Памёр палітоляг Віталь Сіліцкі. Шчырыя спачуванні ад БХД (абноўлена)
Сустаршыня БХД Аляксей Шэін, які наведваў Віталя Сіліцкага ў шпіталі, з гэтай сумнай нагоды распавёў прэс-службе БХД: “Ён быў выдатным палітолагам і чалавекам, які моцна любіў Беларусь. Людзей такога кшталту моцна не хапае нашай краіне.
Калі я ў быў у Віталя, і мы размаўлялі, я бачыў чалавека са скрушаным перад Богам сэрцам. Ягоным родным і блізкім я хачу нагадаць цытату зь Евангельля ад Яна 11:25, дзе Ісус сказаў: ” Я ёсьць ўваскрасеньне i жыцьцё, хто веруе ў Мяне, хоць i памрэ, жыць будзе”.
Віталь Сіліцкі нарадзіўся 25 сьнежня 1972 году. Ён доўгі час узначальваў Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў (BISS), быў палітолагам сусьветнага ўзроўню.
Апошні год Сіліцкі змагаўся з ракам, перанёс аперацыю па выдаленьні ныркі. Нейкі час з дапамогай брусэльскага Офіса за дэмакратычную Беларусь ён лекаваўся ў клініцы ў Бельгіі. Але на жаль, хвароба была выяўленая на позьняй стадыі. Пасьля таго, як стан здароўя імкліва пагоршаў, Сіліцкі прыняў рашэнне вярнуцца ў Беларусь.
Пра сьмерць Віталя Сіліцкага паведаміў яго брат Павал Сіліцкі. Таксама ён распавёў, што за некалькі гадзінаў да адыходу Віталя Сіліцкага наведаў праваслаўны беларускамоўны сьвятар, які паводле ягонага жаданьня апошнім часам прыходзіў да яго некалькі разоў.