Прадстаўнікі БХД сустрэнуцца з дэлегацыяй Эўрапейскай Народнай Партыі
Прадстаўнікі аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” сёньня, 19 траўня, у Вільні возьмуць удзел у сустрэчы з дэлегацыяй Эўрапейскай Нарорднай Партыі. Пра гэта паведаміў прэс-службе БХД адказны сакратар аргкамітэту Дзяніс Садоўскі. Сярод пытаньняў, што будуць узьнятыя на сустрэчы з ЭНП у Вільні, будзе абмяркоўвацца і магчамы назіральніцкі статус БХД у Эўрапейскай народнай партыі.
“Прадстаўнікі ЭНП плянавалі прыехаць зь візытам у Менск, але ім адмовілі ў візах, што ў чарговы раз сьведчыць аб узроўні дэмакратычнасьці і адкрытасьці афіцыйных уладаў. З гэтай прычыны было вырашана правесьці сустрэчу паміж БХД і ЭНП па-за межамі Беларусі,” – зазначыў Садоўскі. -“Удзел у сустрэчы прымуць прадстаўнікі шырокага кола эўрапейскіх краін: Галяндыі, Швэцыі, Ірляндыі, Славаччыны.”
Паводле словаў Дзяніса Садоўскага, на сустрэчы будзе абмяркоўвацца сытуацыя з палітвязьнямі ў Беларусі, суды над дэмакратычнымі актывістымі, эканамічнае становішча ў краіне. Таксама бакі абмяркуюць пытаньне далейшага партнэрства паміж беларускімі хрысьціянскімі дэмакратамі і Эўрапейскай Народнай Партыяй, наладжванне стасункаў і магчамае ўступленьне БХД у ЕНП у якасьці назіральніка.
Эўрапейская Народная Партыя (European People’s Party, EPP) — найбуйнешая еўрапейская палітычная партыя, якая ўключае ў сябе ў якасьці калектыўных сябраў нацыянальныя хрысьціянска-дэмакратычныя партыі і іншыя нацыянальныя партыі з блізкай ідэалогіяй з усяго Еўразьвязу. Заснаваная ЭНП ў 1976 годзе.