Сёньня ў судах над Севярынцам і Рымашэўскім сьведкамі выступалі сябры БХД (Онлайн з заляў суду)

13 мая 2011 10:03  |  Галоўныя навіны

Сёньня, у 3-ці дзень судовага працэсу над зьняволеным сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам у судзе Заводскага раёну г. Менску (Партызанскі праспект, 75а) і 6-ты дзень судовага працэсу над сустаршынём БХД, былым кандыдатам у прэзыдэнты Віталём Рымашэўскім у судзе Фрунзэнскага раёну Менску (вул. Дуніна-Марцінкевіча, 1/2) сьведкамі на гэтых судах выступяць сябры аркамітэту БХД і ініцыятыўнай групы Рымашэўскага. Сябры БХД заклікаюць усіх сваіх прыхільнікаў і проста неабыякавых людзей прыходзіць ў суды і падтрымліваць палітвязьняў. Судовыя працэсы распачынаюцца ў 10-00.

 

Разам з Паўлам Севярынцам судзяць журналістку, жонку былога кандыдата ў прэзыдэнты Андрэя Саньнікава Ірыну Халіп і кіраўніка перадвыбарчага штабу былога кандыдата Міколы Статкевіча Сяргея Марцэлева. Судзьдзя Жана Брысіна.

Справу Віталя Рымашэўскага разглядаць разам са справамі маладафронтаўкі Насты Палажанкі, а таксама іншага былога кандыдата ў прэзыдэнты Ўладзімера Някляева і сяброў яго штабу Андрэя Дзьмітрыева, Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазьняка. Судзьдзя Жана Жукоўская.

Усіх падсудных у абодвух працэсах абвінавачваюць ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (частка 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу). 

 

Сёньня паводле хадайніцтваў адвакатаў Паўла Севярынца і Віталя Рымашэўскага ў адбодвух судах павінны дапытаць маці Паўла Севярынец Тацяну, сустаршыню БХД Георгія Дзмітрука,  Любоў Каменеву, Валерыю Чарнаморцаву, Ірыну Логвін, Юрыя Клімовіча, Яўгена Анішчанку, Алеся Мілінца.

 

Працэс Севярынца, Халіп, Марцэлева. Трэці другі

19.30 Абвешчаны перапынак да 10:00 панядзелка, 16 траўня. Будзе агалошаны прысуд.  

 

19.15 У сваім апошнім слове Севярынец падзякаваў прысутным, бакцькам, сёстрам і Богу, што жыве ў гэтай краіне. Кажа, што сёньняшняя сыстэма правасудзьдзя — карная, нашчадак савеччыны. І гэта прыводзіць да нянавісьці ў людзях, а не да любові.

Паказальна, што падчас 4-х месяцаў зьняволеньня яму так і не дазволілі сустрэцца зь сьвятаром — і гэта нялюдзкасьць сыстэмы, якая не дазваляе людзям быць лепшымі.

Мы, беларусы, ня любім адзін аднаго. Гэта бачна з выступу дзяржаўных асобаў. Але любоў не прыходзіць сама, а даецца ад Бога. Пакуль беларусы, нацыя з тысячагадовай гісторыяй, ня зьвернуцца да Бога, датуль ня будзе любові і ня будзе міру і ладу.

Севярынец сказаў, што Бог можа усё. І папрасіў дазволу падараваць судзьдзі сваю кнігу «Люблю Беларусь».

 

19.06 Апошняе слова Марцэлева. Кажа, што не спадзяваўся, што ягоны ўдзел у выбарах закончыцца на лаве падсудных. Ён будзе больш асьцярожным адностна ўдзелу у падобных палітычных акцыях. Скончыў выказваньнем: «І ўсё ж — яна круціцца».

 

18.33 — 18.45 Выступае адвакат Ірыны Халіп. Абвінавачаньне Халіп юрыдычна непісьменнае. Нават дзяржаўнае абвінавачаньне не разабралася, у чым віна Халіп. Уся віна ў тым, што яна ішла ў калёне па вуліцы падчас несанкцыянаванай акцыі. 

Халіп можна вінаваціць толькі за тое, што яна заклікала на мітынг, ведаючы, што ён не санкцыянаваны. Халіп не адмаўляе, што заклікала, але на момант выбарчай кампаніі яшчэ ня ведала, якім будзе гэты мітынг насамрэч. У матэрыялах справы, якімі, нібыта, даказваецца яе віна, насамрэч яна выкарыстоўвала сваё канстутыцыйнае права на выказваньне меркаваньняў.

Напярэдадні выбараў падчас інтэрвію аднаму зь вядучых міжнародных СМІ яна сказала, што мае права на свае меркаваньні і яно абумоўленае законам. А ў Беларусі ў нас гэтае права адымаюць гвалтам. Таму нам, беларусам, важна выказаць сваё парва, не зважаючы на забароны.

На пытаньне, а калі сытуацыя выйдзе з-пад кантролю, Халіп адказала: «У нас людзі не такога тэмпэрамэнту, каб хапацца за вілы. Мы не павінны падстаўдяць народ Беларусі і адзін аднаго». 

Адвакатка кажа, што гэта сьведчаньне таго, што ніякіх наўмысных гвалтоўных дзеяньняў Халіп не зьдзяйсьняла і не плянавала зьдзяйсьняць. Халіп не прыносіла шкоды прадпрыемствам. 

Халіп выказалася, што яна ганарыцца тым, што яна жонка кандыдата на прэзыдэнта Саньнікава, што яна ягоная давераная асоба і яна журналістка. Яна была на плошчы ва ўсіх гэтых якасьцях. І галоўнае: яна там працавала як журналістка. Яна працавана на «Новую газету» і «Эхо Москвы». Калі яе зьбівалі, яна вяла жывы рэпартаж. У дзеяньнях Ірыны Халіп няма складу злачынства.

Паказаньні сьведак абвінаваўцы адвакат просіць ацаніць паводле Крымінальнага кодэксу як непраўдзівыя.

18.15 — 18.30 Выступае адвакат Севярынца.

Дзеяньні Севярынца не адпавядаюць артыкулу, паводле якога абвінаваўца кваліфікуе ягоныя дзеяньні. Так, Севярынец быў на Плошчы і выгукваў «Верым, можам, пераможам!» і «Жыве Беларусь!» — гэта ня ёсьць крымінальным злачынствам. Права выказваць меркаваньне гарантаванае Канстытуцыяй.

Севярынец не схіляў нікога да непадпарадкаваньня, і гэта пацьверджана матэрыяламі справы. Ні Севярынец, ні хто іншы не адштурхоўваў супрацоўнікаў ДАІ. Знаходжаньне на праезнай частцы ня ёсьць злачынствам. Тым больш, калі людзі не маглі зьмясьціцца на ходніках. Каб людзі не падушыліся, яны і выйшлі на дарогу, таму судзіць за гэтыя дзеяньні недапушчальна.

Няма тлумачэньняў, чаму прадпрыемствы, як Макдональдс, абменьнік у будынку ўнівэрсаму «Цэнтральны» зачыніліся, паколькі ніякіх беспарадкаў не адбывалася. Тлумачэньні пра небясьпеку — надуманыя. Адвакат зьвяртае ўвагу на асобу свайго падабароннага. Ён — сапраўдны патрыёт Беларусі, шмат робіць для яе будучыні. Гэта вернік, які выступае за цярпімасьць і талерантнасьць. Таму ён ня можа заклікаць да гвалту.

Просіць апраўдаць падабароннага, паколькі ягоныя дзеяньні кваліфікуюцца адпаведным артыкулам адміністрацыйнага кодэксу. Кажа, што 19 не абдылося трагедыі, а тое, што адбылося цяпер, эліта грамадзтва — пісьменьнкі, журналісты сядзяць у турмах — гэта спраўдная трагедыя. Гэтыя людзі павінны пакінуць гэтую залю без суправаджэньня. 

Прысутныя заапладзіравалі.

 

18.10 Адвакатка Марцалева кажа, што вінаваціць чалавека можна толькі за зьдзейсьненае — Марцэлеў нічога крымінальнага не зьдзяйсьняў. Пакараньне двума гадамі нават з адтэрмінрўкай не адпавядае зьдзейсьненаму. Кажа, што пакараньне не павінна быць зьвязанае з пазбаўленьнем волі ў любым выглядзе.

 

17.57 Пракурор просіць пакараць:

Паўла Севярынца — 3 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у месцы адбываньня пакараньня;

Ірыну Халіп — 2 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады;

Сяргея Марцэлэва — 2 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

 

17.22 — 17.45 У зал зайшла судзьдзя, якая авесьціла пра пачатак спрэчак. Пракурор зачытвае абвінавачаньне Паўлу Севярынцу ў арганізацыі і ўдзеле ў масавых беспарадках: Севярынец віявіў непадпарадкаваньне вогранам улады, што пацягнула за сабой шкоду дзяржаўным арганізацыям, пункту абмену валюты, мэтрапалітэну, палацу прафсаюзаў, сарваны рух грамадзкага транспарту. Ягоныя дзеяньні падлягаюць пакараньню паводле артыкула 342 Крымінальнага кодэксу. 

Абвінавачаньне Ірыне Халіп: заклікала грамадзян прыйсьці на Кастрычніцкую плошчу для ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі, перашкаджала працы праваахоўных органаў. Паводле яе заклікаў гарамдзяне выйшлі на праезную частку.

Марцэлеву — аналягічнае абвінавачваньне.

Пракурор падкрэсьліў, што іх віна даказаная матэрыяламі справы, у тым ліку паказаньнямі супрацоўнікаў міліцыі, відэа- і аўдыёматэрыяламі.

Усе трое падсудных ведалі пра незаконнасьць акцыі і сьвядома бралі ў ёй удзел, незаконнасьць акцыі таксама тлумачылі супрацоўнікі ДАІ. 

Выхад на праезную частку зьяўляецца не адміністрацыйным правапарушэньнем, а крымінальным злачынствам. Быў зьменены рэжым грамадзкага транспарту, пасажыры не былі дастаўленыя да месца, установы панесьлі страты. 

Віна абвінавачаных даказаная. Доказы — тэлефонныя размовы, зьмест сканфіскаваных дыскаў, факт таго, што абвінавачаныя не зьвярталіся ў Менгарвыканкам па дазвол на акцыю пратэсту, якую нельга успрымаць як мірную. Пракурор спасылаецца таксама на сьведак, якія сёньня ў суд не прыйшлі. 

Пракурор заявіў, што дзеяньні Севярынца падпадаюць пад дзеяньніе часткі 1 артыкулу 342 КК.


16.42 Судзьдзя абвесьціла пра пачатак спрэчак.

Адвакатка Халіп заявіла, што 30 хвілінаў на падрыхтоўку ня хопіць. Аднак судзьдзя абвясьціла перапынак толькі на 30 хвілінаў. Людзі ў залі на гэта выгуквалі «Ганьба».

16.38 Адвакаты просяць даць магчымасьць да ранку прадставіць дакумэнты, якія маюць адносіны да абароны абвінавачанай. Гэтае хадайніцтва вымагае суд абвесьціць перапынак. Усе з абвінавачаных і адвакатаў згодныя. Пракурор пратэстуе, бо лічыць, што гэта зацягваньне працэсу Судзьдзяя падтрымала пракурора і адхіліла хадайніцтва.

16.30 Адватка Халіп просіць выклікаць у якасьці сьведкаў прадстаўнікоў мэтрапалітэну, Макдональса і іншых дзяржаўных і камэрцыйных арганізацый, якія нібыта панесьлі страты. Пракурор просіць адхіліць хадайніцтва, каб не зацягваць працэс. Судзьдзья падтрымлівае пракурора.

16.24 Адвакат зачытвае характарыстыку на Паўла Севярынца ад БАЖа — гаворыцца пра ягоную творчасьць, кнігі «Лісты зь лесу», арганізацыю віктарыны па гісторыі Беларусі і іншую працу. Што ён таксама вернік і сапраўдны хрысьціянін.

Аўтары характарыстык заяўляюць, што Севярынец ня мог заклікаць да гвалту і ягонае знаходжаньне пад вартай ня мае апраўданьня.

16.06 — 16.15  Судзьдзя падае характарыстыку на Ірыну Халіп ад рэдактара расейскай газэты, дзе яна працуе.

Халіп характарызуюць як прафэсійную журналістку, якая неаднойчы атрымлівала ўзнагароды, надзейнага і прыстойнага чалавека, клапатлівую маці. 

Таксама ўзнагарода на ангельскай мове — судзьдзя сказала, што ангельскай не валодае. Адвакатка Халіп адзначыла, што гэта ўзнагарода ад нямецкіх мэдыяў. Судзьдзя перапытвае, як Халіп атрымала ўзнагароду, калі знаходзілася пад хатнім арыштам. Халіп тлумачыць, што дыплём атрымаў яе непасрэдны кіраўнік-рэдактар, а журналісты перадалі бацькам, якія маюць права зь ёй кантактаваць.

16.05 Пракурор зачытвае, што ў матэрыялах справы ёсьць спасылкі на расейскі інтэрнэт-сайт, дзе ёсьць фота Марцэлева на Плошчы..

16.05 Пракурор зачытвае, што ў матэрыялах справы ёсьць спасылкі на расейскі інтэрнэт-сайт, дзе ёсьць фота Марцэлева на Плошчы.

15.52 Распачынаецца прагляд відэазапісаў, з прысутнасьцю Марцалева. Відэа спыненае на адзіным кадры, за ім гучаць воклічы і скандаваньне «Свабоду!» «Жыве Беларусь!» Марцэлева на відэа пакуль ня бачна. 

Зноў спынены кадр, гучыць расейская папса і скандаваньне «Сыходзь!» Завершылі прагля відэа. Марцэлева на ім так і не пабачылі.

15.40 Распачынаецца праслухоўваньне аўдыёзапісу выступу Марцэлева на радыё. Марцэлеў не адмаўляецца, што заклікаў на плошчу, але не арганізоўваў, бо ні месца, ні часу не называў. Пракурор зачытвае гаворку Статкевіча з Марцэлевым. Марцэлеў, нібыта кажа: «Давай, займай крэсла Сідорскага!»

15.12 Пачынаецца зачытваньне матэрыялаў справы Сяргея Марцэлева.

Пракурор зачытвае заяву Сяргея Марцалева, у якой ён не прызнае сваёй віны ў частцы масавых беапарадкаў, але заклікаў на плошчу і ішоў па праезнай частцы.

Пракурор зачытвае адказы на запыты з нэўралягічнага, наркалягічнага дыспансэра, а таксама банка дадзеных аб правапарушэньнях — усе станоўчыя.

Таксама станоўчая характарыстыка па месцы жахарства і СІЗА.

Далей пратакол ператрусу па месцы жыхарства: сканфіскаваныя дыскі, флэш-карты іншыя носьбіты інфармацыі.

Зачытвае раздрукоўкі тэлефонных размоў, дзе Марцэлеў кажа, што мусіць пайсьці на плошчу, каб ахоўваць Статкевіча, бо яго могуць «па галаве стукнуць».


14.20 Пракурор зачытвае перамовы Ірыны Халіп з кіраўніком ДПС. Што, нібыта, яна заявіла міліцыянту: разыдзіцеся і не замінайце людзям ісьці па дарозе, на ходнікі вяртацца мы не зьбіраемся.

Пракурор пераходзіць да зачытваньня раздруковак тэлефонных перамоў.

Халіп кажа: Я лічу, што выбары пройдуць, як звычайна, што будуць напісаныя патрэбныя вынікі, што пратэстныя настроі ў грамадзтве неабходна выходзіць на плошчу.

14.08 Пракурор зачытвае папярэджаньне Андрэю Саньнікаву, які ёсьць у матэрыялах Ірыны Халіп. У ім гаворыцца, што Саньнікаў заклікаў на акцыю, на якую не падавалася заявак.

Далей — матэрыялы справы аб удзеле ў масавых непарадках.

Вытрымкі з выступаў Ірыны Халіп: “Давайце прачынацца, скарыстоўваць шанс, 19 сьнежня ўлада абрынецца”.

Адвакатка пратэстуе і патрабуе зачытваць не фрагмэнты, а увесь выступ.

Пракурор зачытвае ўвесь выступ.

Пракурор працягвае зачытваць выступы Халіп па-беларуску. Пра тое, што ўлада бяздарная: бяздарныя чыноўнікі на чале з галоўным. Нават на конкурсе бяздарнасьці ён заняў другое месца, бо бяздарны, каб заняць першае.

14.15 Судзьдзя паведаміла, што даведка пра шпіталізацыю Багдановіча дастаўленая ў суд цягам абедзеннага перапынку.

У матэрыялах справы фігуруе тэлефонны апарат Ірыны Халіп. Яна заявіла, што дабравольна яго нікому не выдавала, што ён быў адабраны. Судзьдзя падкрэсьліла, што не адабралі, а сканфіскавалі.

Халіп падкрэсьліла, што тэлефон яе ўласнасьць і мусіць быць вернуты сваякам.

14.01 Працэс аднаўляецца.

13.57 У залю паседжаньняў запускаюць сваякоў, журналістаў і праваабаронцаў. Абвінавачаныя прыведзеныя раней, зь імі размаўляюць адвакаты.

Сярод прысутных — адзін зь кіраўнікоў БХД Аляксей Шэін, праваабаронца Людміла Гразнова, прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый.

У залі застаюцца вольныя месцы, але ў залю болей не прапускаюць.

 

12.26 Абвешчаны перапынак да 14.00.

12.16 Пачынаюць чытаць пратакол допыту Дзяніса Садоўскага, адказнага сакратара аргкамітэту БХД, даверанай асобы Віталя Рымашэўскага.

12.08 Адвакат перапытвае, чаму сьведка Багдановіч, які таксама нібыта бачыў, як прарывалі калёну, не зьявіўся ў суд. Судзьдзя адказвае, што сёньня ён шпіталізаваны. Даведкі пра гэта будуць пазьней.

Адвакатка Халіп пратэстуе, што пры адсутнасьці даведкі пра важнасьць прычыны адсутнасьці, ягоны пратакол будзе зачытаны без прысутнасьці самога сьведкі.

Судзьдзя тлумачыць, што такое магчыма.

Адвакатка Халіп просіць абвесьціць перапынак да моманту, калі дакумэнты на адсутнасьць сьведкі Багдановіча будуць пададзеныя ў суд.

Судзьдзя хадайніцтва адхіляе.

Пракурор пачынае зачытваць пратакол допыту Багдановіча.

Багдановіч сьведчыць, што на прапанову актывіста аргкамітэту БХД Кастуся Шыталя з Докшыцаў стаў чальцом аргкамітэту.

Сьведчыць, што актывісты БХД падчас устаноўчага сходу выбралі Рымашэўскага ў якасьці кандыдата, і калі б яго не зарэгітстравалі, хацелі заклікаць да байкоту. Што яны заклікалі, у тым ліку Севярынец, выйсьці на плошчу 19 сьнежня.

Што ён таксама прыйшоў на Плошчу, бо студэнт і пратэстуе супраць разьмеркаваньня.

У пратаколе гаворыцца, што бачыў як былыя кандыдаты на чале калёны выйшлі на плошчу і пералічвае імёны. Таксама бачыў, як мітынгоўцы зьнялі з флагштоку дзяржаўныя сьцягі. Хто менавіта — ня ведае.

Таксама чуў, як білі шкло, але ён ня ведае хто.

Адвакатка хадайнічала выказаць заўвагі па пратаколу. Судзьдзя адмовіла.

Халіп заявіла, што ніякага ланцугу ня рвала, як гаворыцца ў пратаколе.

Севярынец кажа, што ў калёне не ішоў і нічога не арганізоўваў.

 

Ірына Халіп таксама сьведчыць, што Багдановіч маніць, і Павал Севярынец нікога не арганізоўваў прарываць ачапленьне, гэта мана.

 

11.57 Чытаюць пратакол допыту кіроўцаў, якія сьведчаць пра зьмены маршрутаў 19 сьнежня.


11.47
Пракурор зачытваць пратакол допыту супрацоўніка ДАІ Карзюка.

Паводле пратаколу допыту Карзюка, кандыдаты на прэзыдэнта ішлі ў галаве калёны ад Кастрычніцкай да Незалежнасьці. Пералічаныя імёны кандыдатаў, кіраўнікоў іх штабоў, таксама ўзгаданая “супруга экс-кандыдата” Ірына Халіп.

Што яны прарвалі ланцуг супрацоўнікаў ДАІ і рушылі ў накірунку пл. Незалежнасьці.

Праезную частку запоўнілі людзі, ДАІ перагарадзілі яшчэ адзін ланцуг каля Энгельса.

Сьведчыць, што кандыдаты, Халіп і Севярынец падышлі да ланцугу супрацоўнікаў ДАІ, патрабавалі прапусьціць людзей. Людзі іх абышлі і пайшлі далей.

11.40 
Судзьдзя заявіла, што ў суд ня будуць выкліканыя сьведкі з боку абвінавачаньня па паважных прычынах.

Аднак Ірына Халіп і яе адвакатка настойваюць на выкліку сьведкі міліцыянта Карзюка.

Ён сьведчыў, нібыта Ірына Халіп была ў авангардзе заклікаў і шэсьця.

Судзьдзя зачытала даведку пра ягоны стан здароўя, выдадзены паліклінікай МУС.

Адвакатка патлумачыла, што яе падабаронная і яна сама хочуць непасрэднай прысутнасьці Карзюка, каб задаць пытаньні паводле ягоных сьведчаньняў.

Пракурор папрасіў прызнаць няяўку паважнай, бо днямі, паводле даведкі, міліцыянт быў шпіталізаваны. Судзьдзя гэта падтрымала.

 

11.33 Запрошаны сьведка Сяргей Анянкоў. Ён сядзіць у залі і ягоныя паказаньні ня могуць быць прынятыя судом.

 

Судзьдзя запыталася: Як жа вы ўсе ж прарываліся ў залю?

Анянкоў: Так працуюць вашыя службы.

 

11.32 Запрошаны сьведка Аляксандр Мілінец. Яго пакуль няма


11.28 Запрошаны сьведка Юры Клімовіч з Гомеля сябра аргкамітэту БХД і давераная асоба Віталя Рымашэўскага. 

 

Ці былі вы на Плошчы 19 снежня?

 

Кажа, што на плошчы ня быў і тлумачыць чаму. Яго затрымалі ў Гомелі напярэдадні ўвечарына падставе таго, што ён нібыта лаяўся, арыштавалі на 15 сутак па адміністрацыйнай справе. Гэта было незаконна, пра што гэта ён засьведчыў на Бібліі, якую прынёс з сабой.


11.25 Запрошаны сьведка Аляксаднр Кавальчук з Мазыра сябра аргкамітэту БХД і давераная асоба Віталя Рымашэўскага. 

 

Ці былі вы на Плошчы 19 снежня?

 

Не, не даехаў, мне двойчы прабілі колы.

 

Што планавалася быць на Плошчы.

 

Збор людзей для абароны свайго выбару.

 

 

11.20-11.23 Запрошаная сьведка Валерыя Чарнаморцава і Георгі Дзьмітрук не могуць быць дапытаныя, бо прысутнічалі ў залі суда ў першы дзень працэсу.

11.15
Запрасілі сьведку Любоў Каменеву.

Распавяла, што бачыла на плошчы. Допыт завершыўся за 3 хвіліны.

11.05 Наступная сьведка – Ірына Логвін, супрацоўніца грамадзкай арганізацыі.

Кажа, што асабіста ведае Паўла Севярынца. Распавядае, як рухалася калёна з Кастрычніцкай на Незалежнасьці і ўсё было мірна.

 

На пытаньне пракурора, ці бачыла супрацоўнікаў ДАІ і міліцыі, ці чулі іх заклікі.

 

Ня бачыла і ня чула, бо ўвага была сканцэртравана на іншым, трымалася Віталя Рымашэўскага і Паўла Севярынца.

На пытаньне пракурора пра настроі людзей, кажа, што ніякай агрэсіі, палак і прутоў у людзей ня бачыла.

 

Судзьдзя запытвае, што сьведка чула на Кастрычніцкай.

Сьведка адказвае, што гучную музыку і лёзунгі. Якія? “Жыве Беларусь!”

На пытаньне судзьдзі, хто выкрыкваў, і адказ “Усе” прысутныя ў залі ажывіліся і заўсьміхаліся.

На пытаньне адваката сьведка таксама заяўляе, што людзі на Кастрыніцкай зьмясьціцца не маглі і не маглі ісьці па ходніках. Ніякіх заклікаў разыходзіцца ня чула.

Пракурор удакладняе, хто менавіта запрасіў яе на Плошчу.

Адказвае, што ніхто дакладна пра плошчу не казаў, пра гэта ўсім было зразумела без дамоўленасьцяў.


10.57 Наступны сьведка – кіроўца аўтобусу Вячаслаў Казлоўскі.

 

10.47 У зальлю запрошаны сьведка Цімафей Дранчук.

Судзьдзя робіць заўвагу, што сьведка апрануты ў тэніску з кароткімі рукавамі, што ў зьяўляца ў суд у такім выглядзе — дэманстраваць непавагу да суда.

Дранчук адказаў, што апрануўся па надвор’ю.

Кажа, што знаёмы з усімі абвінавачанымі.

Распавядае як і калі кантактаваў зь імі.


10.37 – 10.50 Наступная сьведка Аліна Лядненка, жыхарка Берасьця.

Сьведчыць, што знаёмая з Сяргеем Марцэлевым.

Кажа, што сымпатызуе Ўладзімеру Някляеву, была валантэрам выбарчай кампаніі.

Кажа: ведала, што на Кастрычніцкай плянуецца мірная акцыя.

Пракурор: Ці даваў рэкамэндацыі адносна акцыі?

Адказвае, што Марцэлеў, як мужчына, сябар, прадстаўнік моцнага полу, хваляваўся за яе.

Пракурок перапытвае.

Сьведка адказвае: хочаце, каб я ўзгадала словы 5-месячнай даўніцы?

Пракурор настойвае: Ці казаў Марцэлеў пра магчымы гвалтоўны характар акцыі?

Сьведка: Ня толькі ён, але і яе сваякі-сябры казалі, што на любой акцыі могуць быць правакацыі, што можа стаць небясьпечна для ўдзельнікаў.

Судзьдзя: Ці была перапіска ў скайпе 17 сьнежня?

Сьведка: так. Але ня ведаю, якога чысла.

Судзьдзя: А што вы адказвалі на сьледзтве? Ці пісаў Марцэлеў у скайпе пра магчымыя падзеі на Плошчы?

Тады судзьдзя зачытвае пратакол допыту: Нібыта, сьведка адказвала, што Марцэлеў ёй пісаў: На плошчы будзе “гарачавата”, каб бераглі сябе.

10.19 – 10.37  У залю запрошаны сьведка Вадзім Кабанчук, сябра аргкамітэту БХД.


Павал Севярынец слухае сьведак, стоячы за кратамі.

Кабанчук сказаў, што знаёмы з усімі абвінавачанымі.

Пракурор перапытвае, што ведае пра іх удзел у выбарах.

Распавядае, што падчас усіх сутрэчаў, падчас падрыхтоўкі да выбараў, гаварылася ўсімі ўдзельнікамі, што выбары — гэта фарс. І кульмінацыяй павінна стаць масавая акцыя пратэсту супраць фальшаваньня выбараў.

Удзельнікі меркавалі, што людзі зьбяруцца, магчыма, на Кастрычніцкай, а як будзе праходзіць — будзе залежыць ад хады падзеі.

Пракурор: Хто заклікаў?

Кабанчук: заклікалі многія кандыдаты і падкрэсьлівалі, што гэта будзе негвалтоўная, мірная акцыя.

Пракуро: Ці бралі дазвол?

Кабанчук:
 Ня ведаю. Але ў адпаведнасьці з Канстытуцыяй, усе грамадзяне маюць аднолькавыя правы. І ня ведае, каб на сьвяты горада браліся дазволы. Раз на пяць год грамадзяне маюць права на выказваньне сваёй пазыцыі адносна такой важнай палітычнай падзеі ў краіне.

Кабанчук распавядае, як разгортваліся падзеі: каля 20.00 быў на Кастрычніцкай плошчы, што на плошчы была гучная музыка, выступы былі слаба чутныя.

Пасьля закліку Статкевіча пайсьці да Адміністрацыі прэзыдэнта і людзі рушылі, але людзі пайшлі да пл. Незалежнасьці. Чаму – ня ведае?

Кажа, што шэсьце было мірным і ніякіх непарадкаў падчас хады не адбывалася.

Кабанчук працягвае сьведчыць, што паводле ягоных назіраньняў, біцьцё шкла распачалося раней, чым туды прыйшла асноўная калёна. Кажа, што заклікаў разысьціся ня чуў. На Кастрычніцкай гучала папса. На пл. Незалежнасьці таксама заклікаў міліцыянтаў не было.

 

Адвакат: Ці маглі ўсе людзі зьмясьціцца на плошчы?

Кабанчук: 
На Кастрычніцкай месца не было — там быў каток.

Допыт Кабанчука завершаны.

 

10.14 Запрошаны новы сьведка – Іван Дземідовіч, які таксама працуе кіроўцам аўтобуса.

Пытаецца: Мне распавесьці, калі мне дэманстрацыя перашкодзіла працаваць? 

 

Прысутныя ў залі заўсьміхаліся, пракурор крыху сумеўся.

Кажа, што каля 21.00 ДАІ загадала яму зьмяніць маршрут. Кажа, што бачыў калёну за мэтраў 200. Высадзіў пасажыраў каля будынку МУС на вуліцы Гарадзкі вал. З астатнімі людзьмі паехаў па Нямізе і выехаў на праспэкт Пераможцаў і паехаў далей.  Спазьніўся ня больш за 10 хвілінаў. Кажа, што затым быў абедзенны перапынак і вярнуўся на маршрут без перашкодаў.

Ірына Халіп 
перапытвае: Калі едзе па гэтаму ж маршруту Лукашэнка — ці перапыняюць маршрут?

Судзьдзя зьняла пытаньне. Адвакатка запыталася, чаму?

Судзьдзя адказла, што пытаньне ня мае дачыненьня да разгляду справы.

10.04. У залю запрошаны сьведка Мікалай Алексіевіч, кіроўца аўтобуса.

Распавядае, што вечарам 19 сьнежня працаваў у другую зьмену на аўтобусе маршрута №69. Увечары бачыў, як праз праспэкт ішлі людзі, а супрацоўнік ДАІ запатарбаваў ад яго зьмяніць маршрут. Вярнуўся на дыспэтчарскую станцыю і ад 22.30 аднавіў маршрут.

Адвакат запытвае, дзе яго супрацоўнік ДАІ прымусіў зьвярнуць. Кажа, што пры выездзе са Сьвярдова на праспэкт у 19.51. Вярнуўся і па Кірава спрабаваў пераехаць праспэкт праз вуліцу Леніна — і супрацоўнікі ДАІ таксама не пусьцілі. Гэтак ён быў затрыманы на гадзіну.

10.03 Працэс аднаўляецца. Судзьдзя абвяшчае сьпіс сьведкаў, якія маюць даваць паказаньні. 

У судовую залю людзей прапускалі праз тры пункты прпуску – на ўваходзе ў будынак, у будынку – на ўваходзе ў залю паседжаньня. Акрамя рамкі мэталяшукальніка ў прысутных двойчы аглядалі торбы і кішэні.

9.56 У залі суду абвінавачаныя, іх адвакаты, сваякі, журналісты і праваабаронцы.

Заля амаль поўная, а ў калідоры суду і на вуліцы застаецца яшчэ шмат людзей, якія таксама хочуць патрапіць на працэс, але ў залю іх ужо не пускаюць.

 

Суд над Рымашэўскім, Някляевым, Фядутам, Дзьмітрыевым, Вазьняком і Палажанкай. Шосты дзень

 

Абвешчаны перапынак да 10.00 14 траўня.

 

17.35 Пачынаецца допыт сьведкі сябра аргкамітэту БХД Юрыя Клімовіча. Ён кіраваў гомельскім выбарчым штабам Віталя Рымашэўскага.

 

Яго затрымалі прэвэнтыўна 18 сьнежня і па надуманых абвінавачаньнях пасадзілі на 10 сутак. Прэвэнтыўна затрымалі рэгіянальных прадстаўнікоў і іншых штабоў.


17.20 Судзьдзя запрасіла ў залю сведку Аляксандра Кавальчука, таксама сябру БХД і давераную асобу Віталя Рымашэўскага. Ён з Мазырскага раёна, таксама з’яўляўся сябрам ініцыятыўнай групы Віталя Рымашэўскага.

 

Cьведка Кавальчук так і не змог даехаць да Плошчы праз перашкоды, яму прабілі два колы ў машыне, шукалі яго машыну, якая быццам бы кагосьці зьбіла, ў той час як ён быў зь сям’ёй у царкве. На яго думку ўлады не дазволілі прыехаць туды вялікай колькасці людзей, якія маглі б супрацьстаяць правакацыям, біццю шкла ў Доме ураду. 

 

 

17.12 Чарнаморцава: «Ніхто нічога не пачуў… Людзі выйшлі на праспект і ў мяне склалася ўражаньне, што хтосьці дамовіўся з ДАІ, каб людзі не падушыліся і змаглі прайсьці там. Не чула ніякіх заклікаў з боку ДАІ. А нават каб яны там і былі, то я б іх не пачула праз гучную папсу, якая гучала на Кастрычніцкай плошчы».

 

17.10 Наступная сведка, заяўленая адвакатам Віталя Рымашэўскага, яго даверанай асоба, сябра аргкамітэту БХД Валерыя Чарнаморцава. Спадара Рымашэўскага яна ведае ўжо больш 10 гадоў, падчас выбарчай кампаніі была яго даверанай асобай. Распавяла, што ўдзельнічала ў назіраньні за правядзеньнем выбараў, аднак на адным з участкаў Менска была выдаленая адтуль з міліцыяй, за што пасьля атрымала ад раённай камісіі ўдзячнасьць за дапамогу ўчастковай. Чарнаморцава паведаміла, што менавіта гэты факт прымусіў яе прыйсці на Кастрычніцкую плошчу.

 

17.00 Зараз паказанні дае Ірына Логвін. Яна была даверанай асобай Віталя Рымашэўскага, каардынатаркай яго штаба па Менску. У размове з адвакатам яна падцвердзіла, што спадар Рымашэўскі заклікаў на акцыю пратэста падчас сваёй кампаніі, аднак гэтыя заклікі не былі антысацыяльнымі — акцыя падавалася як выключна мірная.

 

Ірына Логвін таксама ўдзельнічала ў Плошчы. Яна заявіла, што не чула ад Віталя Рымашэўскага падчас выступаў і шэсьця заклікаў да парушэньня парадку.

 

16.45 Суддзя Жукоўская задаволіла хадайніцтва адваката Віталя Рымашэўскага. «Каб ніякім чынам не прыцясніць інтарэсы Рымашэўскага. Калі сведкі тут, то мы можам іх апытаць», — паведаміла суддзя.

 

Зараз будзе дапытаны прадпрымальнік з Воршы Яўген Анішчанка, які зьяўляецца даверанай асобай Віталя Рымашэўскага. Спадар Анішчанака ішоў на Кастрычніцкую плошчу разам з Віталём Рымашэўскім. Сцвярджае, што прысутныя на Кастрычніцкай плошчы не змаглі б фізічна змясціцца на ходніках праспекта Незалежнасці — іх было зашмат для гэтага.

 

 

16.30 Адвакат Віталя Рымашэўскага заявіў яшчэ пяць сведак са свайго боку. Суддзя абвясціла перапынак на дзесяць хвілін.


 

16.05 У якасьці сьведкі выкліканы народны паэт Беларусі Генадзь Бураўкін.

 

Бураўкін пачаў з аповяду пра Някляева. Пералічыў яго шматлікія заслугі. Паведаміў таксама, што працаваў у камандзе кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева, аднак на Плошчы не быў. «Я ведаў, што гэта была мірная акцыя, выкліканая тым, што жыцьцё, якім мы жывём, дае падставы сумнявацца ў сумленнасьці, дэмакратычнасьці і празрыстасці выбараў», -заявіў спадар Бураўкін.

 

15.54 Наступная сьведка грамадская дзяячка Тацяна Процька распавядае, чым займалася у межах кампаніі ГП. На яе думку, Някляеў вельмі позна прыняў рашэньне ўдзельнічаць у выбарах. Яна мяркуе, што Някляеў прыняў рашэньне пра гэта толькі пасля ператрусаў і арыштаў у траўні 2010 года.

 

15.23 Наступны сведка — педагог і рэжысёр, старшыня рады беларускай інтэлігенцыі Уладзімір Колас.

 

Колас распавядае, як праходзіла акцыя 19 сьнежня. Паведаміў, што да канца дэманстрацыі не дабыў, бо бачыў, што няма агульнага плана і нічога цікавага там не адбывалася. Разам з тым сьведка Колас зазначыў, што людзі былі пазітыўна настроеныя.

 

15.09 Наступны сведка — Карпаў. Муж пацярпелай на вул Калектарнай дзяўчыны, якая сьведчыла перад перапынкам. Карпаў распавядае, чаму вырашыў пайсьці на Плошчу. Паўтарае расповед сваёй жонкі аб нападзе на калону Някляева на вул. Калектарнай.

 

14.53 Наступная сведка — Тацяна Караткевіч. Яна была сябрам ініцыятыўнай групы Някляева, прымала удзел у працы штаба. Адвакаты задаюць ей пытаньні, што датычаць арганізацыі бяспекі на Плошчы. Таццяна Караткевіч кантактавала з МУС, КДБ і Мінгарвыканкамам. Сведка распавяла, што ў прыёмных гэтых установаў адмовілі Някляеву ў сустрэчы з іх кіраўніцтвам.

 

Някляеў падчас допыту Караткевіч паведаміў суддзі, што спробы сустрэцца з кіраўніцтвам МУС і КДБ былі зробленыя яшчэ да атрымання папярэджання ад Генпракуратуры.

 

“Я чула як людзі ў чорным абмяркоўвалі паміж сабой збіцьцё Някляева. “Ты яго забіў” — сказаў адзін з іх другому. Потым яны праверылі ў Някляева пульс, ударылі некалькі разоў яго нагамі у жывот і сышлі”.

 

14.29 Цяпер дапытваюць сведку Каўша. Ен пенсіянер, жыве у Берасьці.

 

Коўш кіраваў дзейнасьцю кампаніі ГП у Берасьце. Расказвае пра дзейнасць ГП, паведаміў, што палітыкай ГП не займалася. Ні Дзьмітрыеў, ні Фядута, ні Някляеў, ні Вазняк, паводле яго словаў, у межах кампаніі ГП не рабілі палітычных заяваў. Разам з тым Коўш паведаміў, што падчас выбарчай кампаніі кіраваў берасцейскім штабам Някляева.

 

Коўш прывёў прыклады парушэньняў і фальсіфікацыяў у Берасцейскай вобласьці. Судзьдзя спыніла яго.

 

Коўш: «Фальсіфікацыі дасягнулі такіх памераў, што далей ужо няма куды».

 

14.08 Пасьля перапынку слухаюць сьведку кіроўцу аўтобуса маршрута №100 Казлоўскага.

 

14.02 Сакратарка паклікала у залу суда сьведку маладафронтаўца Міколу Дземідзенку, які быў даверанай асобай Віталя Рымашэўскага.

 

Дземідзенка расказвае пра падзеі на Кастрычніцкай плошчы. Заявіў, што вырашыў ісьці на Плошчу як толькі даведаўся пра дату правядзеньня выбараў. Працэс аднаўляецца. Зараз будзе дапытаны кіроўца аўтобуса.

 

Кажа, што праспэкт быў перакрыты ДАІ. Інспэктар сказаў, каб кіроўца разьвярнуўся і паехаў у адваротны бок. На Кастрычніцкай былі людзі.

 

13.06 Абвешчаны перапынак да 14.00

13.04 Наступная сьведка Кацярына Карпава. Яе муж — сябар Дзьмітрыева, той запрасіў Карпава 19 сьнежня ў офіс на Нямізе. Распавядае пра інцыдэнт на вуліцы Калектарнай. Калі прайшлі мэтраў 50 ў калёне, бачыла ўспышкі, чула выбухі. Яе паклалі груба ня зямлю з лаянкай. Зусім побач праляцела шумавая граната. У яе былі апёкі твару, нагі, пашкоджана сумка (прадэманстравала сумку ў судзе), куртка наагул прыйшла ў нягоднасьць. Кажа пра грубы гвалт з боку людзей у чорным.

12.34 Наступны сьведка — Рыгор Кастусёў.

Распавядае пра сваю скаргу пра парушэньні падчас выбарчай кампаніі. Прыводзіць канкрэтныя прыклады прымусовага датэрміновага галасаваньня навучэнцаў і студэнтаў пад наглядам выкладчыкаў — усяго 260 старонак. Гэта канкрэтныя дакумэнты, факты, лісты. Інфармацыяй пра парушэньні дзяліўся зь іншымі кандыдатамі. Пракурор пытаецца пра шэсьце 19 сьнежня. У шэсьці ён удзельнічаў. Чуў лёзунгі “Жыве Беларусь!”. Сам перасоўваўся па ходніку.

Яшчэ на самых першых сустрэчах з выбарцамі зразумеў, што выбары будуць сфальсыфікаваныя. У размовах і сустрэчах па выпрацоўцы агульнай канцэпцыі Плошчы ня ўдзельнічаў. Кажа, што загадзя агульнай канцэпцыі не было. Пра зьбіцьцё Някляева даведаўся на Кастрычніцкай плошчы. Абураны быў, што зьбіцьцё адбылося яшчэ падчас галасаваньня, хаця ў гэты час кандыдат павінен быць абаронены законам.

За час перадвыбарчай кампаніі зь Някляевым ён агульныя пляны не абмяркоўваў.

12.21 Наступны сьведка — Уладзімер Ганчарык.

Быў на Кастрычніцкай плошчы, прайшоў ў калёне да Менгарвыканкаму. У людзей быў ўзьняты настрой, уздым, як раней на першамайскіх дэманстрацыях. Выступаў ня чуў. Гучна грымела музыка. Людзей было шмат. Куды ідуць, ён разумеў, а навошта і што далей — ня ведаў.

Сам ён ішоў па ходніку. Гэта была мірная дэманстрацыя. Супраціву і беспарадкаў не было. Заклікаў разысьціся ён ня чуў. Пра зьбіцьцё Някляева яму паведамілі па тэлефоне, калі ён ішоў праз парк Горкага на плошчу. 

Судзьдзя здымае ўсе пытаньне пра мінулыя плошчы ў 2001 годзе і ўдзел Ганчарыка ў выбарах 2001 года.

11.58 Выступае сьведка Алег Шабетнік.

Распавядае пра кампанію “Гавары праўду”, кажа, што займалася яна сацыяльнымі праблемамі, дапамагалі людзям, у тым ліку і чарнобыльцам. Быў даверанай асобай Някляева. Распавядае, якія перашкоды чынілі Някляеву, калі ён езьдзіў па рэгіёнах: спынялі машыны, шукалі ў іх наркотыкі. 

Адвакат пытаецца пра падзеі 19 сьнежня. Шабетнік кажа, што мелі намер сьвяткаваць перамогу альбо выхад Някляева ў другі тур выбараў. На вуліцы Калектарнай бачыў машыну з гукаўзмацняльнай апаратурай. Калёна расьцягнулася мэтраў на 10. Машына ДАІ стаяла поперак. Чуў выбухі. Яго паклалі тварам на зямлю. Людзі ў чорным білі людзей, разьбілі шкло ў мікрааўтобусе. Білі жорстка. Апаратуру перагрузілі ў свой аўтобус. На зямлі ляжалі зьбітыя жанчыны. Журналістаў таксама паклалі тварамі ў сьнег. Зьбіцьця Някляева ня бачыў. Бачыў толькі, як несьлі непрытомнага Някляева. Сам ён пайшоў на плошчу. Людзі на плошчы ўжо ведалі, што зьбілі Някляева, яны былі шакаваныя. 

Далей распавядае пра сустрэчы Вазьняка ў Жлобіне, Мазыры, Сьветлагорску, іншых гарадах. Вазьняк запрашаў людзей сьвяткаваць перамогу 19-га на плошчы.

Сьведка кажа, што перадвыбарчая кампанія і “Гавары праўду” былі рознымі, пад рознымі сьцягамі. “Гавары праўду” адрозьнівалася сваёй сацыяльнай скіраванасьцю.

Людзі, што напалі на калёну, былі ў чорным без апазнавальных знакаў, хутчэй за ўсё, гэта было нейкае спэцпадразьдзяленьне. Было адчуваньне, што у пальчатках былі кастэты, бо ўдары былі моцныя.

11.49 Аляксандар Фядута папрасіў абвесьціць перапынак на 5 хвілін.

11.23 Сьведка Ніна Пахлопка распавядае, што была намесьніцай старшыні “Руху наперад”, выдавалі прадукцыю асьветніцкага характару. Ніякага згадваньня пра выбары ў прадукцыі не было.

Пахлопка распавядае пра грамадзкае аб’яднаньне “Клопат”, якое здымала памяшканьне на вуліцы Няміга, 42. Распавядае пра падзеі вечара 19 сьнежня. Кажа, што калёна пачала фармавацца каля 19 гадзін, чалавек 70 – 80. Два мікрааўтобусы знаходзіліся на вуліцы Калектарнай. Ёй падалося, што пачалі страляць, былі нейкія выбухі. Людзі ў чорным без апазнавальных знакаў выбеглі з двух аўтобусаў з непрыстойнай лаянкай, выцягнулі і зьбілі кіроўцу мікрааўтобуса, была кроў. Пацягнулі гукаўзмацняльную апаратуру, дзейнічалі людзі ў чорным вельмі хутка, кідалі людзей тварамі ў сьнег. Яна бачыла ляжачых зьбітых людзей. 

Людзі ў чорным былі трэніраваныя, адмыслова навучаныя, дзейнічалі вельмі прафэсійна, у іх былі дубінкі. Някляева занесьлі ў офіс, аказалі дапамогу, выклікалі хуткую. Яна падвярнула нагу, і таму сышла дамоў. На ператрус яе не запрасілі — быў парушаны закон, бо яна кіраўнік офісу. Офіс апячаталі.

11.20 Пасьля выступу Сімбірова двое прысутных у судзе пачалі апладзіраваць. Судзьдзя выдаліла іх з залі.

10.52 Выступае сьведка Ігар Сімбіроў.

Ведае ўсіх абвінавачаных, кажа, што ўсе яны — асобы выбітныя. Адвакат распытвае, што такое кампанія “Гавары праўду!” і чым яна займалася. Сімбіроў вельмі эмацыйна кажа пра сацыяльную ськіраванасьць кампаніі, пра праўду, якая так неабходная людзям. Ён яшчэ зь 2001 года ведаў, што “мы прыйдзем на плошчу з кветкамі і шампанскім”. 

Распавядае, што ён рабіў 19 сьнежня. Быў у штабе на Нямізе, 42. Бачыў там Дзьмітрыева, Фядуту, пазьней падышоў Някляеў. Ён сам сядзеў за кампутарам. Увечары зьбіраліся ісьці віншаваць Някляева на плошчу. У некаторых былі кветкі. У народа быў сьвяточны настрой. Адчувалі, што могуць быць правакацыі. Яго задача была — атачыць аўтобус і абараняць яго. Вуліца была перакапаная, ісьці можна было толькі па ходніках. 

Ён бачыў, як літаральна ўразаецца ў калёну машына ДАІ. Натуральна, народ кінуўся туды. Калі ён павярнуўся, убачыў выбух. народ разгубіўся. Ніякага супраціву не было. перад ім амапавец у чорным разьбіў шкло аўтобуса, кінуў Сімбірова на зямлю і наступіў ботам. Ён пачуў крык: “Апаратуры ў аўтобусе няма!” Сімбіроў кажа, што, адназначна, гэта былі сілавыя структуры. Было шмат людзей з камэрамі, журналістаў. Калі гэтыя “пачвары” зьніклі, людзі пачалі крычаць, што Някляеў беспрытомны. Зьбіўшы людзей, яны зьніклі.

Перад аўтобусаў ляжаў зьмяты, зьбіты Някляеў, яшчэ чалавек 5 зьбітых ён бачыў. Засталося чалавек 40, якія вырашылі ісьці на плошчу. Ён меў намер таксама ісьці і распавядаць, што адбылося зь Някляевым. На плошчы Кастрычніцкай ён быў. Не зусім зразумеў, як людзі апынуліся на праезнай частцы. Заклікаў ісьці на плошчу ён ня чуў. Лаянку чуў толькі ад людзей у чорным.

10.40 Выступае сьведка Сяргей Анікееў. Зьбіраў подпісы за Някляева.
Кіроўца “Фальксвагена” сіне-зялёнага колеру. 18 сьнежня забраў адзін намёт, які раней стаяў каля ГУМу. 19 сьнежня стаяў каля офісу, езьдзіў у краму за ежай для тых, хто быў у офісе. Адвакат Букштынаў распытвае яго пра падзеі на вуліцы Калектарнай. Там стаяў яшчэ адзін мікрааўтобус белага колеру. Калёна зрушылася, і ён зайшоў у офіс папіць гарбаты. Чуў выбухі. Потым прыбеглі параненыя людзі. Някляева прынесьлі на рухах, ён быў моцна зьбіты. Людзі распавядалі, што на іх напалі людзі ў чорным. Някляеву выклікалі хуткую дапамогу. Яшчэ ў чалавек 10 – 15 былі пашкоджаньні. Някляеў быў некаторы час у непрытомным стане. Мэдыкі яго павезьлі ў шпіталь. Сьведка потым хацеў паехаць дадому, але яго спыніла машына ДАІ. Людзі ў чорным не прадставіліся, сілай выцягнулі яго з аўтамабіля. Забралі намёт, 10 настольных лямпаў. Вярнулі тэхпашпарт і пасьведчаньне? Дагэтуль нічога не вярнулі.

Намёт потым ён бачыў па Беларускаму тэлебачаньню. Але ён ляжаў ў іншым мікрааўтобусе зялёнага колеру, але не ў яго аўто. Там яшчэ была каністра сіняга колеру, гукаўзмацняльная апаратура, кажа Анікееў, кіроўца зялёнага аўто.

 

10.21 Адвакатка Палажанкі заяўляе хадайніцтва запрасіць кіраўнікоў прадпрыемстваў, якія закрыліся раней з-за масавага шэсьця і недаатрымалі прыбытак. Пракурор зноў супраць. Судзьдзя адмаўляе на дадзенай стадыі ў задавальненьні хадайніцтва, але да гэтага пытаньня абяцае вярнуцца.

10.17 Судзьдзя прымае хадайніцтвы заслухаць сьведкаў абароны. Пракурор супраць. Някляеў пратэстуе: маўляў. абвінаваўца пастаянна пераходзіць на асобы. Судзьдзя сказала, што сьведкі будуць заслуханыя.

10.16 Пра факты перадачы грошай сьведка адмаўляецца гаварыць. Людзям, якія ставілі подпісы, грошай яна не давала. Рымашэўскі робіць заяву, што лісты, завераныя гэтай зборшчыцай, у ЦВК не здаваліся. Такога прозьвішча ў яго ініцыятыўнай групе няма.

10.06 Ранішняе паседжаньне пачынаецца са слуханьняў сьведкаў. Сьведка Марыя Садова распавядае пра тое, як ёй спадар Барысаў прапаноўваў зьбіраць за яго подпісы. Таксама ёй прапаноўвалі зьбіраць подпісы за Рымашэўскага і Някляева. Багуслаў Унгур абяцаў прыстойную аплату — 1 даляр і болей за подпіс. Подпісы зьбірала. Распавядае, як хадзіла па кватэрах, зьбірала подпісы, падпісныя лісты перадавала Барысаву.

10.00 Працэс аднавіўся. У залі Часова павераны ў справах ЭЗ у Беларусі Жан-Эрык Хольцапфель, паэт Леанід Дранько-Майсюк і філёзаф Валянцін Акудовіч.

 

Паводле Радыё “Свабоды”, “Нашай Нівы” і ўласнай інфармацыі прэс-службы БХД

Болей навін