Суд не задаволіў скаргу магілёўскай каардынатаркі БХД на дзеяньні КДБ

23 мая 2011 14:49  |  Палітыка

Намесьніца кіраўніка Магілёўскага абласного суду Сьвятлана Стальмахова 23 траўня не задаволіла касацыйную скаргу гарадзкой каардынатаркі аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Тацяны Шамбалавай на дзеяньні супрацоўнікаў КДБ. Пра гэта паведаміў праваабаронца Барыс Бухель.

 

Тацяна Шамбалава падавала скаргу на рашэньне Ленінскага суду гораду Магілёва ад 5 красавіка ў справе скаргі на дзеяньні супрацоўнікаў Упраўленьня КДБ па Магілёўскай вобласьці: на пастаноўку на прафіляктычны ўлік за дзейнасьць у складзе незарэгістраванай палітычнай партыі БХД і ўдзел 19 сьнежня 2010г. ў несанкцыянаваным мерапрыемстве “Плошча”, правядзеньне прафіляктычнай гутаркі, вынясеньне “афіцыйнага папярэджаньня пра недапушчальнасьць супрацьпраўных паводзінаў”.

 

“Я даказваў, што Тацяне Шамбалавай нельга выносіць папярэджаньні паводле арт. 193, паколькі БХД зараз знаходзіцца ў працэсе рэгістрацыі. Я таксама даказваў, што ў вынясеньні папярэджаньня ГБ відавочна вылезла за межы сваіх паўнамоцтваў, бо яго можа вынесьці толькі пракуратура ці міліцыя. Датычна пастаноўкі Тацьцяны на прафулік, у законе сказана, што гэта робіцца, калі ёсьць два і болей адміністратыўных папярэджаньня, але у яе толькі адно. Аднак судзьдзе было начхаць. У іх ад пачатку былі злосныя твары. Як вынік – чаканы вынік, цуду не адбылося”, – паведаміў праваабаронца.

 

“Я таксама патрабаваў, каб судзьдзя распачала ва ўсталяваным законам парадку працэс па прызнаньні незаконным артыкулу 193, бо ён супярэчыць Канстытуцыі. Патураючы беззаконьню, вы ведзяцё нас у 1937-ы год, адзначыў я”, – падкрэсьліў Барыс Бухель.

 

Паседжаньне суду цягнулася прыкладна ад 10:15 да 11:25. “Каля я гадзіны я тлумачыў ім неправату праахоўных органаў, але ўсё безвынікова”, – дадаў праваабаронца.

Болей навін