Працягваецца збор кніг для палітвязняў
Паводле каардынатаркі кампаніі Кацярыны Далідовіч, літаратуру ў следчыя ізалятары і турмы перадаюць, у асноўным, людзі сталага веку, прыкладна палова выданняў – па-беларуску.
– Кніжкі розныя, я бы сказала 50/50 людзі нясуць, палова рускамоўных, палова беларускамоўных, рускамоўныя ўсе класіка. Людзі вельмі пазітыўна рэагуюць, дзякуюць, што такая вось акцыя, што вельмі класна, што малайцы, што зрабілі. Збольшага кнігі прыносяць старэйшыя асобы.
24 траўня Малады фронт распачаў кампанію па зборы кніг для беларускіх турмаў. Суды за Плошчу-2010 амаль скончаныя, і хутка ўсіх асуджаных накіруюць па папраўчых калоніях. Сярод пісання лістоў і арганізацыі акцый салідарнасці актывісты заклікаюць да яшчэ аднаго метаду падтрымкі – перадачы ў калоніі беларускамоўнай і духоўнай літаратуры. Далучыцца да кампаніі праз сайт арганізацыі можа кожны жадаючы.