У Віцебску працягваюць ціснуць на актывіста БХД

21 чэрвеня 2011 08:40  |  Палітыка

У Віцебску працягваецца ціск на мясцовага актывіста аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” Ўладзіміра Рамановіча, якога ўсялякім чынам намагаюцца пазбавіць арандаваных ім пад хостэл “Джаз” памяшканняў.

 

20 чэрвеня актывіст занёс у санітарную службу дакументы, у якіх пацвярджаецца, што прэтэнзіі, вынесеныя да хостэлу за неадпаведнасць нормам, што дзейнічаюць у дачыненні да гатэлю,  не адпавядаюць закону, паколькі хостэл гатэлем не з’яўляецца.

 

Пасля гэтага прыкладна а 17-й гадзіне да Уладзіміра Рамановіча завіталі прадстаўнікі міністэрства надзвычайных спраў. Яны былі ў форме, але заявілі, што прыйшлі па ўласных справах. “Я ім сказаў, што працоўны час ужо скончыўся. Калі вы хочаце прайсці, то прыходзьце ў працоўны час і зарэгіструйцеся ў кнізе рэвізій. Пасля гэтага адзін з іх патэлефанаваў начальніку і сказаў, што іх не пускаюць”, –  адзначыў Уладзімір Рамановіч.

 

“Кожны дзень расце напружанне. Падаецца, што ўлады рэальна занепакоены”, – сказаў ён.

 

Раней санітарныя службы Віцебска вынеслі прадпісанне Уладзіміру Рамановічу спыніць сваю дзейнасць з 17 чэрвеня. За тыдзень да гэтага ён атрымаў афіцыйны ліст аб тым, што да 10 ліпеня ён павінен пакінуць памяшканні, якія ён арандуе пад хостэл. Праблема заключаецца ў тым, што 8-14 ліпеня ў Віцебску пройдзе фестываль мастацтваў “Славянскі базар”, удзельнікі і гледачы якога загадзя замовілі нумары ў хостэле.

 

“Так, у апошні час праз валютны крызіс узнікалі праблемы з выплатай арэнднай платы. Але пратэрміноўкі складалі максімум 3-5 дзён, ды і ніякіх прэтэнзій ад яго не паступала. У прыватнай размове ён (арэндадаўца – БХД) абмовіўся, што прычына спынення дамовы не эканамічная. Ён узгадаў майго бацьку, які пасля выбарчай кампаніі 2006 году знаходзіцца за мяжой, і сказаў, што папрасілі, каб нас тут не было. Ён сказаў, што, калі б мы не ўлазілі, было б усё добра”, – адзначыў актывіст. 

Болей навін