Рымашэўскі: за продаж “Беларуськалія” будзе расплочвацца не адно пакаленне беларусаў
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі пракаментаваў паведамленні сродкаў масавай інфармацыі пра падрыхтоўку ўладамі продажу расейскаму прадпрымальніку Сулейману Керымаву кантрольнага пакету акцыяў “Беларуськалія”.
“Я лічу, што гэты продаж абсалютна нямэтазгодны і невыгодны Беларусі. Найбуйнейшую крыніцу прыбыткаў беларускай дзяржавы прадаюць за мяжу, і беларусы не здолеюць ёю больш кіраваць. Прычым зноў прадаюць Расеі, а гэта значыць, што ніякага парытэту, ніякага балансу ў продажы беларускай маёмасці не будзе. У выніку такая палітыка можа прывесці да страты незалежнасці Беларуссю”, – адзначыў былы кандыдат у прэзідэнты.
“Гэта страта для ўсяго беларускага народу. Няма ніякіх эканамічных падстаў прадаваць “Беларуськалій”. Ён мог бы прыносіць карысць не толькі гэтаму, але і наступнаму пакаленню беларусаў. А цяпер шмат пакаленняў беларусаў павінны будуць расплочвацца за яго продаж”, – лічыць Віталь Рымашэўскі.
Нагадаем, у СМІ паведамляецца, што беларускія ўлады вядуць перамовы з кіраўніком “Уралкалія” Сулейманам Керымавам аб продажы кантрольнага пакету “Беларускалія” (50%+1 акцыя) за 15 млрд. даляраў. Адзін мільярд той павінен пералічыць ужо ў бліжэйшы час.