Севярынец: каменнае сэрца ў цэнтры Менску захоўвае памяць катаваньняў расстраляных пісьменьнікаў (Аўдыё)
Гутарыў з Паўлам карэспандэнт Радыё “Свабода” Сяргей Абламейка.
Абламейка: Якія ў вас адчуваньні ў першы дзень па-за мурамі “амэрыканкі”?
Севярынец: Дзякую Госпаду і дзякую ўсім тым, хто падтрымліваў і маліўся. Таму што ёсьць людзі, якім значна цяжэй зараз. Ім патрэбная будзе дапамога.
Абламейка: Падчас судовых паседжаньняў вы ўвесь час стаялі? Гэта неяк зьвязана з праблемамі са здароўем?
Севярынец: Так, але спадзяюся, што ў Віцебску, дзе давядзецца чакаць выкліку на адбыцьцё «хіміі», мне ўдасца за гэты час здароўе паправіць. Патрэбнае невялічкае абсьледаваньне.
Абламейка: Да сёньняшняга рашэньня суду вы яшчэ не былі асуджаным і павінны былі карыстацца ўсімі правамі грамадзяніна. Якая мэдычная дапамога вам аказвалася ў турме як грамадзяніну Беларусі?
Севярынец: Маглі перадаць лекі. Але ні абсьледаваньняў, ні апэрацыяў, я так разумею, праводзіць ніхто не зьбіраўся. Калі ўлічыць, што амаль пяць месяцаў не давалі магчымасьці сустрэцца са сьвятаром для споведзі і прычасьця, хоць гэта законна і СІЗА гатовы быў прыняць, але ні суд, ні сьледзтва не давалі такога дазволу, можна меркаваць, што правы грамадзян для іх, на жаль, пусты гук.
Абламейка: Аляксей Міхалевіч заявіў пра катаваньні ў турме КДБ. Яго словы пацьвердзіў на судзе і Андрэй Саньнікаў. Вы сёньня раніцай сказалі, што для вас, як для чалавека за кратамі ня новага, гэта – праявы рэжыму ўтрыманьня. Дык як гэта ацэньваць тым, хто за кратамі ня быў і хто змагаецца за правы чалавека?
Севярынец: Ведаеце, зьдзекі, катаваньні і рэжым утрыманьня — гэта абстрактныя схемы. А “расьцяжкі” і зьняважлівае стаўленьне да людзей (прабяжыце, калі ласка, пагрукаем вам дубінкамі або ў каршэль трошкі падпіхнем) для мяне (а я бачыў, як ставяцца да звычайных бытавых злачынцаў і там пра правы чалавека гаворка ўвогуле ня йдзе, там можа быць падлога залітая крывёю ў адной з камэраў райаддзела), для мяне гэта хутчэй піянэрлягер, прабачце, тое, што адбывалася ў СІЗА КДБ. То бок, можна пацярпець. Я разумею, што гэта мне як маладому чалавеку, але людзям, такім як Саньнікаў, або хто першы раз у турме або маладзейшым, да якіх ставіліся больш жорстка, я маю на ўвазе тых, хто атрымаў па тры, па чатыры гады зараз, для іх, безумоўна, гэта больш жорстка, для іх гэта зьдзекі, гэта катаваньні.
Абламейка: А ў прынцыпе з гледзішча законаў і Канстытуцыі такога не павінна быць у турме?
Севярынец: Канечне, такога не павінна быць. Але пры сёньняшнім рэжыме гэта хутчэй кветачкі.
Абламейка: Ва ўспамінах аднаго зь беларускіх нацыянальных дзеячоў 30-х гадоў, хіміка Яўхіма Кіпеля згадваецца, што ў 1930 годзе, калі было арыштавана больш за 100 прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай эліты – так званых нацдэмаў, уся ахова турмы НКВД “амэрыканка” складалася з ураджэнцаў Саратаўскай губэрні. У нядаўнім інтэрвію “Нашай Ніве” былога начальніка Фрунзэнскага райаддзелу КДБ Менску Аляксандра Баганёва ён сказаў, што ў КДБ засталося каля 30 працэнтаў выхадцаў зь Беларусі. Я, вядома, разумею, што жорсткасьць або дабрыня сьледчага ці наглядчыка не залежаць ад яго нацыянальнасьці, але ўсё ж, паводле вашых назіраньняў, што за публіка цяпер працуе ў беларускім КДБ, хто там сьледчыя і хто наглядчыкі? Зь якіх краёў народ?
Севярынец: Наглядчыкі ў асноўным беларусы, магу сьцьвярджаць гэта пэўна. Паводле гаворкі і паводзінаў сярод канваіраў можна вызначыць беларусаў. І, дарэчы, яны ставіліся дастаткова прыстойна. Нават, выконваючы загады. Было бачна, што, як усякаму беларусу, ім ня вельмі гэта прыемна. Што тычыцца сьледчых, начальства, тут адсотак людзей, для якіх Беларусь не зьяўляецца радзімай, значна вышэйшы. Мне зь імі было значна цяжэй камунікаваць, таму што я проста бачыў, што людзі… ёсьць адчуваньне адчужанасьці, чужыя людзі. Там не пачуеш трасянкі, не пачуеш беларускай скругленасьці фразаў. Там прасьвечвае ці то савецкасьць, ці то Расея. Гэта, канечне, пэўным чынам напружвае. У службе, якая павінна дбаць пра беларускую незалежнасьць, беларусы займаюць ніжэйшыя паверхі. А на вышэйшых — людзі з савецкім мэнталітэтам, для якіх Расея ня толькі радзіма, але яшчэ й палітычны арыенцір. Даводзілася чуць там ухвальныя словы пра расейскую нацыянальную ідэю і непаразуменьне, калі гаворка ішла пра беларускасьць, беларушчыну, беларускую незалежнасьць.
Абламейка: Ці не было ў вас адчуваньня, што муры турмы КДБ памятаюць сваіх ранейшых вязьняў – выдатных дзеячоў беларускага адраджэньня Лёсіка, Ластоўскага, Цьвікевіча, паэтаў Дубоўку, Грамыку і іншых?
Севярынец: Так. Ведаеце, калі да мяне не пускалі сьвятара, я прааналізаваў, здаецца, гэта адзінае месца ў Беларусі, куды не заходзіў сьвятар з тых часоў, з тых катаваньняў, калі расстрэльвалі пісьменьнікаў. Мне давялося распытваць начальніка турмы пра падвалы «амэрыканкі» і ён распавёў пра нейкія памяшканьні, у якіх нават немагчыма зразумець, што рабілася, так яны збудаваныя. Безумоўна, у дворыках, у мурах адчуваецца, што гэтае каменнае сэрца ў цэнтры Менску захоўвае тую памяць.
Цалкам гутарку можна слухаць тут: