Шэін пра сітуацыю з БелаПАН: Лукашэнка баіцца, што ўлада пачне вывальвацца з рук
Сустаршыня аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Аляксей Шэін пракаментаваў той факт, што ўпершыню за 17 гадоў агенцыя БелаПАН не была акрэдытаваная на прэсавую канферэнцыю Аляксандра Лукашэнкі. “Усе захады, якія прадпрымае ўлада па закрыцці плошчаў, недапушчэнні СМІ, – бессэнсоўныя і неадэкватныя. Лукашэнка баіцца, што ўлада пачне вывальвацца з ягоных рук. Навошта праводзіць прэсавую канферэнцыю, калі ты не пускаеш на яе журналістаў?”, – задаўся пытаннем палітык.
“Тое, што Лукашэнка імкнецца абмежаваць незалежныя сродкі масавай інфармацыі ў доступе да гэтай самай інфармацыі – выразнае сведчанне таго, што рэжым нестабільны, што ён адчувае, што не можа трымаць сітуацыю пад кантролем”, – адзначыў сустаршыня БХД.
“Я думаю, што мы яшчэ пабачым незразумелыя дзеянні ўлады. Яна імкнецца выкарыстоўваць сваю старую тактыку: абмяджоўваць свабоду сходаў, сумлення, доступу да інфармацыі. Але гэтыя падыходы больш не спрацоўваюць. Усе дзеянні ўладаў атрымліваюць адваротную рэакцыю”, – падкрэсліў палітык.
Нагадаем, што ў 2003-2004 гадах Аляксей Шэін працаваў палітычным аглядальнікам БелаПАН.