Санслжубы загадалі віцебскаму актывісту БХД спыніць сваю дзейнасць
Санітарныя службы Віцебска вынеслі прадпісанне мясцоваму актывісту аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Уладзіміру Рамановічу, якому належыць хостэл “Джаз”, спыніць сваю дзейнасць з 17 чэрвеня.
Афіцыйнай прычынай гэтага сталі адсутнасць кандыцыянераў, прыбіральняў у пакоях, бялізны ў пакоях. Разам з тым усталяванне кандыцыянераў не дазволена дамовай арэнды, якую заключыў Уладзімір Рамановіч. У размовах з прадстаўнікамі санслужбаў гораду яму параілі напісаць, што ён нешта зрабіў.
Нагадаем, што тыдзень таму Ўладзімір Рамановіч атрымаў афіцыйны ліст аб тым, што да 10 ліпеня ён павінен пакінуць памяшканні, якія ён арандуе пад хостэл. Праблема заключаецца ў тым, што 8-14 ліпеня ў Віцебску пройдззе фестываль мастацтваў “Славянскі базар”, удзельнікі і гледачы якога загадзя замовілі нумары ў хостэле.
“Так, у апошні час праз валютны крызхіс узнікалі праблемы з выплатай арэнднай платы. Але пратэрміноўкі складалі максімум 3-5 дзён, ды і ніякіх прэтэнзій ад яго не паступала. У прыватнай размове ён (арэндадаўца – БХД) прамовіўся, што прычына спынення дамовы не эканамічная. Ён узгадаў майго бацьку, які пасля выбарчай кампаніі 2006 году знаходзіцца за мяжой, і сказаў, што папрасілі, каб нас тут не было. Ён сказаў, што, калі б мы не ўлазілі, было б усё добра”, – адзначыў актывіст.