Сяргею Луканіну вярнулі сканфіскаваную аргтэхніку, а яго самога папярэдзілі за “дыскрэдытацыю” Беларусі

06 чэрвеня 2011 14:56  |  Палітыка

У пятніцу, 3 чэрвеня, юрысту царквы “Новае жыццё” Сяргею Луканіну супрацоўнікі КДБ вярнулі сканфіскаваную яшчэ ў зімку аргтэхніку, у тым ліку два ноўтбукі і фотаапарат. “Усе рэчы працуюць добра. Няма адчування, што ім карысталіся”, адзначыў ён.

 

На яго пытанне, чаму рэчы не вярталі так доўга і вярнулі толькі пасля звароту на імя старшыні КДБ, супрацоўнік КДБ падчас гутаркі, якая цягнулася каля 2 гадзін, паведаміў, што гатовы быў аддаць яе яшчэ ў лютым, але кіраўніцтва чамусьці не захацела.

 

Падчас гутаркі Сяргею Луканіну патлумачылі яго магчымую крымінальную  адказнасць за дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь у выступах як унутры краіны, так і за мяжой, а таксама адказнасць за ўдзел у масавых мерапрыемствах. Перадусім, меўся на ўвазе заклік да вернікаў “Новага Жыцця” ў 2006 годзе выйсці на вуліцы, калі б улады працягнулі агрэсіўныя дзеянні супраць царквы.

 

“Я адзначыў, што усё, што я кажу ў Беларусі ці за мяжой, з’яўляецца праўдай і адлюстраваннем рэчаіснасці. На гэта мне супрацоўнік КДБ сказаў, што, калі б я казаў няпраўду, то даўно б размаўляў ужо з пракурорам”, – паведаміў юрыст.

 

У КДБ яму таксама паведамілі, што ставяцца да яго не як да апазіцыянера, а як да слугі Божага. Супрацоўнік камітэту таксама сказаў, што станоўча ацэньвае эвангелізацыйную дзейнасць Сяргея Луканіна на вуліцах Менска, а ягоныя затрыманні – гэта перагібы мясцовых уладаў. Яшчэ супрацоўнік КДБ распавёў, што, магчыма, у бліжэйшы час улады пры пасярэдніцтве трэціх сілаў пачнуць перамовы з “Новым жыццём” дзеля нармалізацыі адносінаў.

 

“Мне таксама паведамілі, што высока ацанілі той факт, што 19 снежня я разам з Віталём Рымашэўскім бараніў дзверы Дому ўраду. Я адзначыў, што мне падабаецца дзейнасць БХД, але я не з’яўляюся яе членам. Я распавёў, што з радасцю пагаджаўся браць удзел у з’ездах БХД, каб натхняць людзей бараніць інтарэсы Беларусі і беларускага народу. Я таксама сказаў, што асабіста ведаю Віталя Рымашэўскага і Паўла Севярынца і лічу іх сапрўднымі вернікамі, якія шчыра хочуць зрабіць сваю краіну лепшай”, – падкрэсліў юрыст “Новага жыцця”.

Болей навін