Павел Севярынец: Гатовых удзельнічаць у акцыях пратэсту пакуль менш, чым гатовых гэтыя пратэсты падаўляць…

21 чэрвеня 2011 14:35  |  Навіны

Інтэрвію сустаршыні па стварэнні партыі БХД Паўла Севярынца газеце “Народная Воля”, прысвечанае акцыям, што адбыліся 19 чэрвеня роўна праз шэсць месяцаў пасля прэзідэнцкіх выбараў. 

 

19 чэрвеня ў цэнтры Мінску прайшло малітоўнае шэсце жанчын, апранутых у бела-чырвоную вопратку, прысвечанае паўгоду жорсткага разгону мірнай акцыі пратэсту на плошчы Незалежнасці.  У гэты ж дзень у цэнтры Наваполацка затрымалі трох актывістаў аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская дэакратыя”, якія збіраліся ўзяць удзел у маршы нязгодных, прымеркаваным да паўгадавіны прэзідэнцкіх выбараў.

 

Пракаменціраваць гэтыя падзеі “Народная Воля” папрасіла аднаго з сустаршыняў па стварэнні партыі Паўла Севярынца, асуджанага на 3 гады “хіміі”, які зараз знаходзіцца ў Віцебску ў чаканні выканання прысуду:

 

— Паказальна, што гэтыя акцыі ніхто не рыхтаваў загадзя. Яны прайшлі стыхійна. Малітва за палітвязняў ідзе з сэрца людзей, для гэтага ніякай арганізацыі не трэба.

 

— Вядома, што малітвы за палітвязняў распачаліся адразу пасля 19 снежня. Чаму зараз сілавікі звярнулі асаблівую ўувагу на гэтыя акцыі?

 

— Па-першае, зараз адчуваецца сацыяльная напружанасць. Улада імкнецца кантраляваць і разбураць усялікі супраціў. Гэта было відавочна і на нядаўніх акцыях маўчання, якія прайшлі нядаўна па ўсёй Беларусі. Улада гэтага апасаецца. Пакуль, асабліва ў рэгіёнах, гэтыя пратэсты малаколькасныя. Таму ў тым жа Наваполацку не абыйшлося без затрыманняў. На сённяшні дзень многія не задаволены ростам цэн і зніжэннем заробкаў. Але пакуль гатовых удзельнічаць у акцыях пратэсту менш, чым гатовых гэтыя пратэсты падаўляць…

Болей навін