У чацьвер на менскай сустрэчы БХД паказ фільма “Гандзі”
На 2-х чарговых чацьвярговых сустрэчах менскага аркамітэту БХД 2 і 9 чэрвеня адбудзецца паказ і абмеркаваньне мастацкага фільма “Гандзі”, прысьвечанага жыцьцю духоўнага лідэра індыйскага народу Махандаса Гандзі, якога індыйцы называлі Махатмай, што азначае «Вялікая душа». Прагляд пройдзе у межах акцыі абароны сядзібы БНФ. Пачатак у 18-30. Шчыра запрашаем!
«Га́нди» (англ. Gandhi) — біяграфічны фільм 1982 года, зьняты Рычардам Атэнбора. Фільм распавядае пра жыцьцё “Вялікай душы” Махатмы Гандзі — лідэра і ідэолога руху негвалтоўнага супраціву супраць брытанскага каланіяльнага панаваньня ў Індыі ў першай палове XX стагодзьдзя, які падараваў Індыі свабоду. У галоўнай ролі вядомы брытанскі актор сэр Бэн Кінгслі (сапраўднае імя Крышна Пандзіт Бханджы). Карціна атрымала мноства прэміяў, у тым ліку 8 “Оскараў”, уключна з ўзнагародай за “Лепшы фільм”, 5 “Залатых глобусаў” і 5 прэміяў Брытанскай акадэміі кіно і тэлебачаньня.
Мэтай гэтага паказу ёсьць абмеркаваньне магчымасьці ўжываньня метадаў руху негвалтоўнага супраціву, запачаткаванага Гандзі, для змаганьня за свабоду ў сёньняшняй Беларусі. У сувязі зь працягласьцю фільма “Гандзі” (больш за 3 гадзіны) прагляд будзе праводзіцца дзьве сустрэчы запар.
Па пытаньні ўдзелу ў сустрэчах і паказе фільмаў, а таксама далучэньня да менскай суполкі аргкамітэту БХД можна кантактаваць па тэл. 8-033-66-10-385 (Ірына).