40 дзён з часу трагедыі ў менскім метро
20 траўня, праз 40 дзён пасьля трагедыі ў менскім метро, прайшлі паніхіды ў цэрквах, а таксама памінальныя бяседы ў памяць пра загінулых ў выніку выбуху. На ўваходзе на станцыю «Кастрычніцкую» усталявалі часовую памятную шыльду з надпісам: «У памяць аб трагічна загінулых у выніку выбуху 11 красавіка 2011 г. на метро «Кастрычніцкая». Там адбылася кароткая малітва аб супачыне забітых, праведзеная духавенствам Свята-Духава кафедральнага сабора, і ўскладанне кветак гарадской адміністрацыяй.
У самім Свята-Духавым саборы – галоўным праваслаўным храме Менска паніхіду аб загінулых ад выбуху ў метро адслужыў мітрапаліт Менскі і Слуцкі Філарэт.
Тэракт на станцыі мэтро “Кастрычніцкая” адбыўся 11 красавіка. 11 чалавек загінулі на месцы, 3 памерлі ў шпіталях, 215 чалавек было шпіталізавана. На дадзены момант у шпіталях знаходзяцца 28 чалавек. Сем пацыентаў у стане сярэдняй ступені цяжкасьці, 21 – у лёгкай ступені цяжкасьці, паведамляе БелТА.