Севярынец спадзяецца, што справы палітвязняў ўсё ж пачнуць пераглядаць
Прысуды ўдзельнікам Плошчы могуць быць змененыя. Пад цяжарам складанай эканамічнай сітуацыі афіцыйны Менск можа пайсці на своеасаблівую лібералізацыю і скасаваць з вялікіх прысудаў па некалькі год турэмнага зняволення – лічыць сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец.
Справа супраць кіраўніка штаба Віталя Рымашэўскага, а таксама Ірыны Халіп і Сяргея Марцалева будзе разглядацца ў касацыйнай інстанцыі Менскага гарадскога суду праз тыдзень.
У сваёй скарзе Павел Севярынец робіць акцэнт на тым, што, на яго думку, перашкоды для грамадскага транспарту – а гэта фігуруе у абвінавачанні – ад самага пачатку планаваліся не дэманстрантамі, а паўсталі у выніку правакацыйных дзеянняў беларускіх спецслужб:
– Увага была акцэнтаваная на тым, што паводзіны ўлады 19 снежня былі практычна накіраваныя на тое, каб людзі выйшлі на праспект, што і закідалася ў якасці асноўнага абвінавачання. Заліты каток, музыка, з-за якой нічога не чуваць, і вялізная колькасць людзей, якія не могуць змясціцца на плошчы. Зразумела, што і справа палітычная, і разгляд будзе залежыць ад палітыкі. Калі Лукашэнка вырашыў ісці па шляху гандлю, то эканамічная сітацыя яго прыспешвае.
16 траўня за ўдзел у Плошчы Павел Севярынец быў асуджаны на 3 гады абмежавання волі з накіраваннем ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, а Ірына Халіп і Сяргей Марцалеў атрымалі турэмныя тэрміны з адтэрміноўкай, што фактычна дае магчымасць уладам зняволіць іх у любы час. Гэтыя прысуды асуджаныя і будуць абскарджваць.