У Берасці прайшла акцыя “Стоп-бензін” (Фота)

08 чэрвеня 2011 13:46  |  Палітыка

У Берасці прайшла акцыя “Стоп-бензін”, каарданатарам якой быў абласны кіраўнік аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Зміцер Шурхай. “На жаль, мы не можам пахваліцца тымі маштабамі, што былі ў Менску, але акцыю мы правялі. Шкада, што было мала часу на падрыхтоўку “, – сказаў ён.

 

“Акцыя праходзіла ў трохі іншым фармаце. Праз сацыяльныя сеткі мы дамовіліся, каб людзі на машынах прыехалі ў цэнтр горада на скрыжаванне бульвара і праспекта Машэрава. У прызначаны час машыны хаатычна спыніліся, уключыўшы аварыйныя сігналы. Агулам у акцыі удзельнічала каля дзесяці машын, а таксама былі людзі на скутарах і матацыклах. Праспект мы не перакрылі, але гэтага і не планавалі. Кіроўцы нас падтрымлівалі і злосна не рэагавалі. Удзельнікі таксама раздавалі мінакам улёткі пра акцыю”, – адзначыў Зміцер Шурхай.

 

“Акцыя цягнулася каля паўгадзіны. Супрацоўнікі ДАІ рукамі выпіхалі дзве машыны з дарогі ў двары. Аднаму ўдзельніку выпісалі штраф за тое, што ён нібыта праехаў на зялёнае святло, калі яно мігала”, – паведаміў абласны каардынатар БХД.

 

“Я лічу, што такія акцыі трэба праводзіць нават тады, калі кошты на бензін не падвышаюцца. Менскі прыклад, безумоўна, дасць нам бадзёрасці, і мы надалей будзем працягваць акцыі”, – сказаў ён.

 

У Берасці прайшла акцыя "Стоп-бензін" (Фота)

У Берасці прайшла акцыя "Стоп-бензін" (Фота)
У Берасці прайшла акцыя "Стоп-бензін" (Фота)

Болей навін