Прысуд Віталю Рымашэўскаму 2 гады ўмоўна (Фота)
Сёньня абвешчаны канчатковы прысуд сустаршыні БХД, экс-кандыдату ў прэзыдэнты Віталю Рымашэўскаму: 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна. Іншаму былому кандыдату Уладзімеру Някляеву – 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай пакараньня на 2 гады, сябрам яго каманды Андрэю Дзьмітрыеву і Аляксандру Фядуту 2 гады пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам на 2 гады, Сяргею Вазьняку – 2 гады ўмоўна. Маладафронтаўцы Насьце Палажанцы – 1 год пазбаўленьня волі ўмоўна з адтэрміноўкай тэрміну на 1 год.
На ганку суда Рымашэўскага з кветкамі сустрэлі сваякі, сябры і паплечнікі з БХД. Зь кветкамі сустракалі і іншых падсудных, асабліва паэта, экс-кандыдата Уладзіміра Някляева, які да гэтага часу знаходзіўся пад хатнім арыштам. Яго вызвалілі проста ў залі суду.
Пасьля выхаду з залі суду Віталь Рымашэўскі даў кароткае інтэвію:
“Пракурор назваў адзінай зьмякчаючай акалічнасьцю наяўнасьць непаўнагадовай дачкі на ўтрыманьні. Безумоўна, я рады штодня бачыць гэтую “акалічнасьць”, быць разам са сваёй сям’ёй. Але для мяне ўмоўны тэрмін – гэта не свабода. Гэтыя ўмовы я адчуваў на сабе пасьля вызваленьня зь СІЗА КДБ. Беларускія дэмакратычныя палітыкі нават без умоўнага прысуду могуць у любы момант апынуцца за кратамі.
Свабодным я буду адчуваць сябе толькі тады, калі выйдуць на волю ўсе асуджаныя за Плошчу. Таму я буду рабіць усё магчымае, каб дамагчыся іх вызваленьня. Найперш трэба змагацца за тых маладых хлопцаў, якім далі ад 3 да 4 гадоў узмоцненага рэжыму. Калі мы ўсе супольна будзем дамагацца гэтага, веру, што з дапамогай нашай салідарнасьці і негвалтоўнага змаганьня яны могуць быць вызваленыя ўжо ў гэтым годзе.
Я быў вельмі рады пачуць, што сёньня перанесьлі вынясеньне жорсткіх прысудаў Статкевічу, Вусу і іншым падсудным у судзе, які ішоў паралельна з нашым, і дзе запатрабавалі ім ад 4 да 8,5 гадоў узмоцнага рэжыму. Перанясеньне прысудаў азначае, што могуць быць вынесеныя больш мяккія пакараньні. Відацью, Лукашэнка сёньня не атрымаў ад Расеі таго, чаго чакаў, і зараз будзе імкнуцца прадаць палітвязьняў Захаду. Тым больш, што ў панядзелак 23 траўня ЕЗ разглядае пытаньне пра ўвядзеньне ў дачыненьні да Беларусі эканамічных санкцыяў.”
Нагадаем, пракурор прасіў:
Рымашэўскаму 2 гады пазбаўленьня волі умоўна з выпрабавальным тэрмінам на 2 гады;
Палажанцы 1,5 года пазбаўленьня волі умоўна з выпрабавальным тэрмінам на 1 год;
Някляеву 3 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з адтэрміноўкаў на 2 гады;
Дзьмітрыеву 3 гады пазбаўленьня волі з выпрабавальным тэрмінам на 2 гады;
Фядуту 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з адтэрміноўкай на 2 гады;
Вазьняку 2 гады пазбаўленьня волі ўмоўна з адтэрміноўкай на 2 гады.
Таксама сёньня ў 16-00 павінны былі быць вынесеныя прысуды кандыдатам у прэзыдэнты Мікалаю Статкевічу і Дзьмітрыю Вусу, а таксама Аляксандру Класкоўскаму і іншым, каго судзяць зь імі ў судзе Партызанскім судзе Менску. Але сёньня стала вядома, што прысуд ім перанесены на няпэўны тэрмін у сувязі з хваробай судзьдзі. Пракурор прасіў для іх ўсіх зьняволеньне ў калёніі ўзмоцненага рэжыму: 8 гадоў для Мікалая Статкевіча, 8 з паловай — для Аляксандра Класкоўскага, 7 — для Дзьмітрыя Вуса, а астатнім 4-м абвінавачаным па 4 гады.