Рымашэўскі: тое, што санкцыі не ўвялі зараз, ня значыць, што іх не ўвядуць пазьней
Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, экс-кандыдат у прэзыдэнты Беларусі Віталь Рымашэўскі пракамэнтаваў не ўвядзеньне эўрапейскімі палітыкамі санкцый супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў, якія лічацца галоўнымі спонсарамі рэжыму.
“Я думаю, што беларускай уладзе ня трэба цешыць сябе ілюзіямі з прычыны таго, што санкці не ўвялі зараз. Тое, што сьпіс неўяздных чыноўнікаў пашыралі на 13 чалавек, тое, што шэраг міністраў замежных спраў выказваліся за ўвядзеньне санкцый,значыць, што рашэньне аб санкцыях папросту адкладзенае з прычыны магчымай рэакцыі ўладаў у дачыненьні да яе апанэнтаў”, – адзначыў палітык.
“Гэта значыць, што ўлада павінна рабіць усё, каб палепшыць якасьць сваіх стасункаў з Захадам. А для гэтага трэба перадусім вызваліць палітвязьняў”, – падкрэсьліў Віталь Рымашэўскі.
Нагадаем, сёньня ў Брусэлі Рада Эўразьвязу разглядала пытаньне дадатковых санкцыяў у дачыненньні да Беларусі. Меркавалася, што будуць уведзеныя эканамічныя санкцыі супраць шэрагу прадпрыемстваў, у прыватнасьці «Белнафтахіма», «Белтэхэкспарта», «Трайпла» і «Беларускалія», якія, як лічыцца, аказваюць буйную фінансавую падтрымку беларускаму рэжыму. Але ў выніку, Рада ЭЗ абмежавалася толькі пашырэньнем сьпісу неўязных у Эўропу, які папоўніўся яшчэ 13-цю прозьвішчамі пракурораў і судзьдзяў, якія выносілі прысуды па справе Плошчы-2010.