Рымашэўскі: трэба дамагацца вызваленьня ўсіх палітвязьняў, а ня толькі кандыдатаў

25 мая 2011 15:44  |  Палітыка

Сустаршыня аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя”, былы кандыдат у прэзыдэнты Віталь Рымашэўскі пракамэнтаваў заявы Лукашэнкі пра тое, што той гатовы вызваліць усіх прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта краіны. “Трэба дамагацца вызваленьня ўсіх палітвязьняў, а ня толькі кандыдатаў”, – сказаў ён.

 

“Мы мусім патрабаваць вызваленьня таксама шараговых удзельнікаў Плошчы, якім далі па 2-4 гады турмы. На волі павінны быць усе палітвязьні, як засуджаныя па выніках 19 сьнежня, так і ў выніку іншых падзеяў”, – адзначыў сустаршыня БХД.

 

“Гэтая заява Лукашэнкі сьведчыць, што, як я ўжо неаднойчы казаў, тое, колькі праседзяць людзі за кратамі, залежыць ад усіх нас, ад пазыцыі кожнага. І вельмі важна, каб усе дэмакратычныя сілы праявілі настойлівасьць і еднасьць у гэтым пытаньні”, – лічыць палітык.

 

“Гэтая заява стала магчымай, і дзякуючы досыць цьвёрдай пазыцыі Эўразьвязу і Злучаных штатаў. Я спадзяюся, што ўлады зразумелі, што без вызваленьня палітвязьняў ніякага эканамічнага супрацоўніцтва з Захадам ня будзе. Адыграла сваю ролю тут і Расея, якая, скарыстаўшыся ізаляцыяй Беларусі, спрабуе выкарыстаць яе для ўласнай нажывы. Сёньня пытаньне перамоваў з Захадам – гэта няпроста пытаньне прэстыжу ці палітычных дывэдэндаў, гэта пытаньне захаваньне незалежнасьці краіны”, – падкрэсьліў Віталь Рымашэўскі.

Болей навін