На малітву ў 5 месяцаў Плошчы сабралася больш за 50 чалавек (Фота)
19 траўня, роўна праз 5 месяцаў пасьля жорсткага разгону мірнай акцыі пратэсту на Плошчы Незалежнасьці і напярэдадні вынясеньня прысуду 4-м экс-кандыдатам у прэзыдэнты і яшчэ дзевяці ўдзельнікам Плошчы-2010, на штодзённую малітву за палітзьняволеных каля Чырвонага касьцела ў Менску сабралася больш за 50 чалавек: сваякоў і сяброў палітвязьняў, сябраў аргкамітэту БХД, хрысьціянаў розных канфесіяў.
Прысутныя традыцыйна запалілі сьвечкі і сталі ў кола ля скульптуры арханёла Міхаіла, што забівае цмока, сьпявалі рэлігійныя гімны, маліліся за вызваленьне палітвязьняў і ўсёй краіны ад духу страху, хлусьні і таталітарызму. Таксама маліліся за пакаяньне ўладаў і тых, хто выносіць несправядлівыя прысуды, вартуе і катуе палітвязьняў. Напрыканцы малітвы сабраныя традыцыйна засьпявалі беларускі духоўны гімн “Магутны Божа”.
А напярэдадні, 18 траўня перад сваім ад’ездам з Менску ў Віцебск у малітоўнай акцыі ўдзельнічаў сустаршыня БХД Павал Севярынец, які тры дні таму быў прысуджаны да 3 гадоў “хіміі” і выпушчаны з ў залі суду пасьля 5 месяцаў зьняволеньня ў СІЗА КДБ. Зараз Севярынец мусіць знахозіцца па месцы прапіскі і чакаць накіраваньня ў месца адбыцьця свайго пакараньня.
Нагадаем, ініцыятыва штодзённай малітоўнай акцыі ля Чырвонага касьцёла, якая атрымала назву “Нельга забыць”, узьнікла стыхійна 19 студзеня падчас акцыі салідарнасьці з арыштаванымі і пацярпелымі пасьля падзеяў Плошчы-2010. Кожны дзень а 20-й гадзіне тут зьбіраюцца людзі са сьвечкамі, кветкамі і партрэтамі палітвязьняў, сьпяваюць і моляцца, запальваюць зьнічкі і ставяць іх ля скульптуры арханёла Міхаіла, які сымбалізуе перамогу дабра над злом, сьвятла над цемрай, праўды над страхам і хлусьнёй.
Малітоўная акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі ля Чырвонага 19 траўня:
Малітоўная акцыя салідарнасьці з палітвязьнямі ля Чырвонага 18 траўня з удзелам Паўла Севярынца: