У Кобрыне на акцыі пратэсту аштрафавалі актывіста БХД
У Кобрыне 22 чэрвеня падчас акцыі маўклівага пратэсту супрацоўнікі міліцыі затрымалі і аштрафавалі на 5 тысячаў рублёў мясцовага актывіста аргкамітэту БХД і старшыню гарадской арганізацыі “Маладога Фронту” Станіслава Кучынскага.
За некалькі гадзін да таго яго выклікалі ў Кобрынскі міжраённы аддзел КДБ . Гутарка працягвалася каля дзвюх гадзін. Супрацоўнікаў КДБ цікавіла, ці прыме ўдзел у акцыі маўклівага пратэсту ён сам ці хто іншы. У канцы размовы Станіслаў Кучынскі быў папярэджаны аб магчымых наступствах свайго ўдзелу.
Агулам у акцыі ўдзельнічала каля 60 чалавек проці 30 чалавек 15 чэрвеня. “Гэта нармалёва для Кобрына. Было дастаткова шмат міліцыі, два чалавекі з камерамі. Дэманстратыўна перад плошчай быў пастаўлены аўтазак. Я нават не ведаў, што ў Кобрыне ён ёсць. Да яго вадзілі людзей для праверкі дакументаў, некалькі чалавек затрымалі. Міліцыянты былі разгубленыя, не ведалі, што казаць і рабіць. Наогул акцыя прайшла без гвалту”, – адзначыў сустаршыня аргкамітэту БХД Георгі Дзмітрук, які прыняў удзел у акцыі.