Рымашэўскі: уладу ахапіла беспрэцэдэнтная паніка

15 чэрвеня 2011 21:50  |  Палітыка

Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Віталь Рымашэўскі пракаментаваў сітуацыю з тым, што ўлады перашкаджалі правядзенню акцый маўклівага пратэсту ў Менску і іншых гарадах Беларусі. “Уладу ахапіла беспрэцэдэнтная паніка і страх”, – адзначыў ён.

 

“Асабліва абурае той факт, што праз міліцэйскія кардоны вернікі не змаглі патрапіць да Кафедральнага праваслаўнага Свята-Духава сабору. Гэта пераходзіць усялякія межы, калі ўлада пачынае баяцца вернікаў”, – падкрэсліў былы кандыдат у прэзідэнты.

 

“Цяпер на міліцыю можна падаваць у суд за дзеянні, прадугледжаныя артыкулам 242 Крымінальнага кодэксу. Яны ўвечары перакрылі праспект і іншыя вуліцы, людзі не змаглі патрапіць у крамы, рэстарацыі і кавярні, якія панеслі тым самым выдаткі значна большыя, чым 19 снежня. Калі ў нас сапраўды аб’ектыўная судовая сістэма, дзейнічае справядлівы суд, то суддзі проста абавязаныя пакараць міліцыянтаў, якія без прычынаў прывялі да гэтых стратаў”, – лічыць Віталь Рымашэўскі.

Болей навін