарцамі ў Жлобіне. Чытае фрагмэнт пра тое, што краіну чакаюць цяжкія часы. Пратакол прагляду відэазапісу ў Мазыры. З залі пытаньне пра плошчу. Вазьняк кажа, што людзі прыйдуць сьвяткаваць перамогу. Кажа пра тое, што чакаюцца фальсыфікацыі. Кажа пра каардынацыю са штабам Саньнікава, пра тое, што ёсьць сцэнар плошчы.

16.50 Адвакатка Вазьняка Ларыса Атаманчук кажа, што гэтыя размовы ня маюць адносінаў да справы. Вазьняк кажа, што ён ваенны чалавек, і не кажа лішняга па тэлефоне. Пракурор кажа, што потым будуць прэтэнзіі, што ня ўсё чытаў.

16.40 Наступная размова Вазьняка з Паўлам. Потым размова са Сьвятланай Андрэеўнай. Размова пра пляны на сёньня і заўтра, што рабіць з праграмай, радыёзваротам. І гэтак далей. Зачытваюць размовы Вазьняка з рознымі людзьмі. Размовы з Таняй, з Кацяй, Пашам, Андрэем Пятровічам, Уладзімерам Пятровічам.

16.20 Зноў фігуруюць расшыфроўкі праслухоўваньня тэлефонных размоваў Вазьняка ў лістападзе – сьнежні 2010 года. Адвакат просіць зачытаць статут аб’яднаньня ” Воля і праўда”. Адвакат хоча, каб прагучалі мэты і задачы. Але вяртаюцца да іншых дакумэнтаў. Адвакатка просіць зачытаць пратаколу агляду дакумэнтаў. Пракурор пярэчыць. Зноў ідзе пералік пратаколаў агляду кампакт-дыскаў, упамінаецца размоваВазьняка з нейкай жанчынай ў верасьні. Судзьдзя пытаецца, пра якія грошы ідзе гаворка. Вазьняк кажа, што ня памятае такой размовы, пытаецца, з чаго ўзялі, што гэта ён. Узоры голасу ня браліся, экспэртыза голасу не рабілася.

16.10 Пракурор пераходзіць да тому №9 з 29-ці. Пералік пратаколаў агляду офіса на Нямізе,42, ператрусу па месцы жыхарства Вазьняка. Пералік вынятага: дыскі, значкі, шапкі, фатаграфіі, пасьведчаньне сябра Менскай гарадзкой выбарчай камісіі і г.д.

15.45 Пракурор пералічвае пратаколы агляду сайтаў, праслухоўваньня аўдыёфайлаў. Пракурор пераходзіць да тома №8. Дакумэнты зноў тычацца Вазьняка. Але не чытае, а толькі гартае і пералічвае пратаколы, пастановы. Перапынак на 10 хвілін

15.35 Фядута просіць запрасіць Мілінкевіча ў якасьці сьведкі, паколькі чытаюць яго размовы. Мілінкевіч можа прыбыць праз гадзіну. Рэакцыі няма. Пракурор зноў чытае запісы размоваў Вазьняка.

15.25 Пратакол затрыманьня Вазьняка, пералік іншых дакумэнтаў, характарыстык. Пратакол праслухоўваньня размоваў з Калякіным і Мілінкевічам. У размове ўзгадваюцца амбасадары Нямеччыны і Нідэрляндаў. Развагі пра ролю Масквы.

15.10 Пракурор зноў вяртаецца да пісьмовых матэрыялаў справы. Пратаколы асабістага ператрусу Фядуты і перадачы асабістых рэчаў ад ягонай жонцы. Характарыстыка Фядуты з СІЗА КДБ. Заўвагаў да яго не было, дысцыпліну не парушаў. Чытаюць характарыстыку з Віленскага ўнівэрсытэту: Фядута — таленавіты дасьледчык, адзначаюцца выдатныя якасьці навукоўца. Падпісалі яе 6 чалавек, прафэсары і дацэнты.

15.00 Флэшкі, фатаграфіі, лісты паперы, візітоўкі, ноўтбук, зараднае прыстасаваньне, зноў флэш-карты, даверанасьць ад Някляева. Фядута ўдакладняе, што гэта за даверанасьць і чаму яна была зроблена. Маўляў, ён давераная асоба Някляева, і весьці справы Някляева мог весьці ён, калі што здарыцца зь Някляевым. Гэта сьведчыць пра тое, што Фядута нікуды не зьбіраўся зьбягаць пасьля выбараў. І затрымліваць яго не было падставаў.

14.50 Пракурор скончыў чытаць тэлефонныя размовы Фядуты. Адвакатка ўдакладняе, што а 19-й гадзіне на тэлефон Фядуты паступіў званок з тэлефона, зарэгістраванага па Амбасаду Каралеўства Швэцыі ў Беларусі. І размову запісалі і далучылі да матэрыялаў справы. Адвакат таксама кажа, што чыталі размовы з Процькай і Бураўкіным, якіх мяркуюць яшчэ слухаць у якасьці сьведкаў па справе. Далей пракурор пералічвае, што яшчэ ў матэрыялах справы: пратакол ператрусу, што адбыўся ў кватэры Фядуты, што вынята.

14.40 Зноў пракурор вяртаецца да зачытваньня тэлефонных размоваў Фядуты ўвечары 19-га сьнежня. Наступная размова — з жанчынай па імені Вольга. Фядута кажа жанчыне, каб перадавала фразу “Нашы ўвайшлі ў дом ураду”.

14.30 Сьведкаў больш няма. Адвакат Букштынаў настойвае на задавальненьні яго хадайніцтва дапытаць у якасьці сьведкі супрацоўніка КДБ Міхайлава. Букштынаў вывучыў усе дакумэнты і не знайшоў нідзе пацьверджаньня таго, што ён ўваходзіў у сьледчую групу, кіраўнік там іншы. Згодна з законам, дапытаны ня могуць быць толькі сьледчы і дазнавацель. Таму Букштынаў настойвае на запрашэньні Міхайлава ў якасьці сьведкі. Пракурор зноў лічыць довады адваката неабгрунтаванымі. Лічыць, што гэта асоба ня можа быць дапытана. Адвакат пытаецца, адкуль у пракурора зьвесткі, што Міхайлаў не зьяўляецца відавочцам. Пракурор абвінавачвае адваката, што той пераходзіць на асобы і просіць занесьці ў пратакол заўвагу адвакату. Судзьдзя спыняе спрэчкі. На гэтым этапе хадайніцтва не дазволілі.

14.00 Пасьля перапынку зноў пачалі слухаць паказаньні сьведкаў. Сьведка Чарнабаеў, супрацоўнік ДАІ. 19 сьнежня быў на службе на Кастрычніцкай плошчы. Кандыдаты ў прэзыдэнты спрабавалі дамовіцца з начальнікам ДАІ пра тое, каб дазволілі ісьці калёне па праезнай частцы. Не дамовіліся. Народ выйшаў на праезную частку. Рух транспарту на праспэкце быў спынены на некаторы час. Пазнаў Рымашэўскага. Называў прозьвішчы перамоўшчыкаў — Саньнікава, Статкевіча, Вуса. Разважае пра псыхалёгію натоўпу — ім павінны кіраваць. Прызнае, што ня ўсе маглі чуць паведамленьні пра несанкцыянаваны характар акцыі, бо на плошчы было шумна. Адвакатка пытаецца пра нараду — якія мэты ставіліся начальствам, калі яны заступалі на службу. Сьведка кажа, што інструктавалі, каб фізычную сілу не выкарыстоўвалі, гумавыя палкі ды іншую зброю таксама. Кажа, што канкрэтных указаньняў не было, дзейнічалі па абстаноўцы.

13.00 У судзе абвешчаны перапынак да 14.00 

12.55 Мужчына Павал. Пытаецца пра Ўладзімера Пракопавіча. Потым пра плян далейшых дзеяньняў. Фядута кажа, што Някляеў быў адзіным чалавекам, у якога быў плян, таму яго і выбілі. Наступны званок з Радыё Рацыя. Фядута перадае слухаўку прэс-сакратарцы Юліі Рымашэўскай. Яна распавядае пра інцыдэнт на Калектарнай.

12.45 Размова са Сьвятланай Андрэеўнай. Пытаецца, дзе Ўладзімер Пракопавіч. Фядута жартуе, што ў яго дзікае жаданьне пабіць каго-небудзь з нашых. Размаўляюць пра апаратуру, пра тое, што “пакладзеныя” некаторыя сайты. Размова з мужчынам М, размаўляюць пра інцыдэнт на Калектарнай. Зноў размова са Сьвятланай Андрэеўнай. У 19.51 званок з замежнага нумара. Карэспандэнт “Коммерсанта ФМ”. Пытаецца, што адбылося. Фядута тлумачыць.

12.35 19 сьнежня размова зь Юрыем Уладзімеравічам. Зноў размова з жанчынай Тацянай. Дамаўляюцца, дзе і калі арганізаваць прэс-канфэрэнцыю з назіральнікамі ў 16 гадзін. Фядута кажа, што а 8-й ён будзе на плошчы. Жанчына кажа, што АМАП ужо рыхтуецца, трэба быць заўсёды з пашпартам. Размова з Генадзем Мікалаевічам. Фядута кажа, што нашых людзей пачалі затрымліваць. Зноў размова з Тацянай Сяргееўнай. Фядута кажа, што зьбіраецца на плошчу.З боку жанчыны гучыць некалькі ня вельмі прыемных рэплік на адрас Някляева.

12.25 Пракурор працягвае чытаць матэрыялы справы. Пратаколы праслухоўваньня тэлефонных размоваў Фядуты з 26 лістапада. Размова Фядуты зь Дзьмітрыевым, потым з Някляевым. Размова з жанчынай па імені Тацяна. Фядута дамаўляецца пра сустрэчу, абяцае выдаць сродкі сувязі і мадэм. Ідзе абмеркаваньне, як дабрацца, ці ходзяць маршруткі…

12.15 Судзьдзя вырашыла пакуль прапусьціць гэтыя матэрыялы да вывучэньня абставінаў і ўсіх акалічнасьцяў атрыманьня гэтых запісаў. У суд прыйшоў у якасьці сьведкі Аляксандар Мілінкевіч. Пракурор супраць заслухоўваньня яго паказаньняў. Адвакаты настойваюць на запрашэньні Мілінкевіча на судовае паседжаньне. Фядута абгрунтоўвае неабходнасьць заслухаць Мілінкевіча. Свае довады прыводзіць і Вазьняк. Судзьдзя вытрымала паўзу і адмовіла заслухаць Мілінкевіча.

11.45 Пракурор пераходзіць да тому №5. Там пастановы затрыманьня абвінавачаных.Фядута просіць прачытаць, як абгрунтоўваецца яго затрыманьне. У дакумэнце агульныя фразы. Пракурор хацеў агучыць пратакол гуказапісу размовы Фядуты з супрацоўнікам КДБ. Някляеў жорстка пярэчыць: гэта проста была прыватная размова, іх папярэджвалі, што гэта была амаль інтымная гутарка. Вазьняк таксама абурацца. Адвакаты падтрымліваюць, што недапушчальна уключаць такія дакумэнты ў матэрыялы справы.

Размова 24 сьнежня Фядуты зь супрацоўнікам КДБ Русланам Івановым у сьледчым ізалятары КДБ. Адвакат просіць выключыць з матэрыялаў справы ўсе гутаркі супрацоўнікаў КДБ з абвінавачванымі ў пэрыяд знаходжаньня ў ізалятары, бо гэтыя дадзеныя сьледзтва атрыманыя незаконным шляхам. Судзьдзя абвяшчае перапынак 10 хвілін.

11.30 Пракурор пераходзіць да тому №4 крымінальнай справы. Там агульная канцэпцыя выбарчай кампаніі, праект сумеснай заявы кандыдатаў у прэзыдэнты, патрабаваньні прадставіць доступ да СМІ. Пракурор агучвае дакумэнт “Як адказваць на пытаньні сьледзтва”. 

11.15 Далей ідзе праграма грамадзкага аб’яднаньня “Праўда і воля”, што неабходна зрабіць цягам 5 гадоў, расейскі вэктар, эўрапейскі вэктар, доўгатэрміновыя мэты і г.д. Фядута робіць тлумачэньне, што ўчора на працэсе выступаў сьведка Пётар Марцаў, які пацьвердзіў, што гэтыя дакумэнты не былі прынятыя, гэта нешта кшталту чарнавікоў. Пракурор чытае копіі скаргі ў ЦВК аб прызнаньні выбараў несапраўднымі за подпісам Някляева. Някляеў ўдакладняе, што гэты дакумэнт з фактамі парушэньняў падчас выбарчай кампаніі. Пракурор пералічвае некаторыя тэзісы з праграмы Някляева, кшталту “Даступнае жытло”. Больш падрабязна чытае дакумэнты, дзе гаворка ідзе пра фальсыфікацыі на выбарах.

11.00 Адвакатка Сідарэнка просіць чытаць пракурора больш гучна і больш разборліва — у зале не было нічога чутно. Пракурор кажа, што ў яго такая дыкцыя, калі штосьці не задавальняе, ён прапануе абароне чытаць па чарзе. Атмасфэра ў судовай залі нэрвовая і напружаная. Пракурор працягвае бубніць пад нос дакумэнты кшталту “Наша бачаньне адносінаў з Расейскай Фэдэрацыяй”, канцэпцыю пабудовы адзінай адукацыйнай прасторы, узаемавыгадных гандлёвых адносінаў з Расеяй.

10.50 Ідзе пералік кампакт-дыскаў рознага колеру, пакетаў. Пратаколы выняцьцяў. Пратакол ператрусу ў Сьвятланы Навумавай. Канфіскаваныя 2 кампутары, пісьмовы зварот да ўраду Расейскай Фэдэрацыі і Эўразьвязу. Судзьдзя робіць апошняе папярэджаньне Рымашэўскаму. Пракурор заяўляе, што паводзіны Рымашэўскага дэманструюць непавагу да суду. (Рымашэўскі быццам бы нешта еў). Рымашэўскі пратэстуе. Судзьдзя абвяшчае перапынак на 5 хвілін. 

10.30 Пракурор працягвае зачытваць пісьмовыя матэрыялы справы. Доўга гартае старонкі справы, ня можа знайсьці. Адвакат Сідарэнка просіць агучыць яе скаргу на імя старшыні Вярхоўнага Суду Сукалы і іншых службовых асобаў на тое, што ёй не дазвалялі цягам сьнежня і студзеня сустракацца са сваім падабаронным, калі той знаходзіўся ў ізалятары КДБ. Яна падрабязна апісвае, колькі часу правяла ў чэргах у КДБ, спасылаецца на крымінальна-працэсуальны кодэкс, пералічвае, колькі скаргаў яна напісала ў пракуратуру ды іншыя органы. Някляеў дадае, што ў той час яго дапытвалі без адвакату. а гэта грубейшае парушэньне закону, ён тройчы пісаў пракурору, але ніводная скарга не далучаная да матэрыялаў справы. Пракурор зачытвае пратакол ператрусу ў Някляева ў кватэры.

10.05 Працэс адноўлены. Прысутнічаюць прадстаўнікі АБСЭ.
Някляеў заяўляе хадайніцтва. Дакумэнты і матэрыялы, якія зачытваліся ўчора, тычыліся кампаніі “Гавары праўду!”, і да гэтай справы яны ня маюць адносінаў. Ніякай крымінальнай справы ў дачыненьні кампаніі не вядзецца, таму яны павінны быць вынятыя з матэрыялаў гэтай справы, ці, прынамсі, не павінны зачытвацца ў гэтым працэсе. Судзьдзя адказала, што гэта пытаньне яна будзе вырашаць ў дарадчым пакоі.

Фядута
 таксама выступае з хадайніцтвам выклікаць ў якасьці сьведкі кіроўцу “Фальксвагену”. Пракурор супраць. Адвакат Някляева Тамара Сідарэнка абгрунтоўвае неабходнасьць, але пракурор зноў пярэчыць. Адвакат настойвае.

Някляеў таксама настойвае, кажа, што пытаньне прынцыповае. Бо паказаньні кіроўцы пярэчаць паказаньням супрацоўнікаў ДАІ. Судзьдзя адмаўляе далучыць да матэрыялаў справы заяву адвакаткі Сідарэнкі. Што да запрашэньня сьведкі, пытаньне будзе вырашана пазьней.

Болей навін