Менгарвыканкам не дазволіў БХД праводзіць пікет (Аўдыё)
Прадстаўнікі аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя” атрымалі адказ з Менгарвыканкаму на заяўку аб правядзенні ля Камароўскага рынку пікету ў падтрымку палітвязняў і патрабавання правядзення свабодных выбараў.
Улады лічаць яго правядзенне немэтазгодным з прычыны таго, што пікет будзе перашкаджаць людзям хадзіць, а крамам працаваць. “Гэта відавочная бязглуздзіца і чарговае парушэнне закону. Але для нас гэтая адмова не стала нечаканасцю. Зразумела, што ўлада будзе намагацца забараняць усе нашы пікеты”, – адзначыў адказны сакратар БХД Дзяніс Садоўскі.
“Мы абавязкова будзем працягваць і надалей падаваць заяўкі на правядзенне па ўсёй краіне 100 пікетаў за вызваленне палітвязняў. Мы будзем шукаць тыя месцы, дзе шмат людзей, але, дзе няма крамаў, метро і іншага, чаму мы маглі б “перашкаджаць”. І змагацца за гэта мы будзем ажно да падачы справаў у суд”, – паведаміў палітык.
Ён таксама адзначыў, што сябры БХД распачалі па ўсёй краіне збор подпісаў за вызваленне палітвязняў.
З нагоды адмовы ў правядзенні пікета ў падтрымку палітвязьняў, Садоўскі, які быў заяўнікам гэтага пікету, даў таксама інтэрв’ю радыё “Рацыя”:
“Гэта бязглудзіца і чарговае парушэнне закону. І гэта не стала для нас нечаканасцю, зразумела, што ўлады будуць перашкаджаць нашай дзейнасці і надалей. Але мы не збіраемся спыняць нашую кампанію. Пікеты, якія мы планавалі правесці мы будзем намагацца іх праводзіць. Будзем шукаць у Мінску месцы, якія з аднаго боку шматлюдныя, але з іншага ніяк не падпадаюць ні пад адну забарону і нікому не будуць перашкаджаць і ўжо ў гэтых месцах будзем дабівацца да апошняга, каб нам дазволілі правядзенне пікетаў ажно да падання ў суд на Менгарвыканкам”.
Нагадаем, на мінулым тыдні прадстаўнікі Партыі БХД заявілі, што збіраюцца па ўсёй краіне правесці 100 пікетаў за вызвалення палітычных зняволеных з беларускіх турмаў. У часе пікетавання хрысціянскія дэмакраты маюць намер падрабязна распавесці прысутным пра кожнага з асуджаных па падзеях 19 снежня і запатрабаваць іх неадкладнага апраўдання.