Пракурор просіць Севярынцу 3 гады хіміі, але ён усё адно дзякуе Богу і любіць Беларусь

13 мая 2011 18:23  |  Галоўныя навіны

13 траўня, у 3-ці дзень судовага працэсу над зьняволеным сустаршынём БХД Паўлам Севярынцам у судзе Заводскага раёну г. Менску (Партызанскі праспект, 75а) у канцы судовых спрэчак пракурор запаратрабаваў пакараць Паўла Севярынца  3 гадамі абмежаваньня волі з накіраваньнем у месцы адбыцьця пакараньня, тобок так званай “хіміі”. Прысуд Севярынцу, а таксама Халіп і Марцалеву будзе абвешчаны ў панядзелак 16 траўня ў 10.00.

 

Пракурор сцьвердзіў, што Севярынец выявіў непадпарадкаваньне вогранам улады, што пацягнула за сабой шкоду дзяржаўным арганізацыям, пункту абмену валюты, мэтрапалітэну, Палацу прафсаюзаў, сарвала рух грамадзкага транспарту. Пракурор заявіў, што дзеяньні Севярынца падпадаюць пад частку 1 артыкулу 342 КК, падкрэсьліўшы, што іх віна даказаная матэрыяламі справы, у тым ліку паказаньнямі супрацоўнікаў міліцыі і іншых сьведкаў, відэа- і аўдыёматэрыяламі.

 

Ірыну Халіп пракурор запатрабаваў пакараць 2 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на два гады, Сяргея Марцэлэва — 2 гадамі пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

 

Усіх іх абвінавачваюць ў арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўным удзеле ў іх (частка 1 артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу).

 

Адвакат Севярынца Вадзім Мушынскі ў сваім выступу заявіў, што дзеяньні Севярынца не адпавядаюць артыкулу, паводле якога абвінаваўца кваліфікуе ягоныя дзеяньні. Так, Севярынец быў на Плошчы і выгукваў «Верым, можам, пераможам!» і «Жыве Беларусь!» — гэта ня ёсьць крымінальным злачынствам. Права выказваць меркаваньне гарантаванае Канстытуцыяй.

Севярынец не схіляў нікога да непадпарадкаваньня, і гэта пацьверджана матэрыяламі справы. Ні Севярынец, ні хто іншы не адштурхоўваў супрацоўнікаў ДАІ. Знаходжаньне на праезнай частцы ня ёсьць злачынствам. Тым больш, калі людзі не маглі зьмясьціцца на ходніках. Каб людзі не падушыліся, яны і выйшлі на дарогу, таму судзіць за гэтыя дзеяньні недапушчальна.

Няма тлумачэньняў, чаму прадпрыемствы, як Макдональдс, абменьнік у будынку ўнівэрсаму «Цэнтральны» зачыніліся, паколькі ніякіх беспарадкаў не адбывалася. Тлумачэньні пра небясьпеку — надуманыя. Адвакат зьвяртае ўвагу на асобу свайго падабароннага. Ён — сапраўдны патрыёт Беларусі, шмат робіць для яе будучыні. Гэта вернік, які выступае за цярпімасьць і талерантнасьць. Таму ён ня можа заклікаць да гвалту.

Адвакат папрасіў апраўдаць падабароннага, паколькі ягоныя дзеяньні кваліфікуюцца адпаведным артыкулам адміністрацыйнага кодэксу. Кажа, што не 19 сьнежня абдылася трагедыя, а тое, што адбываецца цяпер, калі эліта грамадзтва — пісьменьнкі, журналісты сядзяць у турмах — гэта спраўдная трагедыя. Гэтыя людзі павінны пакінуць гэтую залю без суправаджэньня. 

 

Прамова адваката выклікала воплескі прысутных.

 

У сваім апошнім слове Павал Севярынец падзякаваў прысутным, бацькам, сёстрам і Богу, што жыве ў гэтай краіне. Кажа, што сёньняшняя сыстэма правасудзьдзя — карная, нашчадак савеччыны. І гэта прыводзіць да нянавісьці ў людзях, а не да любові.

Паказальна, што падчас 4-х месяцаў зьняволеньня яму так і не дазволілі сустрэцца зь сьвятаром — і гэта нялюдзкасьць сыстэмы, якая не дазваляе людзям быць лепшымі.

Мы, беларусы, ня любім адзін аднаго. Гэта бачна з выступу дзяржаўных асобаў. Але любоў не прыходзіць сама, а даецца ад Бога. Пакуль беларусы, нацыя з тысячагадовай гісторыяй, ня зьвернуцца да Бога, датуль ня будзе любові і ня будзе міру і ладу.

Севярынец сказаў, што Бог можа усё. І папрасіў дазволу падарыць судзьдзі сваю кнігу «Люблю Беларусь».

 

Паводле онлайн-рэпартажу Радыё “Свабода” 

Болей навін