Моладзь БХД арганізавала “ўкантакце” энМетровую чаргу па валюту (Фота)
Моладзь БХД арганізавала “ўкантакце” флэшмоб пад назвай “энМетровая чарга па валюту”. Некалькі дзясяткаў маладых людзей выстраіліся ў чаргу побач з амбеннікам каля ўніверсама “Рублёўскі” на Нямізе.
Мінакі падыходзілі і цікавіліся, за чым стаяць, а даведаўшыся, што па валюту, некаторыя далучаліся да чаргі. Праз хвілінаў 20 стаяньня ля абменьніка быў праведзены перапіс чаргі і пераклічка. Моладзь пакідала свае нікі ўкантакце, каб заняць чаргу па валюту на другі флэшмоб.
Кіраўнічка моладзі БХД Любоў Каменева ў інтэрвію прэс-службе БХД распавяла: “Мы жадаем сабраць людзей, якіх турбуе праблема адсутнасьці валюты ў абменьніках, каб паказаць, што можна актыўна выказваць сваё меркаваньне і дамагацца хоць нейкіх дзеяньняў з боку ўлады ў гэтым накірунку. Акцыя “Стоп-бензін” даказала эфектыўнасьць такіх кропкавых пратэстаў, арганізаваных праз сацыяльныя сеткі.”
Наступная энМетровая чарга па валюту пройдзе неўзабаве. Дакладны час і месца можна даведацца ўкантакце. Якой будзе чарга, залежыць ад кожнага, сьцвярджаюць арганізатары.