Васіль Такарэнка: за беларускую мову я адсядзеў па поўнай
Гомельскі сябар “Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі” Васіль Такарэнка, асуджаны за невыплату спагнання за арганізацыю ў 2009 годзе шэсця, паведаміў, што за сваю прынцыповую пазіцыю ва ўжыванні беларускай мовы падвяргаўся ў Магілёўскай папраўчай калоніі № 15 дадатковаму ціску. “Мне даводзілася кожнаму казаць, што так, я нярускі, я – беларус. За гэта мне выпісвалі ліпавыя парушэнні, за гэта я адсядзеў ад званка да званка”, – сказаў ён.
Актывіст таксама паведаміў, што адмаўляўся падпісваць у калоніі любыя паперы не на беларускай мове. “Мне прысуд выносілі на беларускай мове, наўмысна шукалі для мяне перакладчыка, а тут мне падсоўваюць паперы на іншай мове. Чаму я павінен выконваць пастанову суду, а яны не? У турме я толькі незадоўга да вызвалення атрымаў першы дакумент напісаны на нечым падобным да беларускай мовы. Там , напрыклад, быў такі выраз – “асабовыя твары”. Але і гэты факт мяне вельмі ўсцешыў”, – адзначыў Васіль Такарэнка.
Ён расправёў, што таксама адмовіўся ўжо пасля вызвалення падпісваць дакументы ў ваенкамаце, якія таксама былі на расейскай мове.
Васіль Такарэнка паведаміў, што ў калоніі яму не давалі праходзіць курсы падвышэння кваліфікацыі, да яго не даходзілі лісты. Толькі пасля вызвалення ён здолеў падаць скаргу ў Камітэт па правах чалавеках прадстаўніцтва ААН у Беларусі. З калоніі дакументы туды папросту не праходзілі, хоць і былі пройдзеныя ўсе належныя працэдуры і ўплачаныя неабходныя пошліны. Не разглядалі скаргі Васіля Такарэнкі і ў Генеральнай пракуратуры і Вярхоўным судзе.
“На мне адпрацоўваліся працэдуры, якія пасля выкарыстоўваліся ў дачыненні асуджаных па Плошчы. Для гэтага мяне загадзя і пасадзілі”, – сказаў ён.