Праваслаўная царква кананізавала а. Канстанціна Жданава, забітага ў Дзісне бальшавікамі
Праваслаўная царква кананізавала айца Канстанціна Жданава, святара-пакутніка з Шаркоўшчыны, загінулага ад рук бальшавікоў у 1919 годзе. Ён быў вядомы сваёй дапамогай бедным і асветніцкай дзейнасцю.
Літургію і абрад кананізацыі ў царкве Уваскрасення Хрыстова ў Дзісне, якія адбыліся ў суботу 4 чэрвеня, правёў мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт. Ва ўрачыстасці прынялі ўдзел амаль усе беларускія праваслаўныя епіскапы. Шматлікія вернікі, што прыйшлі на ўрачыстыя мерапрыемствы, не змясціліся ў царкве.
Да праслаўлення айца Канстанціна Жданава была напісаная ікона, выдадзена жыціе, а таксама зробленая рака – адмысловая труна, у якой будуць захоўвацца парэшткі святога.
Як падкрэслівае настаўнік і краязнаўца Фадзей Шымуковіч, святар да гэтага часу карыстаецца вялікім аўтарытэтам у мясцовага старэйшага пакалення. Таму спадзяецца на яго дапамогу і ў змаганні з сённяшнім маральным заняпадам на Паазер’і:
– Ён – фактычны лідар па сённяшні дзень. Ужо пяць гадоў запар 3 чэрвеня праводзіцца малебен у яго гонар. Ён карыстаецца вялікім аўтарытэтам – сёння мы ўскладаем вялікую надзею ў ягонай кананізацыі, якая і павінна нам моцна дапамагчы ў маральным выхаванні разбэшчаных людзей. Агульнае п’янства, лянцяйства – працаваць не хочуць, адно піць ды красці. Моладзь таксама співаецца. Кожнае трэцяе дзіця ў раёне – няшлюбнае, жывуць без шлюбу, у распусце…
Канстанцін Жданаў нарадзіўся ў 1875 годзе ў Шаркоўшчыне. У 1900 годзе стаў праваслаўным святаром. Пад яго кіраўніцтвам у 1908-1912 годзе была збудаваная Свята-Успенская царква ў Шаркоўшчыне. Айцец Канстанцін выкладаў Закон Божы ў мясцовых школах, быў заснавальнікам прытулка для бедных. Мясцовае насельніцтва вельмі паважала святара за яго пастырскую дзейнасць.
У 1919 годзе Дзісненскі павет быў ахоплены тэрорам, які разгарнулі бальшавікі. Айца Канстанціна Жданава арыштавалі проста пасля Літургіі і даставілі ў Дзісну. Там святара збілі да непрытомнасці і жывога закапалі ў зямлю. Пасля сыходу бальшавікоў вернікі перапахавалі цела айца Канстанціна пад алтаром Свята-Адзігітрыеўскай царквы ў Дзісне. У 2008 годзе парэшткі былі эксгумаваныя, і пасля кананізацыі будуць знаходзіцца ў адмысловай рацы ў Свята-Уваскрасенскай царкве.
Паводле Радыё Рацыя і westki.info