Прыхільнікі БХД правялі ў цэнтры Менску акцыю ў абарону сямейных каштоўнасцяў (Фота)
Увечары 31 траўня прыхільнікі БХД і маладыя хрысьціянскія дэмакраты раздавалі ў цэнтры Менску буклеты пра наступствы абортаў і важнасьць маральных паводзінаў, а таксама пра небясьпеку шокдных звычак: наступствы алькагалічнай і наркатычнай залежнасьцяў, шкоду паленьня. Акцыя была прымеркаваная да Дня абароны дзяцей 1 чэрвеня, а таксама Сусьветнага дня без тытуню, які адзначаецца 31 траўня.
Буклеты зь інфармацыяй пра разьвіцьцё дзіцёнка ва ўлоньні маці і пра наступствы, якія ўзьнікаюць пасьля абортаў, пра маральныя паводзіны і цнатлівасьць да шлюбу, сумную статыстыку абортаў і далейшага бясплодзьдзя распаўсюджваліся сярод маладых дзяўчатаў.
А ўсім маладзёнам, якія палілі ці ўжывалі піва, хадэкі прапаноўвалі буклеты пра наступствы алькагалічнай і наркатычнай залежнасьцяў, шкоду паленьня. Усё разам – гэта хімічная залежнасьць, страшная праблема, што разбурае асобу чалавека і руйнуе ягоную сям’ю. Яна ёсьць прычынай 50% разводаў і абсалютнай колькасьці сіроцтваў.
Некаторыя маладыя людзі адмаўляліся браць буклеты, але шмат хто зь цікавасьцю вывучаў гэтую інфармацыю. Асабліва важным для моладзі было сьведчаньне з боку такіх жа маладых людзей, маладых хрысьціянскіх дэмакратаў.