Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч апублікаваў зварот адносна сацыяльна-палітычнай сітуацыі ў Беларусі

31 мая 2011 20:06  |  Грамадства

Сёньня, у дзень 30-годдзя святарства арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, на сайце catholic.by апублікаваны яго зварот адносна сацыяльна-палітычнай сытуацыі ў Беларусіі. Падаем гэты зварот на сайце БХД.

 

У апошнія часы складаная сацыяльна-палітычная сітуацыя ў Беларусі яшчэ больш пагоршылася ў сувязі з наступіўшай інфляцыяй, што выклікала вялікую занепакоенасць людзей і вядзе да рознага роду спекуляцый і выкарыстання чужой бяды дзеля нажывы. Акрамя таго, праявы нецярпімасці і шматлікія ўзаемныя абвінавачванні негатыўна ўплываюць на агульную атмасферу ў краіне. Напэўна, ёсць шмат прычын таго, што здарылася. І на гэтае пытанне трэба шукаць адказу, каб выйсці з крызісу і ў будучыні не паўтараць падобных памылак. 

Хрысціянству, з яго больш чым двухтысячагодовай гісторыяй, злучанай з  мудрасцю, крыніцай якой з’яўляецца бясконцы Бог, «ёсць што сказаць людзям ў сацыяльнай сферы», як пісаў папа Леў ХІІІ. Дапамогай у пошуку вырашэння праблем нашага грамадства могуць служыць вельмі блізкія адно да аднаго сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла і сацыяльная канцэпцыя Праваслаўнай Царквы.

Паводле навучання Касцёла, у супольным жыцці з іншымі людзьмі чалавек атрымлівае магчымасць для свайго поўнага развіцця, дасягнення сваёй дасканаласці і магчымасці паяднання з Богам. Важна, каб для гэтага былі створаны ўсе ўмовы. 

Ужо папа Павел VI казаў, што развіццё не абмяжоўваецца толькі эканамічнай і тэхнічнай сферамі, але ўключае ў сябе здабыццё кожным чалавекам культуры, павагі да правоў і годнасці іншых людзей, прызнанне вышэйшых каштоўнасцяў і Бога, як іх крыніцы і мэты. 

Таксама і благаслаўлёны Ян Павел II навучаў, што сапраўднае развіццё не павінна абмяжоўвацца толькі памнажэннем дабротаў і паслугаў, гэта значыць таго, чым можна валодаць. Сапраўднае развіццё павінна спрыяць паўнаце чалавечага быцця. 

Сённяшні Пантыфік Бэнэдыкт XVI кажа аб неабходнасці інтэгральнага развіцця чалавека, якое павінна спрыяць рэалізацыі чалавека ў матэрыяльным і духоўным вымярэннях, скіроўваць да агульнага дабра, стаяць на абароне жыцця і натуральных правоў чалавека і, нарэшце, садзейнічаць трансцэндэнтнаму гуманізму. Для дасягнення гэтых мэтаў сацыяльнае вучэнне Касцёла прапаноўвае чатыры каштоўнасці, якія павінны ўвайсці ў нашае жыццё і стаць яго фундаментам: праўду, свабоду, справядлівасць і любоў. Касцёл адказвае на галоўныя пытанні аб сэнсе і мэце чалавечага жыцця абвяшчэннем Евангелля, якое ставіць годнасць чалавечай асобы вышэй за зменлівыя меркаванні і матэрыяльныя выгоды і адначасова забяспечвае свабоду чалавека, чаго не можа ўчыніць ні адзін чалавечы закон. Хаця прамым абавязкам Касцёла не з’яўляецца заснаванне справядлівых структур, бо гэта належыць да свету палітыкі, тым не менш, заданнем Касцёла з’яўляецца ачышчэнне розуму і прабуджэнне ў чалавеку маральных сілаў, без якіх існуючыя структуры не могуць эфектыўна дзейнічаць.

Такім чынам, паводле сацыяльнага вучэння Касцёла, сапраўднае развіццё павінна мець маральны падмурак. Грамадская супольнасць складаецца з людзей, сумленне якіх павінна адлюстроўваць парадак, устаноўлены Богам для Яго стварэнняў. Таму неабходна спрыяць поўнаму адкрыццю і захаванню гэтага парадку, мэтай якога з’яўляецца развіццё кожнага члена грамадства, уключаючы яго годнасць, правы і абавязкі.

Таму, занепакоены існуючай сітуацыяй, звяртаюся да дзяржаўных уладаў, свету палітыкі, эканомікі, навукі, культуры, грамадскіх арганізацый, усіх людзей добрай волі, каб пры вырашэнні нялёгкіх сучасных праблем кіраваліся ўзаемнай любоўю і пашанай як грамадзяне адной краіны, якая павінна быць нашым супольным домам, прымалі пад увагу маральныя нормы і прынцыпы сацыяльнага вучэння Касцёла, каб у нашай Бацькаўшчыне мы сапраўды маглі будаваць цывілізацыю жыцця, справядлівасці і любові.

Болей навін