Прадстаўнікі БХД узялі ўдзел у акцыях негвалтоўнага пратэсту (Відэа, фота)
22 чэрвеня па ўсёй краіне прайшлі самаарганізаваныя акцыі негвалтоўнага пратэсту супраць рэжыму ў Беларусі. Сябры і прыхільнікі БХД удзельнічалі ў гэтых акцыях у Менску, Бабруйску, Берасці, Віцебску, Гародні, Кобрыне і іншых гарадах.
Нягледзячы на застрашванні, прэвентыўныя затрыманні, загарадкі і кардоны ў цэнтры Менску і іншых гарадоў Беларусі людзі выходзілі і выязжалі на сваіх аўто, сігналілі і пляскалі ў далоні. За гэта іх затрымлівалі, кідалі ў аўтазакі, збівалі і звозілі ў аддзяленні міліцыі.
У Менску акцыя распачалася а 19-й гадзіне. Загадзя спецслужбы перакрылі Кастрычніцкую плошчу, Аляксандраўскі сквер, плошчу Свабоды, на Купалаўскай і Кастрычніцкай станцыях метро не спыняліся цягнікі. Міліцыянты выціскалі людзей з Кастрычніцкай плошчы і праспекту Незалежнасці, затрымлівалі іх. Затым жорскія затрыманні працягнуліся на вуліцах Леніна, Энгельса, Нямізе і г.д. Аўтазакі, міліцэйскія аўтобусы езьдзілі па цэнтры сталіцы і рабілі зачыстку.
Так, паводле сьведчанняў відавочцаў, аўтазак проста ехаў па праспекце, а спецназаўцы ў чорнай форме ішлі побач, хапалі выпадковых мінакоў і запіхвалі іх у адчыненыя дзьверы. Як сьведчыць адна з затрыманых, у аўтазаку было шмат выпадковых людзей, прычым хлапцоў там збівалі.
Паводле звестак праваабаронцаў сёння ў Беларусі было затрымана каля 450 чалавек, у тым ліку больш за 200 у Менску. Затрыманых развезлі ў розныя РАУСы сталіцы, узялі адбіткі пальцаў і пачалі выпускаць.
Больш за 50 чалавек, сярод якіх былі сябры БХД і сваякі палітвязьняў, пасля акцыі традыцыйна сабраліся ля Чырвонага касьцёла на плошчы Незалежнасці, каб запаліць свечкі свабоды і памаліцца за тых, хто ўжо нявінна асуджаны, і тых, каго затрымалі толькі што. Жанчыны і моладзь у бел-чырвона-белых шаліках, з бела-чырвонымі парасонамі спявалі і ўзносілі малітвы да Бога за свабоду Беларусі.
Супрацоўнікі спецслужбаў як заўжды здымалі малітоўную акцыю на відэа, але нават нягледзячы на бел-чырвона-белыя стужкі разганяць малітоўнікаў ля касьцёла не наважыліся.
Сябры аргкамітэту БХД заклікаюць усіх людзей далучацца ня толькі да акцыяў негвалтоўнага пратэсту па серадах, але і да малітоўных акцыяў ля Чырвонага касцёлу ў Менску, якія распачынаюцца а 20-й гадзіне і праходзяць штодня ўжо больш за 5 месяцаў, а таксама заахвочваюць распачынаць такія малітоўныя акцыі ў іншых гарадах Беларусі.