Пракурор просіць Статкевічу 8 гадоў узмоцненага рэжыму. Каментары Рымашэўскага і Севярынца
18 траўня ў судзе Ленінскага раёну Менску пры разглядзе крымінальныя справы супраць былых кандыдатаў у прэзыдэнты Міколы Статкевіча і Дзьмітрыя Вуса, а таксама супраць Аляксандра Класкоўскага і іншых удзельнікаў Плошчы, якіх вінавацяць ва ўдзеле ў масавых беспарадках, пракурор запрасіў Статкевічу – 8 гадоў, Вусу – 7 гадоў, Класкоўскаму – 8,5 гадоў калёніі узмоцненага рэжыму, астатнім па 4 гады таксама ўзмоцненага рэжыму.
Падчас перапынку ў сваім судзе кароткі каментар на гэты конт даў сустаршыня БХД, кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі. У інтэрвію прэс-службе БХД Рымашэўскі сказаў: “Вядома, гэта беззаконьне. Колькі яны адсядзяць, залежыць не ад суда, не ад уладаў, а ад тых беларусаў, дэмакратаў, якія засталіся на волі. Калі мы будзем іх бараніць, яны не адсядяць гэты тэрмін, а магчыма будуць вызваленыя напрацягу года.”
Асуджаны ў панядзелак на 3 гады “хіміі” сёньня прысутнічаў у залі суду над Статкевічам. Ён таксама падзяліўся сваімі ўражаньнямі: “Статкевіч пасівеў, выглядае хоць і бадзёра, але бачна, што далася ў знакі галадоўка ў Амерыканцы. У гэтым судзе, як і ў іншых, пануе савецкая сістэма, судзьдзя слухае, нічога не гаворыць, выглядае на тое, што ўсе робіцца для спектакля, выступы пракурора, адвакатаў, судзьдзі. Над Міколам Статкевічам, як чалавекам, які найбольш рашуча выказваўся і паводзіў сябе на Плошчы, вырашылі правесьці узорны суд і пакараньне, адсюль самыя вялікія патрабаваньні на прысуды яму, Вусу, Класкоўскаму.”
Падчас сваёй прамовы пракурор на гэтым судзе папрасіў наступныя тэрміны зьняволеньня:
Статкевічу – 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
Вусу – 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
Класкоўскаму – 8 гадоў і 6 месяцаў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
Квяткевічу – 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму;
Пазьняку – 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму;
Буланаву – 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму;
Грыбкову – 4 гады з прымусовым лячэньнем ад алькагалізму.
Нагадаем, што Мікола Статкевіч і Дзьмітры Вус абвінавачваюцца па ч. 1 арт. 293 “Масавыя беспарадкі” КК Беларусі, Аляксандр Класкоўскі – па ч. 1 і ч. 2 арт. 293, а таксама па арт. 369 “Абраза прадстаўніка ўлады” і арт. 382 “Самавольнае прысваенне звання або ўлады службовай асобы” КК Беларусі. Астатнія чатыры фігуранты Аляксандр Квяткевіч, Дзмітрый Буланаў, Андрэй Пазняк і Арцём Грыбкоў абвінавачваюцца па ч. 2 арт. 293 КК Беларусі.