Супрацоўнікі КДБ вярнулі сваякам Яўгена Васьковіча зламаны ноўтбук

16 чэрвеня 2011 12:20  |  Палітыка

Супрацоўнікі бабруйскага КДБ вярнулі сваякам асуджанага сябра аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Яўгена Васьковіча зламаны ноўтбук, канфіскаваны пры арышце ўзімку гэтага году. У сваякоў палітвязня гэты факт выклікаў абурэнне, бо да канфіскацыі ноўтбук працаваў. На зварот у КДБ яны атрымалі адказ: “забірайце такі, або не атрымаеце ніякі”.

 

Родныя Яўгена Васьковіча аддалі ноўтбук спецыялістам, якія прыйшлі да высновы, што кампутар быў зламаны тупым прадметам, верагодна, адвёрткай. У яго моцна пашкоджаныя мацярынская плата і жорсткі дыск.

 

“Мы будзем пісаць скаргу на дзеянні КДБ. Зразумела, што ў нашай краіне ў судзе нельга дамагчыся праўды, але скаргу ўсё адно мы будзем падаваць”, – адзначыў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.

 

У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010 году ў Бабруйску зрабілі напад на будынак КДБ. Яўгена Васьковіча затрымалі 17 студзеня ў Магілёве на наступны дзень пасьля яго ўдзелу ў акцыі салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі. Пракурор даводзіла, што дзеяньні падсудных маглі прывесьці да зьнішчэньня ўсяго будынка КДБ. Страты маглі скласьці блізу двух мільярдаў рублёў. Рэальныя ж страты ад нападу склалі 253 тысячы рублёў, і гэтыя грошы ўжо выплацілі. Яўген Васьковіч заявіў, што не шкадуе аб учыненым. Ён назваў сябе ліцьвінам і дадаў, што яго сьвяты абавязак — бараніць нацыянальныя беларускія каштоўнасьці. “За іх я ўмерці гатовы, бо жыцьцё кароткае, а радзіма вечная”, казаў хлопец. Яго не спалохаюць цяжкасьці, і ён з годнасьцю іх пройдзе. Скончыў свой кароткі выступ Васьковіч воклічам: “Жыве Беларусь!”. Яўгена Васьковіча суд прысудзіў да сямі год зьняволеньня калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Болей навін