Напішы ліст Яўгену Васьковічу!

28 мая 2011 11:41  |  Грамадства

Аргкамітэт па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” заклікае сябраў і прыхільнікаў БХД, а таксама ўсіх неабыякавых людзей напісаць ліст бабруйскаму палітвязьню Яўгену Васьковічу. 

 

У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году ў Бабруйску зрабілі напад на будынак КДБ. Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасьля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. Пракурор даводзіла, што дзеяньні падсудных маглі прывесьці да зьнішчэньня ўсяго будынка КДБ. Страты маглі скласьці блізу двух мільярдаў рублёў. Рэальныя ж страты ад нападу склалі 253 тысячы рублёў, і гэтыя грошы ўжо выплацілі. Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб учыненым. Ён назваў сябе ліцьвінам і дадаў, што яго сьвяты абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасьці. “За іх я ўмерці гатовы, бо жыцьцё кароткае, а радзіма вечная”, казаў хлопец. Яго не спалохаюць цяжкасьці, і ён з годнасьцю іх пройдзе. Скончыў свой кароткі выступ Васьковіч воклічам: “Жыве Беларусь!”. Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі год зьняволеньня калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Хаця хрысьціянскія дэмакраты не падтрымліваюць анархічных мэтадаў, наш абавязак – маліцца за Яўгена, дапамагаць яму і ягоным родным дзеля таго, каб малады хлопец мог зразумець: “ня будзь пераможаны злом, а перамагай зло дабром” (Рым., 12:21). 

 

Адрэса для ліставаньня: 213826, г. Бабруйск, СІЗА 5, зав. Пераездны, 10, камэра 32. Ахвочыя дапамагчы родным Яўгена могуць зьвязвацца зь імі праз бабруйскую каардынатарку БХД Таісію Карпаўну Кабанчук, +37529 6152837 (Вэлкам).

Болей навін