У Менску развітваюцца з Уладзімірам Конанам (Фота, верш)

08 чэрвеня 2011 15:00  |  Грамадства

У Менску сёньня хаваюць філосафа, навукоўца, літаратара, праваслаўнага хрысьціяніна Уладзіміра Конана. Разьвітацца зь гэтым выбітным чалавекам сёньня сабралася шмат вядомых людзей з Беларусі і замежжа, сяброў, калегаў, вучняў і духоўных нашчадкаў спадара Уладзіміра. У жалобных мерапрыемствах таксама прынялі ўдзел сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі, адказны сакратар Дзяніс Садоўскі ды іншыя хрысьціянскія дэмакраты.

Распачаліся жалобныя мерапрыемствы з грамадзянскай паніхіды, што прайшла ў актавай залі Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук (вул. Сурганава, д. 1, корп.2), у якім шмат гадоў працаваў патрыярх беларускай філасофіі, як назвалі яго шматлікія вучні і калегі. 

Затым у Петрапаўлаўскім саборы Менска адбылося адпяваньне, арганізаванае праваслаўным брацтвам Трох віленскіх пакутнікаў, адным з заснавальнікаў і актыўных сябраў якога быў Уладзімір Конан. Здзяйсьняў абрад былы філосаф і публіцыст, праваслаўны сьвятар а. Юры Залозка, які таксама быў вучнем Конана. З Жыровічаў прыехаў хросны сын Уладзіміра Конана, паэт, інак Мікалай Бембель.

Пахавалі Уладзіміра Конана на Паўночных могілках Менска. 

Увазе чытачоў нашага сайта падаем верш інака Мікалая Бембеля, прысьвечаны ягонаму настаўніку, навуковаму кіраўніку і духоўнаму бацьку Уладзіміру Конану.

НА АДЫХОД УЛАДЗІМІРА КОНАНА

… ад ласкі Божае і сілы —
дзе вораг ледзь ня ўсё скасіў, —
як бусел, Ты прынёс на крылах
дух — нашай думкі і красы…
… ад “СЛОВА…” — 
                          і да “…ЖЫРАНДОЛІ”
зямной пакуты плён шукаў…
…пожню гаротнае нядолі —
скрозь — цэла-мудрасьцю ўзараў…
… цяпер — сыны Твае
                                       прадоўжаць
сяўбу… а новы ўраджай
зьбярэ Тварэц —
                          у час  а п о ш н і …

… Настаўнік добры наш,
                                              б ы в а й !..

Болей навін