Лідары БХД пра Васіля Быкава

22 чэрвеня 2011 15:26  |  БХД

22 чэрвеня – дзень памяці Васіля Быкава. У гэты дзень восем гадоў таму спынілася сэрца пісьменьніка, чый творчы і жыцьцёвы шлях застаецца прыкладам вернасьці праўдзе і адданасьці свайму народу. Лідары БХД Віталь Рымашэўскі і Павал Севярынец распавядаюць, як ацэньваюць творчасьць і грамадзкую дзейнасьць Васіля Быкава, што значыў  ён у іх лёсе.

Павал Севярынец:

“Быкаў быў вельмі сьціплым чалавекам, гэта вельмі беларуская якасьць і глыбока хрысьціянская. Быкаў не рэклямаваў сябе, не прэтэндаваў на нешта, проста пісаў праўду. У той час у савецкай Беларусі гэтага было дастаткова, каб, застаючыся сьціплым, стацца вялікім. У цэнтры быкаўскіх твораў заўсёды ахвяра. Мірныя ахвяры вайны, як у “Знаку бяды”, або байцы, якія ахвяруюць сабой дзеля іншых, як у “Сотнікаве”, у “Жураўліным крыку”. Чалавек, які грэбуе небясьпекай да жыцьця і пераадольвае страх сьмерці, бо адчувае, што па-над сьмерцю ёсьць нешта альбо нехта вышэйшы. Людзям, якія чытаюць Быкава, здаецца, што ўсё тут пэсымістычна, але пэсымізм Быкава зьвязаны зь ягоным глыбокім разуменьнем прыроды чалавека, грэшнай самой па сабе, схільнай да эгаізму, але таксама і да самаахвярнасьці. Быкаў асьвятляў пытаньні жыцьця і сьмерці, і больш нічога, таму вось гэты выбар, які чалавек урэшце робіць на карысьць ці то жыцьця ў ганьбе, ці то гераічнай сьмерці, такім і застаецца ў вечнасьці для чытачоў. Калі казаць пра чалавекацэнтрычны погляд, мы сапраўды бачым пэсымізм, бачым мяжу, канцовасьць, абмежаваньне чалавека — вось ён, калі ласка, экзыстэнцыйны сум, але, калі чытаць уважліва Быкава, асабліва найважнейшае, канцоўкі ягоных твораў, мы бачым, што Васіль Уладзімеравіч паказвае выйсьце, як у знакамітым прызыўным “Жураўліным крыку”, які прарываецца зь неба, як покліч да чалавека”.

 

Віталь Рымашэўскі:

“Я памятаю свой падлеткавы ўзрост, часы перабудовы, і — гэта, напэўна, была дзясятая кляса — я спрачаўся з сваім татам наконт слушнасьці тых ці іншых лёзунгаў палітычных, якія тады панавалі: нацыянальнае адраджэньне з аднаго боку, а з другога — агітацыя за Савецкі Саюз. І я памятаю добра, што казаў мой бацька: “Ну ведаеш, Віталь, усе яны прыгожа кажуць, невядома, каму верыць, таму што ўсе яны аднолькавыя”. І, ведаеце, я ўсур’ёз так паставіўся да татавых словаў, але потым яму запярэчыў, сказаўшы наступнае: “Ну ведаеш, вось з тымі, хто выступае за нацыянальнае адраджэньне, вельмі вядомыя людзі, у тым ліку Васіль Быкаў і іншыя, якія заўсёды выступалі за праўду і справядлівасьць. Я выбіраю быць зь імі”. І вось, я памятаю, з тых часоў для мяне постаць Васіля Быкава, ну і іншых вядомых пісьменьнікаў, якія тады далучаліся, вядомых людзей Беларусі, да нацыянальнага адраджэньня, яна сталася таксама пацьверджаньнем правільнасьці майго асабістага выбару, палітычнага, сьветапогляднага, які сфармаваў мяне як асобу, я думаю, канчаткова і вызначыў мой палітычны, як мінімум, лёс. Што ж тычыцца да дзяржавы, у дачыненьні да беларускай нацыі, беларускага народу, Васіль Быкаў  — гэта адзін з тых нямногіх людзей, якога можна назваць сумленьнем беларускай нацыі. І вось усё яго жыцьцё, усе яго словы, яны былі надзвычай актуальныя, калі ён жыў, ну і зьяўляюцца, як мы бачым ужо сёньня, прароцкімі ўва многім да нашых часоў. Таму, я думаю, Васіля Быкава трэба ня толькі шанаваць, як вялікага дзеяча мастацтва, літаратуры, але таксама як выбітную постаць беларускай нацыі. Яго словы надзвычай актуальныя. Калі ўдумацца ў сэнс гэтых словаў, то мы паглядзім, што многае з таго, што ён сказаў, мы нават, тыя,  хто выступае за дэмакратыю, ня толькі забыліся, але часта сёньня і папіраем. Я думаю, што ў гэтым наша бяда. Ён часта казаў пра фундамэнтальныя рэчы. Калі ня слухаць такіх людзей, як Васіль Быкаў, калі яго не перачытваць, ня ўдумвацца ў сэнс яго мастацкіх твораў, у сэнс яго словаў публіцыстычных, то ў беларусаў ня будзе ні нацыянальнай эліты, ні ў нацыі беларускай ня будзе будучыні. Таму Васіль Быкаў  — гэта сумленьне беларускай нацыі, і, я спадзяюся, што, гледзячы на яго прыклад, у нас будуць зьяўляцца і ў будучым і ў сучасным такія ж людзі”.

Болей навін