Улады правялі ператрус у жодзінскай царкве

03 чэрвеня 2011 10:49  |  Палітыка

У Жодзіне ўлады правялі ператрус у суполцы вернікаў, якія намагаюцца зрэгістраваць у горадзе царкву “Дом Божы”. Апошняя праверка ладзілася нібыта з прычыны таго, што ў царкве знаходзіўся злачынца.

 

“У ролі панятых былі задзейнічаны работнікі выканкама, якія дагэтуль ня мелі законнай падставы ўвайсьці на тэрыторыю. Прыйшлі па доказы па злачынцы, а шукалі дакуманты, якія б сьведчылі  аб дзейнасьці Царквы. Пры гэтым усім быў начальнік міліцыі  Жодзіна, які кансультаваўся ў панятога выканкамаўцы. Пытаўся ў яго што рабіць  далей, бо нічога не знайшлі. Ледзь сьцены не разабралі, думалі што там дакуманты схавалі. Вынеc паламаны парасон, дык мяне спынілі і агледзелі парасон, барані Божа, што выношу. Ножык, якім адкрываюць канвэрты, угледзелі халодную зброю, не забыліся і за ўнітаз зазірнуць, раптам і там тэрарыст”, – адзначыў прадстаўнік царквы Аляксандар Вялічка.

 

Паводле ягоных словаў, нечаканыя рэйды распачаліся адразу пасьля таго, як вернікі пачалі спробы рэгістрацыі абшчыны. “Кожны раз, калі  мы знаходзім юрыдычны адрас і падаем дакуманты, праз тыдзень прыходзіць адмова, маўляў фірмы нам афіцыйна адмовілі, хоць адмовы ніхто не дасылаў. Увогуле ня цяжка здагадацца чаму фірмы нам адмаўляюць, папярэдне пагадзіўшыся на гэта. Ціск выканкама і нежаданьне дапамагчы ўжо норма з боку ўладаў”, – падкрэсьліў ён.

Болей навін